1013-ты дзень вайны. Зяленскі: украінскай арміі не хапае сілаў для вяртання акупаваных тэрыторый, патрэбнае дыпламатычнае рашэнне
У Цярнопалі «шахед» трапіў у пяціпавярховік. Загінуў мужчына. Яго жонка цяжка параненая. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
У Цярнопалі «шахед» трапіў у пяціпавярховік, загінуў адзін чалавек
У Цярнопалі на захадзе Украіны расейскі «шахед» або яго абломак трапіў у жылы пяціпавярховік, мясцовыя ўлады паведамляюць пра аднаго загінулага і некалькіх параненых.
Кіраўнік Тэрнопальскай абласной адміністрацыі Вячаслаў Негода напісаў:
«Ёсць адзін загінулы. Гэта 45-гадовы жыхар горада Цярнопаль. Таксама 4 жыхары гэтага дома параненыя. Адзін чалавек, а менавіта жонка загінулага — цяжка параненая. Яна атрымала цяжкія апёкі», — распавёў Негода.
Канцлер Германіі Олаф Шольц прыбыў з візітам у Кіеў
Гэта першая паездка Шольца ва Украіну з чэрвеня 2022 года.
«Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім я абвяшчу аб далейшых пастаўках узбраенняў на суму 650 мільёнаў еўра, якія павінны быць дастаўлены да канца снежня», — заявіў канцлер Германіі Олаф Шольц.
Нямецкая ваенная дапамога, якая будзе прадастаўлена Ўкраіне ў снежні, уключае сістэмы СПА IRIS-T, танкі Leopard і беспілотнікі, заявіў прадстаўнік міністэрства абароны краіны. Пра гэта піша Бі-бі-сі.
"Зіма ўжо не за гарамі, таму будзе і зімовы рыштунак, а таксама ручная зброя і сагравальныя прылады", — заявіў прадстаўнік ведамства ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як канцлер Олаф Шольц заявіў аб далейшых пастаўках узбраенняў на суму 650 мільёнаў еўра.
Зяленскі: украінскай арміі не хапае сілаў для вяртання акупаваных тэрыторый, патрэбнае дыпламатычнае рашэнне
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што УСУ не хапае рэсурсаў для таго, каб вызваліць акупаваныя тэрыторыі. Аб гэтым ён сказаў у інтэрв'ю Kyodo News. Ён дапусціў магчымасць дыпламатычнага вырашэння канфлікту, але толькі пры гарантыі ненападзення Расіі.
«У нас не хапае сіл, каб вярнуць Крым. У нашай арміі зараз недастаткова сіл, так і ёсць. Так, трэба знайсці дыпламатычнае рашэнне. Але толькі пасля таго, як мы зразумеем, што мы настолькі моцныя, што [гарантуем, што] яны не пачнуць новую агрэсію, то можна будзе думаць пра іншыя дыпламатычныя крокі», — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю японскім журналістам.