254-ы дзень вайны ва Украіне. Што здарылася за ноч?
Ноч на 4 лістапада ва Украіне была адносна спакойнай. Але ў розных кутках збівалі іранскія дроны-камікадзэ ды былі без электрычнасці.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) прагназуе, што пасля высноў МАГАТЭ пра адсутнасць «бруднай бомбы» ва Украіне РФ паспрабуе неадкладна перавесці Запарожскую АЭС у расійскую электрасетку.
Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце пракаментаваў візіт МАГАТЭ так: «Сённяшняя выснова МАГАТЭ цалкам відавочная. Місія арганізацыі наведала ўсе аб'екты, якія згадвалі прадстаўнікі Расіі, калі агучвалі свае фантазіі пра так званую «брудную бомбу». Мы запрасілі МАГАТЭ, каб яны праверылі. Мы далі ім поўную свабоду дзеянняў на адпаведных аб'ектах і атрымалі выразныя і неабвержныя доказы таго, што ніхто ва Украіне ніякую «брудную бомбу» не ствараў і не стварае. І адзінае, што бруднае ў нашым рэгіёне цяпер — гэта галовы тых у Маскве, хто, на жаль, захапіў кантроль над расійскай дзяржавай і тэрарызуе Украіну і ўвесь свет».
Таксама ўкраінскі прэзідэнт пракаментаваў сітуацыю на фронце: «Што тычыцца фронту — хлопцы ідуць наперад. Што тычыцца збожжа — караблі ідуць. Што тычыцца акупантаў — яны таксама... за караблямі».
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны адзначае, што расійскія войскі тым часам працягваюць выводзіць асобныя падраздзяленні з паўночна-заходняй часткі Херсонскай вобласці, але пакуль не зразумела, ці будуць яны змагацца за Херсон. Так, расійскія войскі працягваюць рыхтаваць запасныя пазіцыі на левым беразе Дняпра, уладкоўваюць абарончыя пазіцыі на паўночны захад ад Херсона і перакідваюць туды дадатковыя мабілізаваныя сілы. У той жа час некаторыя расійскія элітныя падраздзяленні, такія, як паветрана-дэсантныя войскі і марская пяхота, працягваюць дзейнічаць на правым беразе Дняпра, і іх поўны вывад з поўначы Херсонскай вобласці быў бы больш выразным паказчыкам таго, што рускія не будуць змагацца за Херсон або населеныя пункты на правым беразе.
Таксама ISW паведамляе, што расійскія акупацыйныя сілы пакуль засяродзілі недастатковую колькасць мабілізаваных для наступальных дзеянняў пад Бахмутам і Вуглядарам Данецкай вобласці. На думку аналітыкаў, РФ заўчасна прыцягнула нядаўна мабілізаваны асабісты склад да наступальных аперацый у заходняй частцы Данецкай вобласці, імкнучыся атрымаць мінімальныя і аператыўна нязначныя тэрытарыяльныя дасягненні. Пры гэтым Мінабароны РФ, верагодна, працягвае прытоеную мабілізацыю.
Позна ўвечары расіяне абстралялі адзін з раёнаў Мікалаева ракетамі С-300. Разбурана складское памяшканне, пашкоджаны адміністрацыйны будынак і аўтамабілі, узнік пажар яшчэ ў адным складскім памяшканні, але яго аператыўна ліквідавалі. Папярэдне без ахвяр і пацярпелых, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Віталь Кім.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі з-за абстрэлаў загінулі восем цывільных — пяцёра з іх у Бахмуце. Яшчэ 14 чалавек у вобласці за суткі атрымалі раненні.
Кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што СПА збілі над Львоўшчынай іранскі дрон-камікадзэ, разбурэнняў і пацярпелых няма.
У Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці сілы СПА ўначы знішчылі восем варожых дронаў-камікадзэ, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.
За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі расійскай арміі ў раёнах населеных пунктаў Верхнякаменнае, Спорнае, Мар'інка, Новаміхайлаўка, Вадзяное і Паўлаўка Данецкай вобласці, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
У Херсонскай вобласці — узмоцнены рух па аўтадарогах грузавых і легкавых аўтамабіляў з нарабаванай маёмасцю. Значныя рабаванні здзяйсняюцца ў Берыславе і бліжэйшых населеных пунктах. У прыватнасці, з прадпрыемстваў абслугоўвання электрасетак вывозіцца маёмасць і рамонтная база.
Уладзімір Зяленскі паведаміў у вячэрнім відэазвароце, што толькі па стане на гэты вечар ад энергазабеспячэння часова адключаны па аварыйным і стабілізацыйным графіках каля 4,5 мільёна спажыўцоў — у прыватнасці, у Кіеве і дзесяці абласцях. Кіраўнік Украіны прасіў мясцовыя ўлады сачыць, каб ва ўсіх гарадах і супольнасцях Украіны не было непатрэбнага выкарыстання электрычнасці — «цяпер дакладна не час для яркіх вітрын, шыльдаў, рэклам і іншага падобнага асвятлення».
У Кіеве на сённяшнюю раніцу без электразабеспячэння засталіся 450 тысяч спажыўцоў, што ў паўтара разы больш, чым у папярэднія дні. Стабілізацыйныя адключэнні адбываюцца з-за перагрузкі цэнтральнага вузла энергасістэмы краіны, паведаміў Клічко і заклікаў кіяўлян максімальна эканоміць электраэнергію, паколькі сітуацыя застаецца складанай.
Учора ўвечары стала вядома, што Пуцін падпісаў указ аб аднаразовай выплаце мабілізаваным і кантрактнікам па 195 тысяч рублёў. Указ распаўсюджваецца на праваадносіны, якія ўзніклі пасля 21 верасня.
Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua