Смута ў гісторыі і мастацтве

У адной са сваіх прыпевак пра падзеі Смутнага часу ў Расіі расійскі ж паэт-постмадэрніст Сяргей Сацін іранізуе з нагоды метадалогіі стварэння гістарычных міфаў: «Шли поляки тёмным лесом// За каким-то интересом,// Гида, Глинку и царя// Хором злобно матеря». (На выяве: Абраз Маці Божай Казанскай, XVI ст)



c0d0e461de8d0024aebcb0a7c68836df.jpg

У адной са сваіх прыпевак пра падзеі Смутнага часу ў Расіі расійскі ж паэт-постмадэрніст Сяргей Сацін іранізуе з нагоды метадалогіі стварэння гістарычных міфаў: «Шли поляки тёмным лесом// За каким-то интересом,// Гида, Глинку и царя// Хором злобно матеря».

(На выяве: Абраз Маці Божай Казанскай, XVI ст)


А ці быў Сусанін?
Ці існаваў у лютым 1613 года атрад войска Рэчы Паспалітай, ці ішоў ён на злом галавы да добра абароненай Кастрамы, дзе разам са сваёй маці-інакіняй Марфай у Іпацеўскім манастыры знаходзіўся новаабраны маскоўскі цар Міхаіл Раманаў? Ці сапраўды здзейсніў свой подзвіг Іван Сусанін, завёўшы ворагаў туды, адкуль яны па ўласных жа слядах на снезе не здолелі выйсці?
Станоўча адказаць на гэтыя пытанні (пасля спецыяльнага даследавання гісторыка Кастамарава, выдадзенага яшчэ ў 1862 годзе) можа хіба што наіўны чалавек, які мяркуе, што навіны пра цара і дзеянні яго ворагаў у пачатку XVII стагоддзя трансляваліся па тэлебачанні або друкаваліся ў газетах.
Ніхто не адмаўляе мастацкіх вартасцяў оперы «Смерць за цара» Міхаіла Глінкі і іншага творчага набытку папулярнай містыфікацыі, галоўным аўтарам якой стаў хітры Багдашка Сабінін — зяць Сусаніна. Ён чакаў аднаразовай узнагароды. А тут такая ўдача: прывілей на пазбаўленую ад падаткаў «на вякі вечныя» і дараваную сям’і ў 1619 годзе вёску Дамніно (ажно ў 1837 годзе апошні раз пацвярджаў яго спадкаемцам сам імператар Мікалай І).
Не чакалі такой пашаны і ўдзельнікі другога народнага рушэння («апалчэння») смутных часоў пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага, якія 22 кастрычніка (старога стылю) 1612 года сталі пад сценамі маскоўскага Крамля, захапіўшы ў той дзень прылеглы да яго Кітай-горад. У той жа час, побач, праз сцяну ад іх, у Крамлі ў цэнтры Масквы галадавалі іх будучы гаспадар Міхаіл Раманаў разам з маці і баярскімі сем’ямі, з вернымі іншаземцам і прызнаным 17 (27) жніўня 1610 маскоўскім царом каралевічам Рэчы Паспалітай Уладзіславам Жыгімонтавічам. Да канца Смуты ў падзеленай праз баярскія спрэчкі краіне заставаўся яшчэ ладны кавалак часу.
Першая расійская грамадзянская
