345-ы дзень вайны. Ва Украіне — паветраная трывога, бо над Беларуссю паднялі авіяцыю РФ

Наступныя шэсць месяцаў ва Украіне будуць крытычнымі. Украінскім войскам, імаверна, давядзецца адысці ад Бахмута, каб сабраць рэсурсы для вясновага наступу. Над Беларуссю паднялі расійскую авіяцыю. Украіну ахапіла паветраная трывога

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Цяпер ва ўсёй Украіне — паветраная трывога. Гэта адбылося пасля таго, як расіяне ў Беларусі паднялі ў неба сваю авіяцыю.

Карта паветраных трывог па стане на 11:35 (10:35 па ўкраінскім часе) выглядае так:

_ekrana_2023_02_03_o_10_1.png



Расія абстраляла Херсонскую вобласць — пашкоджаны карабельны завод, двое забітых

Са суткі расійскія войскі 65 разоў атакавалі мірныя населеныя пункты Херсонскай вобласці, білі з артылерыі, РСЗА, мінамётаў і танкаў. З-за начнога абстрэлу Херсона адбыўся маштабны пажар.

Пра гэта паведамляецца Херсонскай АВА: "Херсон армія РФ атакавала з 13 разоў. Варожыя снарады патрапілі ў суднабудаўнічы завод, школу і жылыя дамы". У паведамленні гаворыцца, што за мінулыя суткі ў Херсонскай вобласці з-за расійскіх абстрэлаў загінулі 2 чалавекі, раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі 9 жыхароў вобласці. "Сярод параненых — 5-гадовы хлопчык, дзіця ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў бальніцу", — дадалі ў МНС.

Расійскае войска сёння каля 4:30 раніцы абстраляла горад Барвянкова Ізюмскага раёна Харкаўскай вобласці. У выніку трапляння снарада ў прыватны жылы дом загінулі два чалавекі, яшчэ адзін атрымаў раненні. “У выніку траплення ў прыватны жылы дом загінулі двое братоў — 49 і 42 гадоў. Іх бацька 70 гадоў атрымаў раненні і быў шпіталізаваны”. Дом цалкам зруйнаваны. Пра гэта паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінегубаў. Яшчэ адзін чалавек напярэдадні быў паранены ў Ваўчанску.



У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек — у Краматорску. Яшчэ восем чалавек у вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка. "За 2 лютага расейцы забілі 1 жыхара Данбаса — у Краматорску. Яшчэ 8 чалавек у вобласці атрымалі раненні", — распавёў ён.



У акупаваным Энергадары быў падарваны аўтамабіль. У выніку выбуху загінуў "супрацоўнік паліцыі", паведаміла мясцовае "ГУ МУС". Як паведаміў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў, падарваны аўтамабіль належаў былому супрацоўніку праваахоўных органаў, які з прыходам акупантаў пачаў на іх працаваць.


Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты ворага на раніцу 3 лютага — асабовага складу загінула каля 129 870 (+840 за апошнія суткі).

Руская армія, хоць і нясе вялікія страты, не спыняе наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі салдат РФ у раёнах населеных пунктаў Стэльмахоўка, Неўскае і Белагораўка Луганскай вобласці і Верхнякаменскае, Мікалаеўка, Чырвоная Гара, Параскавееўка, Бахмут, Іванаўскае і Курдзюмаўка Данецкай вобласці.

The New York Times жа — са спасылкай на ацэнкі амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў — піша, што за няпоўны год вайны ва Украіне Расія страціла забітымі і параненымі блізу 200 тысяч вайскоўцаў. Паводле іх звестак, асабліва шмат жывой сілы РФ страціла падчас зацятых баёў за Бахмут і Салядар. Пры гэтым аналітыкі канстатуюць, што колькасць загінулых не з'яўляецца стрымліваючым фактарам для Пуціна.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што Крэмль спрабуе прадставіць вайну ва Украіне як экзістэнцыяльную пагрозу для расіян, каб стварыць умовы для зацяжной вайны і атрымаць падтрымку ад саміх грамадзян РФ, аднак гэтыя спробы не маюць асаблівага поспеху.

