251-шы дзень вайны. Расійцы атакавалі Палтаву
Сённяшнім ранкам Украіна прачнулася адносна спакойна, аднак без «прылётаў» не абышлося.
Раніцай 1 лістапада ў Палтаўскай вобласці збілі чатыры
расійскія «беспілотнікі». У абласным цэнтры прагучалі выбухі, пасля чаго пачаўся пажар.
Пра гэта паведаміў старшыня Палтаўскай абласной вайсковай
адміністрацыі Дзмітрый Лунін у сваім тэлеграм-канале.
Па яго словах, чатыры расійскія робаты ўпалі
на грамадзянскія аб'екты.
«На месцы працуюць ратавальнікі і ўтаймоўваюць пажар,
папярэдне ахвяр няма», — адзначыў Лунін.
У сваю чаргу Палтаўскі гарадскі галава Аляксандр Мамай
пацвердзіў удары па горадзе.
«Гэтай ноччу Палтава была атакавана чатырма дронамі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без ахвяр. Наступствы траплянняў
ліквідуюць адпаведныя службы. Беражыце сябе», — напісаў ён у тэлеграме.
УСУ трапна атакавалі расійцаў на поўдні краіны. Усяго за суткі ўкраінскія вайскоўцы выканалі каля 180 агнявых задач.
Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведамляе аператыўнае
камандаванне «Поўдзень».
«Нашай армейскай авіяцыяй было трапна атакавана вялікая колькасць асабовага складу акупантаў на апорным пункце праціўніка ў раёне Снігіроўкі на
Мікалаеўшчыне. Артылерысты і ракетчыкі Сіл абароны на працягу дня наносілі
ўдары па пазіцыях ворага і раёнах засяроджвання варожых сіл. Выканана каля 180
агнявых задач. Варожае войска зменшылася на 21 рашыста. Дэмілітарызавалі адну
ваенную машыну і мінамёт. Астатнія страты ворага ўдакладняюцца», — гаворыцца ў паведамленні.
За мінулыя суткі расійцы нанеслі па Украіне 60 ракетных удараў і 15 авіяцыйных.
Ударам падвергліся раёны дзясяткаў населеных пунктаў. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў Генштаб УСУ.
«За мінулыя суткі праціўнік нанёс 60 ракетных і 15
авіяцыйных удараў, здзейсніў больш за 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм
залпавага агню. Ударам праціўніка падвергліся раёны больш за 50 населеных
пунктаў, у тым ліку Саледар, Вугледар, Якаўлеўка, Вясёлае Данецкай
вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
Што да ўчарашніх абстрэлаў цывільнай інфраструктуры, то большасць аб'ектаў, якія Расія вызначыла ў якасці мішэні, удалося выратаваць. З 55 крылатых ракет было збіта 45.
Аб гэтым паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце ў канцы 250-га дня вайны.
Ён адзначыў, што яшчэ працягваюцца аднаўленчыя работы ў тых
рэгіёнах, дзе былі «прылёты» расійскіх ракет, і робіцца ўсё магчымае, каб
аднавіць энерга- і водазабеспячэнне.
«Няма ў расійскіх тэрарыстаў такіх ракет, якія маглі б
патрапіць ва ўкраінскае жаданне жыць. Жыць цывілізавана і клапаціцца адзін пра
аднаго. А калі хтосьці там, у Крамлі, наслухаўся сваіх вар'ятаў-прапагандыстаў
і вырашыў, што цемра ва Украіне дапаможа ціснуць на ўкраінцаў, то хай потым не
здзіўляецца ўжо сваім стратам, калі ўбачыць, як украінцы вядуць «перамовы» ў цемры», — падкрэсліў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што 31 кастрычніка вельмі добра спрацавалі
паветраныя сілы Украіны і ўсе, хто задзейнічаны ў абароне неба.
«Большасць аб'ектаў, якія тэрарысты вызначылі сабе як мішэні, удалося выратаваць. Толькі за гэтую раніцу тэрарысты ўжылі для
масіраванага ўдару 55 крылатых ракет. З іх 45 збіта», — сказаў ён.
Прэзідэнт падзякаваў за гэты вынік усяму камандаванню паветраных сіл і ўсім падраздзяленням Сіл абароны, якія задзейнічаны ў абароне ўкраінскага неба.
Крыніцы: Украінскія медыя.