Калі пяць гадоў таму ў Расійскай Федэрацыі запачаткавалі новае свята — Дзень народнага адзінства 4 лістапада, у афіцыйных дакументах сцвярджалася, што ў гэты дзень адзначаецца «гадавіна вызвалення Масквы ад польскіх інтэрвентаў і заканчэнне Смуты». Хаця значна лагічней было б дасягненне народнага адзінства паставіць у звязак, і то вельмі ўмоўна, з пачаткам другога народнага рушэння, што складалася пад кіраўніцтвам земскага старасты Кузьмы Мініна ў Ніжнім Ноўгарадзе ў верасні 1611 года. А заканчэнне Смуты звязаць з рэальным заканчэннем вайсковых канфліктаў унутры краіны і на знешніх франтах, са Швецыяй і Рэччу Паспалітай, а менавіта не раней Дэулінскага замірэння Масквы з Рэччу Паспалітай у снежні 1618 года. Гэта замірэнне, заключанае на 14,5 гадоў, прызнаючы за ВКЛ адваяванае права на Смаленскія землі, не перашкаджала каралевічу Уладзіславу і надалей намінавацца маскоўскім царом, што ён і рабіў да 1634 года.
Дарэчы, згода розных частак Маскоўскай дзяржавы пад «скіпетрам» новай дынастыі Раманавых прыйшла не адразу.
Не выпадае звязаць канец Смуты XVII стагоддзя і з абраннем Земскім саборам вялікага князя маскоўскага Міхаіла. Абралі яго 7 лютага 1613 года, а абвясцілі толькі праз два тыдні. З меркаванняў бяспекі. Бо — Смута. Сабор гэты, паводле адрэдагаванай «раманаўскай» гісторыі, з’яўляецца «ўпершыню на Маскоўскай Русі сходам прадстаўнікоў усіх саслоўяў». Аднак у яго працы не бралі ўдзелу прадстаўнікі многіх гарадоў цэнтра і поўдня Расіі, Наўгародскай, Пскоўскай і Бельскай земляў, якія на той час і не прызналі панавання Раманавых.
Краіна заставалася падзеленай групавымі інтарэсамі. Таму і ўзніклі абмежавальныя ўмовы панавання новаабранага манарха, прапанаваныя быццам групоўкай патрыярха Філарэта (Фёдара Нікіціча Раманава), бацькі Міхаіла Раманава і стрыечнага брата сына Івана Жахлівага Фёдара Іаанавіча.
Формула абмежавання давала шанец грамадзянскаму міру: «Даць поўную хаду правасуддзю па старых законах краіны; нікога не судзіць і не асуджаць вышэйшаю ўладаю». Быць абранымі на саборы прэтэндавалі і Шуйскі, і Варатынскі, і Трубяцкой. А амністыя і замірэнне патрабавалася ці не ўсім. Таму што, паводле большасці гісторыкаў, Смута была першай расійскай грамадзянскай вайной, ускладненай барацьбой баярскіх груповак, народнымі хваляваннямі, апеляцыямі да знешніх сіл, што правакавалі ўмяшанне з боку Рэчы Паспалітай і Швецыі.
Варыянты аднаўлення дынастыі
Васіль Шуйскі ў лютым 1609 года шукаў згоды з Карлам ІХ, атрымліваючы дапамогу наёмнага войска Дэлагардзі супраць «тушынскага цара» Ілжэдзмітрыя ІІ. Дзмітрый Пажарскі, рухаючыся ад Ніжняга да Масквы, падчас затрымкі ў Яраслаўлі ў красавіку-ліпені 1612 года паспеў празандзіраваць і шведскі (з каралевічам Карлам-Філіпам) і габсбургска-нямецкі варыянт аднаўлення дынастыі ў Маскве. «Сямібаяршчына», якая скінула Шуйскага, складзеная з прадстаўнікоў старэйшых баярскіх родаў (Мсціслаўскі, Трубяцкой, Раманаў, Абаленскі, Галіцын, Шарамецеў, Лыкаў), з лета 1610 па восень 1612 фактычна рэпрэзентавала інтарэсы Уладзіслава Жыгімонтавіча (з умовай прыняцця ім праваслаўнай веры).