Так, Пуцін у сваім выступе 2 лютага з нагоды 80-годдзя разгрому нямецка-фашысцкіх войскаў Чырвонай Арміяй у Сталінградскай бітве заявіў, што краіна зноў сутыкнулася з "сучаснай праявай нацызму". Ён выкарыстаў ілжывыя гістарычныя паралелі, каб правесці аналогію "СВА" ва Украіне з нямецка-савецкай вайной. Лаўроў таксама спрабаваў запэўніць, што вайна ва Украіне ўяўляе рэальную ўнутраную пагрозу. Аднак усе намаганні з боку расійскіх афіцыйных асоб не прыводзяць да жаданага эфекту матывацыі расіян да ўдзелу ў вайне, мяркуюць у ISW.

Таксама аналітыкі лічаць, што Пуцін зноў пераацаніў сілы расійскай арміі, таму яе вялікі наступ на ўсходзе Украіны заўчасна завершыцца ў сезон вясновых дажджоў і не прынясе тых вынікаў, на якія спадзяецца кіраўніцтва РФ.


У Белым доме і ЦРУ абвергліпаведамленне швейцарскага выдання Neue Zürcher Zeitung аб тым, што дырэктар ЦРУ Уільям Бернс нібыта прапаноўваў РФ і Украіне мірны план, які прадугледжваў спыненне баявых дзеянняў у абмен на захаванне РФ кантролю над часткай украінскай тэрыторыі.

МВФ і Кіеў плануюць узгадніць новы пакет дапамогі на суму ад 14 да 16 мільярдаў долараў да вясны, піша Financial Times.

Першыя пастаўкі высокадакладных бомбаў GLSDB ва Украіну могуць пачацца не раней, чым праз дзевяць месяцаў, піша Bloomberg са спасылкай на сваю крыніцу. Дзевяцімесячны тэрмін пойдзе пасля таго, як ВПС ЗША заключаць кантракт з вытворцам бомбаў — кампаніяй Boeing. Першапачаткова на іх выдзеляць 200 млн долараў.

Наступныя шэсць месяцаў ва Украіне будуць крытычнымі, заявіў дырэктар ЦРУ Уільям Бернс. Паводле яго, Пуцін робіць стаўку на тое, што Захад ахопіць палітычная стомленасць ад вайны. Пры гэтым ЦРУ не можа даць ацэнак, ці сур'ёзна Масква настроеная на перамовы.

Улады Германіі ўхвалілі пастаўку танкаў Leopard 1 ва Украіну з прамысловых запасаў і вядуць перамовы аб закупцы 15 танкаў Gepard у Катара для адпраўкі ў Кіеў, паведамляе Sueddeutsche Zeitung. Кампаніі Rheinmetall і Flensburger Fahrzeugbau Gesellschaft хочуць адрамантаваць дзясяткі танкаў Leopard 1 і маглі б паставіць іх Украіне, калі Кіеў пагодзіцца іх набыць.

А пакуль украінскім войскам у чаканні заходніх танкаў трэба цягнуць час і, імаверна, ім давядзецца адысці ад Бахмута, каб сабраць рэсурсы для вясновага наступу. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на неназванага амерыканскага чыноўніка. Пры гэтым ён лічыць, што адступленне ад Бахмута не акажа значнага стратэгічнага ўплыву на вайну.

Па словах амерыканскага чыноўніка, украінскія войскі, хутчэй за ўсё, усталююць абарончыя лініі вельмі блізка да таго месца, дзе цяпер праходзіць лінія фронту. Чакаецца, што з Бахмута Расія будзе прасоўвацца да Славянска і Краматорска.


Улады Паўночнай Карэі маюць намер адправіць сваіх паліцэйскіх і вайскоўцаў на часова акупаваныя часткі Данецкай і Луганскай абласцей для аднаўленчых работ, піша паўднёвакарэйскае выданне Daily NK. Паводле звестак журналістаў, КНДР плануе адправіць ва Украіну 300-500 мужчын. Яны павінны прыбыць на акупаваныя украінскія тэрыторыі ў канцы лютага або ў пачатку сакавіка.

Акруговы суддзя Федэральнага суда Манхэтэна дазволіў пракуратуры канфіскаваць 5,4 мільёна долараў, якія належаць расійскаму падсанкцыйнаму алігарху Канстанціну Малафееву. Гэта адкрывае шлях для далейшай перадачы гэтых сродкаў Украіне, піша Reuters.

Паводле korrespondent.net, украінскай службы РБК, сацсетак