1042-гі дзень вайны: Паўночная Карэя страціла першую тысячу вайскоўцаў у вайне ва Украіне

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Расійскія войскі спрабуюць атакаваць украінскія пазіцыі па ўсёй лініі фронту, самая цяжкая сітуацыя на Пакроўскім, Ліманскім і Курахоўскім кірунках; усяго за суткі адбылося 168 боесутыкненняў, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ па стане на раніцу 31 снежня.

На Пакроўскім кірунку ўкраінскія абаронцы спынілі 40 штурмавых і наступальных дзеянняў расійцаў.

На Курахоўскім кірунку сілы абароны адбілі 21 атаку. На Врэмаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 штурмаў украінскіх пазіцый. На Купянскім кірунку за суткі адбылося 16 атак. На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 22 разы, у Курскай вобласці Расіі ўкраінскія абаронцы адбілі 17 атак войска РФ.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што перад Новым годам расійцы значна ўзмацнілі спробы наступу ў 6 раёнах Украіны. Аднак вялікай карысці гэтыя наступальныя дзеянні не прынеслі, а ўкраінскія вайскоўцы аднаўляюць свае пазіцыі ў некаторых кропках фронту.

Так сілы абароны Украіны аднавілі раней страчаныя пазіцыі каля Часавага Яра, Тарэцка і Пакроўска. Разам з тым фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў у Курскай вобласці, пад Курахава, Вугледарам, а таксама паблізу Тарэцка і Пакроўска. 

Войскі РФ нядаўна прасунуліся ў раёне галоўнага «ўкраінскага плацдарма» ў Курскай вобласці, — у паўночна-ўсходняй частцы Махноўкі (на паўднёвы ўсход ад Суджы) і захапілі Чаркаскую Канапельку (на паўднёвы ўсход ад Суджы). У ISW дадаюць, што гэта, верагодна, адбылося не на працягу апошняга дня.

29 і 30 снежня расійскія акупанты працягвалі штурмавыя дзеянні на Харкаўскім кірунку, але не прасунуліся. 30 снежня расійцы наступалі на лініі Купянск — Сватава — Крэменная, але таксама не прасунуліся.

Расійскія крыніцы працягвалі сцвярджаць, што войскі РФ нібыта захапілі Іванаўку і амаль захапілі Церны, але адзін расійскі блогер распавядаў, што за Іванаўку працягваюцца баі, і назваў заявы аб захопе Цернаў заўчаснымі. Эксперты ISW не маюць пацвярджэння аб акупацыі расійцамі ні Цернаў, ні Іванаўкі.

30 снежня войскі РФ працягвалі наступальныя дзеянні на Северскім кірунку, але не прасунуліся.

Сілы абароны Украіны аднавілі раней страчаныя пазіцыі ў цэнтры Часавага Яру. Украінскія абаронцы прасунуліся на вуліцу Георгія Дуброўскага ў цэнтры горада.

УСУ аднавілі страчаныя пазіцыі на паўночным захадзе Тарэцка, на вуліцы Рыгора Скаварады. Іншыя геалакацыйныя кадры сведчаць, што войскі РФ прасоўваліся ў паўночна-заходняй і заходняй частках Тарэцка.

На Пакроўскім кірунку фіксавалася прасоўванне як Сіл абароны Украіны, так і расійскіх захопнікаў. УСУ адбілі пазіцыі на ўсход ад Пяшчанага (на поўдзень ад Пакроўска), а войскі РФ прасунуліся на паўночны захад ад Дачанскага (на поўдзень ад Пакроўска) і на захад ад Пяшчанага.

* * *

Міністэрства абароны Злучаных Штатаў Амерыкі (ЗША) не бачыць значнай эфектыўнасці ва ўдзеле вайскоўцаў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) у баях у Курскай вобласці супраць УСУ. Затое паўночнакарэйскія сілы нясуць істотныя страты, заявіла намесніца прэс-сакратара Мінабароны ЗША Сабрына Сінгх падчас брыфінгу ў Вашынгтоне.

Прадстаўніца амерыканскага абароннага ведамства адзначыла, што Пентагон згаджаецца з нядаўна абвешчанай адміністрацыяй прэзідэнта Байдэна ацэнкай адносна колькасці страт з боку салдат КНДР у Курскай вобласці — прыкладна 1000 салдат (КНДР) былі забітыя або параненыя ў раёне Курска.

Намеснік спікера Пентагона дадала, што атакі з боку паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у гэтым рэгіёне «не аказваюцца значна эфектыўнымі».

* * *

470535562_946083064371439_1667444555524044721_n.jpg

* * *

Пад раніцу 31 снежня расійскія войскі ўжылі супраць украінскіх гарадоў ракеты. Выбухі чулі ў Кіеве, таксама вораг нанёс удар па Шостцы Сумскай вобласці. У Шостцы разбураныя асобныя аб'екты інфраструктуры. Пашкоджаны 12 шматпавярховых жылых дамоў, 2 адукацыйныя ўстановы.

У Кіеве ў выніку ракетнага ўдару зафіксавана падзенне абломкаў у Дарніцкім раёне сталіцы Украіны. Пашкоджаны 3 прыватныя будынкі і 2 аўтамабілі.

* * *

Расійскае Мінабароны заявіла, што цягам мінулай ночы СПА нібыта знішчылі 68 украінскіх беспілотнікаў над тэрыторыяй РФ і часова акупаванага Крыма.

Паведамляецца, што 25 БПЛА нібыта збілі над Бранскай вобласцю, 17 — над Крымам, 11 — над Краснадарскім краем, 10 — над Смаленскай вобласцю, 2 — над Цвярской вобласцю, і па 1 — над Растоўскай, Курскай і Калужскай абласцямі.

На досвітку 31 снежня расійскія СМІ і паблікі паведамілі, што ў расійскай Смаленскай вобласці пасля атакі БПЛА гарыць нафтабаза.

* * *

NATO узмоцніць прысутнасць у Балтыйскім моры пасля інцыдэнту з пашкоджаннем падводных кабеляў. Такое рашэнне прынялі прадстаўнікі краін-членаў Альянсу, якія ў панядзелак, 30 снежня, сустрэліся ў штаб-кватэры NATO для абмеркавання бяспекі крытычнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры.

Нагадаем, 25 снежня было выяўлена пашкоджанне электракабеля Estlink 2, які праходзіць паміж Эстоніяй і Фінляндыяй. А ўжо на наступны дзень стала вядома аб пашкоджанні яшчэ трох кабеляў на Балтыцы.

У NATO адзначылі, што пашкоджанне кабеляў, якое расследуецца фінскімі ўладамі, з'яўляецца адным з некалькіх апошніх інцыдэнтаў у Балтыйскім моры, якія разглядаюцца як магчымая дыверсія.

Саюзнікі выказалі поўную салідарнасць з Эстоніяй і Фінляндыяй. З мэтай захавання пільнасці, павышэння дасведчанасці аб сітуацыі і прадухілення будучых інцыдэнтаў NATO узмацняе сваю вайсковую прысутнасць у Балтыйскім моры.

Члены NATO таксама разглядаюць іншыя меры па ліквідацыі патэнцыйных пагроз для крытычна важнай падводнай інфраструктуры, у прыватнасці, пры падтрымцы марскога цэнтра NATO па бяспецы крытычна важнай падводнай інфраструктуры, створанага ў траўні гэтага года.

* * *

Еўрапейскі Саюз (ЕС) гатовы да спынення транзіту газу Расійскай Федэрацыі (РФ) праз Украіну. Інфраструктура Еўропы дастаткова гнуткая, каб атрымліваць яго ад іншых краін альтэрнатыўным шляхам, піша Deutsche Welle са спасылкай на неназваную прадстаўніцу Еўрапейскай камісіі.

Еўрапейская камісія працавала ў каардынацыі з краінамі-членамі ЕС больш за год, каб падрыхтавацца да альтэрнатыўных схемаў паставак газа. Газавая інфраструктура Еўропы ўмацавалася дзякуючы значным магутнасцям па імпарту звадкаванага прыроднага газу (СПГ). У прыватнасці надзейнасць газазабеспячэння была ўзмоцнена шляхам павышэння энергаэфектыўнасці і пашырэння выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.

Нагадаем, што Украіна не плануе працягваць транзіт расійскага газу ў Еўропу пасля 1 студзеня 2025 года. Украіна гатовая транспартаваць газ у Еўропу, але пры ўмове, што ён не будзе расійскім.