Цар Дзмітрый самазванец


Узвышэнне самога ідэолага будучай 300-гадовай дынастыі — Філарэта Раманава — поўнае дэтэктыўнымі паваротамі. Тут і яго змаганне з Гадуновымі (гіпатэтычна — атручэнне Барыса, забойства яго сына Фёдара). І прызначэнне растоўскім мітрапалітам праз Ілжэдзмітрыя І у 1605 годзе. І яго служба «маскоўскім патрыярхам» у тушынскім лагеры Ілжэдзмітрыя ІІ у 1608–1610 гадах. І ўдзел у «Вялікім пасольстве» ад імя Сямібаяршчыны да Жыгімонта ІІІ Вазы пад Смаленск у 1610 годзе з мэтай прызнання царом сына Жыгімонта — Уладзіслава. Што, праўда, скончылася затрыманнем Філарэта ў палоне на некалькі год.
Казанская Божая Маці
Калі зверыцца з ходам гістарычных падзей часоў Смуты, новая святочная дата ў РФ не мела ў іх чарадзе такога сімвалічнага сэнсу. Задушаны голадам у аблозе гарнізон войска Рэчы Паспалітай і баярскі ўрад пакінулі маскоўскі Крэмль не 22 кастрычніка па юліянскім календары (1 лістапада 1612 года па грыгарыянскім), а 26–27 кастрычніка (5–6 лістапада). Гэта зараз, улічваючы нарастанне каляндарнай розніцы, дата 22 кастрычніка старога стылю супала з 4 лістапада.
На самай справе, 22 кастрычніка святкуецца дзень Казанскай Божай Маці. Абраза, спіс якога, зроблены са з’яўленага ў 1579 годзе арыгінала, у якасці апякуна-паладыума мела з сабой у 1612 годзе ў Маскве войска Мініна і Пажарскага.
Штурм Кітай-горада меў свайго нябеснага заступніка, але, як не дзіўна гэта падасца сёння, не Казанскі абраз. Паводле сведчання інфармаванага сучасніка, келара Троіца-Сергіеўскага манастыра Аўраама Паліцына ў яго «Сказанні пра Смуту», як верылі ўдзельнікі падзей, ён быў прадказаны Сергіем Раданежскім, які напярэдадні цудоўна з’явіўся «крамлёўскаму старцу» Арсенію, архіепіскапу пры Архангельскім крамлёўскім саборы, усыпальніцы маскоўскіх Рурыкавічаў.
Вызваленне Крамля масквічы адзначылі 1 (11) лістапада крыжовым ходам пад апекай не Казанскай, а Уладзімірскай Божай Маці, галоўнай рускай святыні, «цудоўна захаванай» пры іншаверцах і вынесенай да вернікаў з крамлёўскага Успенскага сабора.
Што ж да Казанскай Божай Маці, то яе шанаванне пачаў мэтанакіравана падтрымліваць Дзмітрый Пажарскі, змясціўшы ў сваім маскоўскім прыходзе. З ініцыятывы Пажарскага ў 1613 годзе Міхаіл Раманаў і яго маці Марфа блаславілі мясцовае, лакальнае святкаванне Казанскай Божай Маці 8 ліпеня і 22 кастрычніка, «како очистися Московское государство» ад непрыяцеля.
Пазней вялікі князь Міхаіл і яго бацька, патрыярх Філарэт, вярнуўшыся ў 1619 годзе з «польскага палону», фундавалі асобны храм Казанскай Божай Маці «ў Кітай-горадзе ля сцяны» — ужо ўвосень 1632 года. І матывы зразумелыя: у жніўні пачынаецца вайна Масковіі супраць ВКЛ за Смаленск (1632–1634), праўда, няўдалая, дзе «пуцевадзіцельніцай» войска была абвешчана Казанская Божай Маці.
Канчаткова культ гэтага абраза зрабіўся ў Расіі агульнанацыянальным і звязаўся з дынастыяй Раманавых пасля нараджэння ўжо ў Аляксея Міхайлавіча Раманава 22 кастрычніка 1648 года, на восеньскую Казанскую, першынца Дзмітрыя.
