313-ты дзень вайны. Галоўнае на гэты момант

Новы дзень прынёс новыя страшэнныя навіны. Мы падрыхтавалі асноўную інфармацыю.

makeeuka_1.jpg

За мінулыя суткі войскі РФ здзейснілі 55 абстрэлаў з сістэм залпавага агню, нанеслі 51 авіяцыйны ўдар, у тым ліку прымяніўшы 44 беспілотнікі «Шахед-136». Усе дроны былі збітыя. Як адзначае Генштаб УСУ, у зводцы не ўлічваецца начны напад на Кіеў.
Расійскія вайскоўцы наступаюць на Бахмуцкім кірунку, а таксама спрабуюць палепшыць тактычнае становішча на Купянскім, Ліманскім і Аўдзееўскім кірунках. На Навапаўлаўскім і Запарожскім кірунках войскі Расіі трымаюць абарону, на Херсонскім кірунку — праводзяць перагрупоўку.
УСУ адбілі атакі расійцаў у Стэльмахаўцы і Белагораўцы Луганскай вобласці, у Белагораўцы, Саледары, Чырвонай Гары, Бахмуце, Клешчаеўцы, Азаранаўцы, Вопытным і Краснагораўцы ў Данецкай вобласці.
Украінская авіяцыя нанесла 13 удараў па раёнах засяроджвання сіл РФ. Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі Украіны ўразілі пяць раёнаў засяроджвання жывой сілы і ваеннай тэхнікі ворага.
У навагоднюю ноч у Данецкай вобласці было знішчана да 600 расійскіх акупантаў.
Як паведамляе Упраўленне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны ў Telegram, удар быў нанесены па мабілізаваных у часова акупаванай Макееўцы. Адзначаецца, што мабілізаваных расійцаў размясцілі ў будынку прафтэхвучэльні №19.
Пры гэтым генштаб УСУ ў сваіх зводках за 1 студзеня аб падзеях у Макееўцы нічога не паведамляў.

makeeuka_3.jpg

Аб'ект крытычнай інфраструктуры і прыватныя дамы пашкоджаны ў выніку начнога нападу на Кіеўскую вобласць. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Аляксей Кулеба. Мясцовыя жыхары пры ўдарах не пацярпелі.
«Кіеўская вобласць другую ноч запар адбівае атакі дронаў — чарговы акт тэрарызму ад Расіі. Усе службы на месцах. Працуем над ліквідацыяй наступстваў масіраванага нападу», — дадаў чыноўнік.
Раней мэр Кіева Віталь Клічко паведамляў, што ў выніку начнога нападу ў горадзе былі пашкоджаныя аб'екты энергетычнай інфраструктуры. У Кіеве ўвялі аварыйныя адключэнні электраэнергіі.
Губернатар Бранскай вобласці Расіі паведаміў аб нападзе ўкраінскага беспілотніка. Атака на Клімаўскі раён рэгіёну адбылася раніцай 2 студзеня, заявіў кіраўнік вобласці Аляксандр Багамаз. Пры ўдары быў пашкоджаны і загарэўся аб'ект энергазабеспячэння. У выніку ў пасёлку (яго назву Багамаз не паведаміў) няма святла.