289-ы дзень вайны. Расійскія войскі ва Украіне выкарыстоўваюць тактыку баевікоў ІДІЛ
Размінаванне Украіны — самы вялікі выклік для сапёраў з часоў Другой сусветнай вайны. Расійскія войскі ў Данецкай вобласці наўмысна абстрэльваюць Пункты нязломнасці. Што яшчэ здарылася за ноч?
Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 снежня паведаміў, што праціўнік нанёс пяць ракетных і тры авіяцыйныя ўдары, а таксама здзейсніў 54 абстрэлу з рэактыўных сістэм залпавага агню. На ўсёй тэрыторыі Украіны сёння захоўваецца пагроза ракетных удараў па аб'ектах энергетычнай сістэмы і крытычнай інфраструктуры.
За суткі расіяне
68 разоў абстралялі Херсонскую вобласць з мінамётаў, артылерыі, танкаў і РСЗА,
восем мірных жыхароў параненыя, паведамілі ў офісе прэзідэнта.
Так, уначы расійскія войскі ў чарговы раз нанеслі ўдар па Херсону. Ракета трапіла ў жылы дом, паведамляюць мясцовыя Telegram-каналы.
Акрамя пашкоджанні атрымаў і будынак медыцынскай установы — дзіцячае аддзяленне і морг.
У выніку абстрэлаў рускія пацэлілі ў жылыя кварталы, прыватныя і шматкватэрныя дамы і іншыя будынкі. З прычыны абстрэлаў 8 мірных жыхароў атрымалі раненні.
У Харкаўскай вобласці цягам сутак акупанты наносілі ракетныя і артылерыйскія ўдары па Купянскім, Харкаўскім, Чугуеўскім і Ізюмскім раёнах. У выніку абстрэлаў шпіталізаваныя тры чалавекі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі пяць мірных жыхароў — трое ў Бахмуце, па адным у Тарэцку і Нетайлава. Яшчэ два чалавекі атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
Спікер Данецкай вобласці Таццяна Ігнатчанка паведаміла, што расійскія войскі ў Данецкай вобласці наўмысна абстрэльваюць Пункты нязломнасці. З яе слоў, расіяне за апошнія некалькі дзён ужо наносілі ўдары па іх у Краматорску і каля Тарэцку. Але ўсе меры бяспекі выконваюцца, таму пацярпелых у выніку абстрэлаў не было.
Расіяне спрабуюць узяць Марыупаль у кола ўмацаванняў. Так, у горад працягваюць прыбываць "зубы дракона" — частка з Севастопаля, частка з Краснадарскага краю РФ. Умацаванні разгружаюцца непасрэдна ў горадзе. Пра гэта распавёў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка. Акрамя гэтага, мабільнымі групамі вайскоўцаў па чатыры грузавікі расіяне капаюць равы і акопы ўздоўж «лініі абароны». Застаюцца свабоднымі для праезду і ўмацаванняў усе магістральныя асфальтавыя шляхі.
За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах Белагораўкі на Луганшчыне і Кляшчыеўцы і Мар'інцы Данецкай вобласці, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
7 снежня ў выніку ўкраінскіх удараў па месцах засяроджвання рускіх войскаў у раёнах Бярдзянска, Такмака, Мелітопаля, Энергадара, Днепраруднага, Полагава і Васільеўкі Запарожскай вобласці страты ворага склалі каля 240 чалавек параненымі. Знішчаныя тры склады боепрыпасаў і каля 20 адзінак ваеннай тэхнікі розных тыпаў.
* * *
СБУ праводзіць ператрусы ў Свята-Пакроўскім саборы УПЦ (МП) у Барыспалі ў Кіеўскай вобласці. СБУ правярае выкарыстанне памяшканняў для ўкрывальніцтва ДРГ, замежных грамадзян і захоўвання зброі, а таксама імкнецца зрабіць немагчымай прарасійскую дзейнасць служыцеляў царквы.
* * *
ЗША рыхтуюць новы пакет вайсковай дапамогі Украіне на суму 275 мільёнаў долараў. Мяркуецца, што абсталяванне, якое атрымае Украіна, дапаможа ўзмацніць супрацьпаветраную абарону і абараніцца ад варожых беспілотнікаў.
* * *
Расійскія войскі ва Украіне выкарыстоўваюць тактыку баевікоў ІДІЛ, заявіў прадстаўнік Дзярждэпу ЗША, менеджар па справах Еўропы Майкл Тырэ: «Расійскія салдаты мэтанакіравана мінуюць цывільныя дамы, у тым ліку дзіцячыя цацкі, і нават целы забітых. Жудаснае выкарыстанне выбуховых прылад расійскімі вайскоўцамі нагадвае тактыку баевікоў ІДІЛ у Іраку і Сірыі, дзе тэрарысты спрабавалі забіць столькі цывільных, колькі магчыма, каб людзі баяліся вяртацца ў свае дамы».
Па словах Тырэ, размініраванне ва Украіне з'яўляецца самым вялікім выклікам для сапёраў з часоў Другой сусветнай вайны. На наяўнасць мін трэба праверыць больш за 160 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі Украіны. Цяпер каманд для размініравання ва Украіне недастаткова, таму ЗША плануюць узмацніць дапамогу з падрыхтоўкай сапёраў і даць дадатковае абсталяванне.
Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце акцэнтаваў увагу на адной з формаў расійскага тэрору, якой давядзецца процідзейнічаць гадамі: «Тэрарысты свядома спрабуюць пакінуць пасля сябе як мага больш смяротных пастак. Закапаных "фугасаў", расцяжак, замініраваных будынкаў, машын і інфраструктуры... Я ўпэўнены: гэта будзе сярод пунктаў абвінавачвання супраць Расіі за агрэсію — менавіта мінны тэрор. Які нават яшчэ больш жорсткі і подлы, чым ракетны, таму што няма такой супрацьміннай сістэмы, якая магла б знішчыць хоць бы частка пагрозы, як гэта робіць наша СПА».
Зяленскі паведаміў таксама, што падпісаў указы аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі пасмяротна паліцэйскіх, якія 7 снежня загінулі ў Херсонскай вобласці з-за расійскіх мін. Ён дадаў, што цяпер гаворка ідзе пра больш чым 170 тысяч квадратных кіламетраў небяспечнай тэрыторыі.
* * *
У Еўропе праходзіць масавая кампанія «генератары надзеі» па пастаўках ва Украіну прылад, якія могуць дапамагчы ў перыяд адключэння святла.
Латвійцы з Рыгі перадалі Кіеву 49 генератараў і цеплавыя гарматы.
Украіна атрымала ад Францыі 100 генератараў. У Мінэнергетыкі адзначылі, што яны дапамогуць прайсці ацяпляльны сезон. Перададзеныя Парыжам генератары сярэдняй магутнасці — ад 5 кВт да 10 кВт, а таксама ад 12 кВА да 40 кВА.
* * *
Еўрапарламент збіраецца прагаласаваць за прызнанне Галадамору генацыдам на наступным тыдні. «Галадамор быў навязаны Савецкім Саюзам. Гэта генацыд, у выніку якога ў перыяд з 1932 па 1933 год загінулі мільёны ўкраінцаў», — гаворыцца ў парадку дня пленарнага пасяджэння Еўрапейскага парламента. Абмеркаванне і наступнае галасаванне запланавана на 15 снежня. У гэты дзень дэпутаты таксама плануюць абмеркаваць расійскія атакі на крытычную інфраструктуру Украіны.
Паводле www.facebook.com/GeneralStaff.ua, korrespondent.net, украінская служба РБК; УНІАН