Так у пачатку ХХІ стагоддзя новае свята Расіі прыпала на гадавіну аднаго з эпізодаў Смутнага часу, асвечанага пазней усталяваным культам, з папраўкай на каляндарныя разбежкі нашага часу — 4 лістапада.
Асвечаная мастацтвам
Эпоха Смуты ўвайшла ў еўрапейскую гісторыю ў значнай ступені праз асвечаны мастацтвам манархічны раманаўскі міф («Жыццё за цара» М. Глінкі) і помнікі літаратуры, звязаныя з «дзімітрыядай».
Падзеі ў Расіі хвалявалі еўрапейцаў. У 1617 годзе постаць Ілжэдзмітрыя з’явілася ў п’есе «Вялікі князь Маскоўскі» слыннага іспанскага драматурга Лопэ дэ Вега (1562–1635). Твор перакладзены і надрукаваны па-руску ў 1999 годзе. У 1805 годзе перад самай смерцю напісаў п’есу пра рускую Смуту, «Дземетрыуса», Фрыдрых Шылер, даводзячы дзею да забойства Ілжэдзмітрыя І падчас бунта ў Маскве 17 (27) мая 1606 года, пасля 11 месяцаў панавання (дарэчы, 10 гадоў таму рэжысёр Барыс Луцэнка паставіў гэту п’есу на сцэне Рускага тэатра ў Мінску).
Іншая, літаратурызаваная манархічная версія гісторыі Смуты, ад смерці Барыса Гадунова ў 1605-м да ўцаравання ў 1613 годзе Міхаіла Раманава і ўрачыстага вяртання ў 1619 годзе з палону ў Рэчы Паспалітай Філарэта Раманава, створана «Паўночным Расінам» Аляксандрам Сумарокавым (1718–1777). Яна адлюстравана ў яго «Кароткім Маскоўскім Летапісцы», пісаным па заказе царыцы Елізаветы, і ў п’есе «Дзмітрый Самазванец».
Нарэшце, драматычную тэму дэлігітымізацыі «злачыннай» улады (дзе «хлопчыкі крывавыя ў вачах»), народнага бунту і ўмяшання знешніх сіл на фоне грамадзянскага непарадку ў краіне намаляваў у «Барысе Гадунове» Аляксандр Пушкін.
Беларускі след
Асноўныя падзеі Смуты цесна звязаныя з гісторыяй Беларусі: тут і падтрымка Жыгімонтам ІІІ Вазай разам з часткай магнатаў Рэчы Паспалітай фармавання войска Ілжэдзмітрыя І ў 1604 годзе. І само паходжанне абодвух Ілжэдзмітрыяў. Першага з іх звязваюць з шляхецкай сям’ёй выхадцаў з Беларусі Нялідавых. Другі, па розных звестках, упершыню з’яўляецца на старонках гісторыі як настаўнік у Шклове ці Магілёве або як шпег, арыштаваны ў Прапойску.
Нельга прамінуць і трагічных эпізодаў удзелу ў замежных падзеях і авантурах беларускіх шляхціцаў, з якіх самы страшны — галадаванне ў абложаным Крамлі польска-беларускага гарнізона, што капітуляваў перад войскам Мініна—Пажарскага 26–27 кастрычніка 1612 года на ўмове захавання жыцця, выкананай толькі часткова.
У той момант адным палком войска Вялікага княства Літоўскага ў Маскве камандаваў палкоўнік Язэп Будзіла, харунжы Мазырскі. Сасланы ў Ніжні Ноўгарад, ён пакінуў «Дыярыуш» (дзённік) з вусцішнымі сцэнамі людажэрства сярод абложаных: «Трускоўскі, паручнік пяхоты, двух сыноў сваіх з’еў, гайдук адзін таксама сына з’еў, другі — сваю матку; таварыш таксама адзін слугу з’еў свайго; адным словам, сын бацьку, бацька сыну не даваў літасці; пан для слугі, слуга для пана не быў бяспечны; хто каго ўвогуле змог, той таго з’еў, здаравейшы слабейшага забіў» (пераклад Алега Дзярновіча).
На чале другога палка стаяў палкоўнік Эразм Стравінскі са шляхты Мінскага і Мсціслаўскага ваяводстваў. Менавіта ім на падмогу спазнілася на 1 дзень 10-тысячнае войска Вялікага гетмана ВКЛ Яна Хадкевіча.

