У Расіі — крытычны недахоп пяхоты, ваяваць могуць кінуць нават недавучаных кадэтаў. 205-ы дзень вайны ва Украіне

Кадравыя праблемы ў расійскім войску становяцца ўсё больш сур'ёзнымі — асабліва гэта тычыцца баявой пяхоты і малодшых камандзіраў. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, вярбоўка сярод расійскіх зняволеных, а таксама той факт, што расійскія ваенныя акадэміі скарачаюць тэрмін навучання курсантаў. Аналітыкі дапускаюць, што кадэтаў могуць перакінуць на вайну ва Украіне.

photo_2022_09_15_12_13_45.jpg

У Днепрапятроўскай вобласці ўначы былі абстраляныя Нікапальскі і Крыварожскі раёны

Як паведаміў у тэлеграме кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка, расійскія войскі ўжылі рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА) «Град» і цяжкую артылерыю.

Мацней за іншых пацярпеў горад Нікапаль, па якім былі выпушчаныя больш за 40 снарадаў. У выніку абстрэлу параненая 57-гадовая жанчына. У горадзе пашкоджаныя 11 шматпавярховых і прыватных дамоў, ліцэй, дзіцячы сад, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, некалькі прадпрыемстваў, газаправоды і лініі электраперадач.

Расійскія войскі ноччу зноў абстралялі Харкаў, ёсць параненыя

Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што Слабадскі і Кіеўскі раёны горада Харкаў зноў былі абстраляныя: «“Прылёт” у Слабодскім раёне. Побач з жылым домам. Паводле папярэдняй інфармацыі, гарыць аўтамабіль каля дома, пацярпелі камунікацыі».

Кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў удакладніў, што ракетныя траплянні зафіксавалі ў Слабодскім і Кіеўскім раёнах каля 3.30 раніцы па мясцовым часе. Паводле яго слоў, лёгкія аскепкавыя раненні атрымалі двое дарослых і двое дзяцей 5 і 17 гадоў.

ЗША дадуць Украіне вайсковую дапамогу на $600 мільёнаў долараў

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў пра новы пакет вайсковай дапамогі Украіне на 600 мільёнаў долараў. У складзе пакета — ракетныя сістэмы HIMARS, сістэмы начнога бачання, абсталяванне для размініравання, артылерыйскія снарады і іншае. У Пентагоне таксама паведамілі, што новы пакет уключае падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў.

З пачатку расійскага ўварвання ЗША накіравалі Кіеву больш за 15 мільярдаў долараў ваеннай дапамогі.


Крывы Рог учора абстралялі двойчы за дзень, гарадскія ўлады кажуць, што расійскія вайскоўцы зноў цэліліся ў гідратэхнічныя збудаванні. Украіна заяўляе, што мэта такіх удараў — тэрор цывільнага насельніцтва, і просіць краіны Захаду даць сістэмы супрацьпаветранай абароны. Але сёння раніцай стала вядома, што ў Крывым Рогу ўсё ж атрымалася стабілізаваць водазабеспячэнне горада пасля ракетных удараў рускіх.

«На гідратэхнічных збудаваннях горада працягваюцца работы па ліквідацыі наступстваў ракетных удараў. Водазабеспячэнне горада стабілізаванае», — паведаміў кіраўнік ваеннай адміністрацыі горада Аляксандр Вілкул у Telegram. Аднак пры гэтым Вілкул паведаміў, што рускія войскі працягваюць абстрэлы Днепрапятроўскай вобласці. У Крыварожскім раёне ўначы абстралялі Зеленадольскую грамаду, але абышлося без ахвяр.

Галоўныя падзеі мінулага дня,14 верасня:

  • Учора кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен прыехала ў Кіеў. Яна запэўніла прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, што Еўрасаюз будзе падтрымліваць Украіну ў яе супрацьстаянні расійскай агрэсіі столькі, колькі спатрэбіцца. Урсула фон дэр Ляен таксама выказала надзею, што Уладзімір Пуцін будзе прыцягнуты да міжнароднага суду за ўчыненыя злачынствы. Таксама яна заявіла, што Украіне трэба даць тую зброю, пра якую яна просіць, у тым ліку і танкі.
  •  Германія ўчора абяцала перадасць Украіне яшчэ дзве рэактыўныя сістэмы залпавага агню Mars II (яны супастаўныя з амерыканскімі HIMARS) і 50 бронемашын. У той жа час нямецкі ўрад пакуль адмаўляецца даць Украіне ўзбраенне, неабходнае для далейшага наступлення, у прыватнасці танкі.



  • МАГАТЭ прыняло рэзалюцыю з патрабаваннем да Расіі вызваліць Запарожскую АЭС. Расія і Кітай прагаласавалі супраць.
  • Пад новыя санкцыі ЗША патрапілі фінансісты, звязаныя з аплатнай сістэмай «Мір»; расійская ўпаўнаважаная па правах дзіцяці, бо яна спрыяла ў вывезе ўкраінскіх дзяцей у РФ; тры жонкі (так гаворыцца ў дакументах) і тры старэйшыя дачкі Рамзана Кадырава.
  • Не менш за 440 целаў украінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў знойдзеныя ў вызваленым горадзе Ізюм Харкаўскай вобласці.



Паводле ВВС, korrespondent.net, УНІАН;