Жазэп Барэль: «Вайна будзе выйграная на полі бою»
Еўрапейскі палітык даў брыфінг пасля паездкі ва Украіну.
Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль даў брыфінг па выніках сваёй паездкі ва Украіну, якую наведаў разам з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляйен. Яны сустрэліся з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім і прэм'ер-міністрам Дзянісам Шмыгалём, а таксама наведалі Бучу.
Паводле слоў Барэля, яны вярнуліся вельмі прыгнечанымі.
«Мы сталі сведкамі таго, што там адбываецца, жорсткай агрэсіі расійскіх войскаў супраць грамадзянскага насельніцтва. Мы вярнуліся вельмі прыгнечанымі пасля ўбачанага», — прызнаўся ён.
Ён пацвердзіў свае словы пра тое, што вайна ва Украіне «будзе выйграная на полі бою».
«Звычайна войны выйграюцца або прайграюцца на палях бітваў. Так», — заявіў ён, адказваючы на адпаведнае пытанне.
Барэль нагадаў, што падчас візіту прадстаўніцтва ЕС вярнулася ў Кіеў.
«Мы збіраемся абмеркаваць, як мы можам лепш падтрымаць украінскі народ, а таксама як мы можам падтрымаць Міжнародны крымінальны суд. Я толькі што сустракаўся з пракурорам, спадаром Карымам Ханам. Мы будзем аказваць як мага больш падтрымкі праз нашу місію пракурорам — як украінскім, так і пракурорам МКС», — запэўніў ён.
Паводле слоў вярхоўнага прадстаўніка, таксама абмяркоўваліся іншыя пытанні, у тым ліку стратэгія «Global Gateway».
«Як мы можам лепш супрацоўнічаць па ўсім свеце з нашымі краінамі-аднадумцамі і як мы можам падтрымаць іх, каб супрацьстаяць эканамічнаму крызісу, які набліжаецца. Таму што ўсім давядзецца сутыкнуцца з наступствамі гэтай вайны — не санкцый, а менавіта вайны, — у плане росту цэн на энерганосьбіты і прадукты харчавання», — лічыць ён.
Ён выказаў занепакоенасць колькасцю расійскіх войскаў на ўсходзе Украіны.
«Я баюся, што расійскія войскі назапашваюцца на ўсходзе, каб пачаць наступ на Данбас. Мы вельмі добра ведаем пра гэта. Я баюся, што ў бліжэйшыя дні вайна на Данбасе ўзмоцніцца», — мяркуе Барэль.
Паводле reform.by.