Партрэт Яна Хадкевіча, перад 1621, Крэтынга, касцёл


Сведкі эпохі
На заканчэнне — пра некалькі унікальных сведак эпохі, твораў ананімных польскіх і беларускіх жывапісцаў, захаваных у Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве і адну работу мастака Шымана Багушовіча ў будапешцкім музеі, што далучаецца да маскоўскіх. Пяць сцэн — на іх сюжэты ад абвяшчэння шлюбу Марыны Мнішак з Дзмітрыем у Кракаве, да прыёму Ілжэдзмітрыем І пасольства Рэчы Паспалітай у Гранавітай палаце ў Маскве, урачыстага спаткання Марыны каля Масквы (на пачатку мая) і каранацыі яе маскоўскай царыцай — 8 (17) мая 1606 года. Усяго за 10 дзён да таго, як у імклівым маскоўскім паўстанні яе муж будзе забіты, а яна — высланая з Масквы.
І яшчэ шлюбна-каранацыйны партрэт Марыны, той самай, у вусны якой Пушкін уклаў ганарлівыя словы «Знай: отдаю торжественно я руку// Наследнику московского престола,// Царевичу, спасенному судьбой». Карціны ў свой час былі перададзены з замка ў Вішняўцы праз кіеўскага генрал-губернатара Аляксандра Дандукова-Корсакава Аляксандру ІІІ, а ім — у Імператарскі гістарычны музей. Іх мастацка-гістарычнае прызначэнне было абессмяроціць для нашчадкаў падзею — унію Рэчы Паспалітай з Масквой, якая магла здзейсніцца пры пэўным збегу абставін. Але ў тых гістарычных умовах палітычнаму альянсу не было наканавана здзейсніцца.

Каранацыя (вянчанне) Марыны Мнішак (фрагмент), пач. XVII cт., ДГМ у Маскве


Перад каранацыяй абрады прычашчэння і памазання на царства над Марынай здзейснілі па праваслаўнаму абраду, а ў дні паўторных (пасля Кракава) заручын, каранавання і вянчання на Мнішкавай дачцэ была падкрэслена рускага крою вішнёвая сукенка, абсыпаная перламі і каштоўнымі камянямі.

Партрэт Марыі Мнішак, пач. XVII cт.,
са збораў на Вавелі ў Кракаве, спрошчаная
і зменшаная рэпліка ў тонда ёсць
у ДГМ у Маскве

 

Сустрэча Марыны Мнішак і яе світы пад Масквой у маі 1606 г., пач. XVII cт., ДГМ у Маскве


На шлюбнай бяседзе Марына, яе сужэнец і паслы Рэчы Паспалітай упершыню ў Маскве карысталіся відэльцамі, і гэта засталося хіба адзіным іх рэальным унёскам у будучае жыццё Расіі. Але навіну на Маскве патлумачылі як кепскі знак — «рагатыя» сталовыя прыборы чужынцаў падаліся тамтэйшым баярам, якія ежу бралі рукамі, д’ябальскай адзнакай. Ну як не злыдні — а яшчэ на вянчанні ва Успенскім саборы Марыны і Ілжэдзмітрыя І апошні загадаў Васілю Шуйскаму паправіць венцаноснай сям’і ногі — за гэтую ганьбу старэйшы баярын і наступны цар паквітаўся з самазванцам праз некалькі дзён.
Але на карцінах — эпізоды яшчэ пачатку Смуты, у якой, у адрозненне ад міфічнага атраду, «знішчанага» Сусаніным, Марыне, што зрабілася закладніцай свайго царскага статусу, было суджана насамрэч страціць і першага мужа, і, наступнага, Ілжэдзмітрыя ІІ.
А затым і трэцяга, данскога казацкага атамана Івана Заруцкага, з якім яна няўдала спрабавала засцерагчыся ад Раманавых у Астрахані, варожай Маскве. Разам з ім у 1614 годзе быў пакараны смерцю яе чатырохгадовы сын, небяспечны ўладам Масквы як «нашчадак злодзея», і, зразумела, як патэнцыйны чарговы Рурыкавіч. Праз год у вязніцы, у вежы каломенскага крамля загадкава, але толькі для наіўных, памерла і царыца Марына. Каранаваных канкурэнтаў у Міхаіла Раманава не засталося.