У Латвіі 9 траўня стане Днём памяці ахвяраў ва Украіне

У Латвіі 9 траўня гэтага года вызначана як Дзень памяці ахвяр і загінулых ва Украіне. Але толькі сёлета.

publika.md

publika.md

Сейм Латвіі ў чацвер, 7 красавіка, прыняў у канчатковым чытанні адпаведны закон. Ён будзе дзейнічаць толькі сёлета.

У дакуменце гаворыцца, што 9 траўня на будынках, якія належаць дзяржаве, прыватным і юрыдычным асобам, на жылых дамах, а таксама побач з рэзідэнцыяй прэзідэнта Латвіі, на галоўным будынку Сейма і Кабінета міністраў павінны быць вывешаныя дзяржаўныя сцягі Латвіі з жалобнай стужкай. Побач з гэтым сцягам мусіць быць размешчаны ўкраінскі сцяг.

У гэты дзень дзяржустановы краіны не павінны праводзіць масавыя святочныя мерапрыемствы, а калі на такія ўжо былі выдадзеныя дазволы, то іх трэба адмяніць.

Органы мясцовага самакіравання могуць прыняць рашэнне аб забароне правядзення сходу, шэсця або пікету, акрамя выпадкаў, калі мэта мерапрыемстваў — выказаць смутак у дзень памяці. Акрамя таго, 9 і 10 траўня 2022 года дэпутаты ўвялі забарону на выкарыстанне піратэхнікі.

Мэта закона — прыцягнуць увагу латвійскага грамадства да вайсковай агрэсіі, ініцыяванай Расіяй ва Украіне, і праявіць салідарнасць з украінскім народам у барацьбе за суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць краіны.

Паводле www.bbc.com