319-ты дзень вайны. «Расія гатова бегчы з Крыма, яна яшчэ не выйшла са стану алкагольнага ап'янення»

Усё самае істотнае пра фронт на гэтую хвіліну.

1663049504_9830.jpg

За суткі расійскія войскі нанеслі сем ракетных і 31 авіяўдар, а таксама здзейснілі 73 абстрэлы з РСЗА.
УС РФ вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Ліманскім напрамках. На Купянскім спрабуюць палепшыць тактычнае становішча.
Сілы абароны Украіны адбілі атакі ворага ў раёнах населеных пунктаў Стэльмахоўка і Краснапапоўка Луганскай вобласці і Саледар, Чырвоная Гара, Падгароднае, Бахмут, Кляшчыеўка, Вадзяное, Першамайскае, Краснагораўка, Мар'інка, Перамога ў Данецкай вобласці.
Па наяўнай інфармацыі, значная колькасць узбраення і ваеннай тэхнікі, якая прыбывае для навучання асабовага складу ворага ў Беларусь з РФ, знята з працяглага захоўвання і патрабуе абслугоўвання. Да гэтых работ прыцягваюцца беларускія вайскоўцы.
Украінская авіяцыя за суткі нанесла 17 удараў па раёнах засяроджвання расійцаў, а таксама тры ўдары па пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў ворага.
Ракетныя войскі і артылерыя паразілі сем раёнаў засяроджвання жывой сілы і ваеннай тэхнікі УС РФ, а таксама склад гаруча-змазачных матэрыялаў.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у эфіры нацыянальнага тэлемарафону заявіў, што вызваленне Крыма — гэта пытанне часу, і Расія сыдзе адтуль, як толькі Крым пяройдзе пад поўны агнявы кантроль Украіны.
«Калі мы вызваляем тэрыторыю Луганскай, Данецкай або Запарожскай вобласці, то Крым пераходзіць пад татальны агнявы кантроль Украіны. Я не зусім разумею, што будуць рабіць там расіяне. Яны ж будуць разумець, што трэба бегчы», — сказаў Падаляк.
«Бо Расія ўжо гатова бегчы. Проста яны яшчэ не выйшлі са стану алкагольнага ап'янення татальнага. Потым яны выйдуць, паглядзяць па баках і зразумеюць: ці ты ўцякаеш, ці ты паміраеш», — дадаў ён.
«Не трэба, каб нашы дзеці, якія сёння сядзяць у бамбасховішчы, праз 3—5 гадоў заплацілі яшчэ адну цану. Каб яны потым паміралі за права дзяржавы існаваць. Таму мы сёння падпісалі такі «кантракт»: ці мы сёння даходзім да канца, і тады нашы дзеці жывуць у крутой краіне, ці мы павінны шукаць сабе іншае месца ў жыцці, таму што тады Украіны не будзе», — сказаў Падаляк.