225-ы дзень вайны. Расія — міжвольны найбуйнейшы пастаўшчык узбраення Украіне

Ракетны ўдар па Запарожжы і збітыя іранскія дроны. Чытайце пра галоўныя падзеі, што адбыліся ва Украіне ў ноч на 6 кастрычніка і сёння раніцай.

Знішчаны дом у Запарожжы. Фота: facebook.com/eugene.enin

Знішчаны дом у Запарожжы. Фота: facebook.com/eugene.enin

Ракетны ўдар па Запарожжы. Загінулі дзве жанчыны, пад заваламі — людзі.

Уначы з серады на чацвер рускія войскі ўдарылі ракетамі па шматпавярховых дамах у Запарожжы. На месцах, куды трапілі ракеты, значныя разбурэнні, узніклі пажары, піша korrespondent.net.

У выніку ракетнага ўдару па дамах загінулі як мінімум два чалавекі. Пра гэта 6 кастрычніка паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух, але адзначыў, што гэта папярэдняя інфармацыя.

«Адна жанчына загінула. Яшчэ адна памерла ў машыне хуткай дапамогі. Пад заваламі дамоў знаходзяцца па меншай меры пяць чалавек», — падкрэсліў Старух. Ён распавёў, што многія людзі выратаваны, у тым ліку трохгадовая дзяўчынка, якую шпіталізавалі.

Паводле выдання «Суспільне», усяго пры абстрэле Запарожжа раненні атрымалі 10 чалавек. Восем з іх былі дастаўлены ў бальніцу, двое ад шпіталізацыі адмовіліся.

Працягваецца выратавальная аперацыя. Кіраўнік ваеннай адміністрацыі сказаў, што захоўваецца вялікая верагоднасць паўторных ракетных нападаў.

Пазней стала вядома, што за раніцу выратавалі 16 чалавек, пад заваламі шукаюць яшчэ траіх.


На поўдні Украіны збілі дзевяць іранскіх дронаў.

Апошнім часам Расія актывізавала атакі на Украіну з дапамогай беспілотнікаў-камікадзэ. У ноч на 6 кастрычніка супрацьпаветраная абарона Украіна збіла дзевяць іранскіх дронаў-камікадзэ Shahed-136. Пра гэта паведамілі паветраныя сілы Узброеных сіл Украіны:

«Уначы з 5 на 6 кастрычніка расійскія акупацыйныя войскі атакавалі Украіну беспілотнікамі-камікадзэ Shahed-136 іранскай вытворчасці. Дзевяць дронаў-камікадзэ знішчаны сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны паветранага камандавання Поўдзень», — гаворыцца ў паведамленні УСУ.

Сёння раніцай падчас паветранай трывогі рускія войскі нанеслі ўдар па тэрыторыі Хмяльніцкай вобласці. Былі чутны гукі выбухаў, паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гамаль.

Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў пра абстрэлы двух раёнаў горада — Халаднагорскага (дзе пад удар трапіў прамысловы аб’ект) і Новабаварскага (там нанеслі ўдар па інфраструктурным аб'екце). Пазней рускія войскі абстралялі таксама інфраструктурны аб'ект у Аснавянскім раёне Харкава, там узнік пажар. Інфармацыя пра пацярпелых і ступень разбурэння аб'екта яшчэ ўдакладняецца.

Масква — найбуйнейшы пастаўшчык узбраення для Украіны.

УСУ захапілі ў якасці трафеяў столькі расійскай зброі, што Масква ператварылася ў найбуйнейшага пастаўшчыка цяжкага ўзбраення для Украіны, піша WSJ. Гэтая тэхніка дапамагае ўкраінскім войскам адваёўваць усходнія раёны Данецкай вобласці, у тым ліку Ліман, і прасоўвацца далей на ўсход.

Паводле выдання WSJ, Украіна захапіла 460 расійскіх асноўных баявых танкаў, 92 самаходныя гаўбіцы, 448 баявых машын пяхоты, 195 баявых браніраваных машын і 44 рэактыўныя сістэмы залпавага агню. Пры гэтым рэальная колькасць, верагодна, большая, адзначае выданне.

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі рускай арміі ў раёнах населеных пунктаў Выімка, Саледар, Адрадаўка, Бахмуцкае, Бахмут, Краснагораўка, Маёрск і Новаміхайлаўка, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. На паўднёвабужскім напрамку рускія працягваюць перагрупоўку і адвод сваіх падраздзяленняў. У выніку паступовага вызвалення захопленых тэрыторый адначасова з адыходам падраздзяленняў расійскіх акупацыйных войскаў адзначаецца выезд прыхільнікаў акупацыйных улад.

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў уначы апублікаваў інтэрактыўную карту контрнаступлення ўкраінскіх войскаў.