358-ы дзень вайны. Расія выпусціла за ноч па тэрыторыі Украіны 32 крылатыя ракеты

У ноч на 16 лютага расійскія вайскоўцы выпусцілі па тэрыторыі Украіны 32 крылатыя ракеты паветранага і марскога базавання, паведамляе камандаванне паветраных сіл Украіны. Прычым паўторная ракетная атака на Украіну можа здарыцца і сёння. 

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Украінская СПА збіла 16 з 32 выпушчаных расіянамі ракет. У прыватнасці, Расія выпусціла па Украіне 12 крылатых ракет Х-101/х-555 з двух стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС з раёна Каспійскага мора, восем крылатых ракет «Калібр» з фрэгата з акваторыі Чорнага мора, 12 крылатых ракет Х-22 з шасці далёкіх бамбавікоў Ту-22М3 з раёна Курска і дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 з двух самалётаў тактычнай авіяцыі Су-35 з раёна Мелітопаля. Пра гэта паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны.

Як сцвярджаюць украінскія вайскоўцы, ім удалося знішчыць 14 крылатых ракет Х-101/х-555, «Калібр» і дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59. Паведамляецца, што частка крылатых ракет Х-22 дасягнула сваіх мэтаў: удары прыйшліся па аб'ектах крытычнай інфраструктуры.

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua/

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua/

У камандаванні паветраных сіл Украіны падкрэслілі, што на гэты момант Украіна не мае на ўзбраенні сродкаў, што здольныя знішчаць ракеты тыпу Х-22.

Расіяне ўначы запускалі па тэрыторыі Украіны не толькі ракеты, але і БПЛА. Ёсць траплянні на поўначы і захадзе Украіны, а таксама ў Днепрапятроўскай і Кіраваградскай абласцях. Са слоў кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта Ярмака, расіяне крыху змянілі тактыку: яны праводзяць актыўную выведку, ужываюць фальш-цэлі. «Але СПА справілася з большасцю варожых ракет і БПЛА», — дадаў ён. Так, РФ уначы ўдарыла па аб'екце крытычнай інфраструктуры ў Львоўскай вобласці. Пацярпелых няма, пажар ужо патушаны, паведаміў кіраўнік АВА Максім Казіцкі.

Расія плануе масіраваную атаку 23-24 лютага, лічыць сакратар Рады Нацбяспекі і абароны Украіны Данілаў:

«Яны рыхтуюцца і будуць спрабаваць 23-24 лютага зрабіць яшчэ адну спробу масіраванай атакі. Да гэтага трэба спакойна ставіцца. Мы да гэтага гатовыя. Я думаю, што мы ўжо разумеем, што такое атакі, калі «прымалі» за адзін дзень 115–120 ракет. Справімся і з гэтым днём».

Генштаб агучыў арыенціровачныя страты расійскай арміі на раніцу 15 лютага: асабовага складу — каля 140 460 (+690 за суткі).

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua/

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua/

Войска РФ засяроджвае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках, у раёнах Гранікаўкі, Бахмуту, Аўдзееўкі, Мар'інкі і Вуглядару, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі арміі РФ у раёнах больш за 15 населеных пунктаў. У прыватнасці, каля Белагораўкі і Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці і Фёдараўкі, Бахмута, Дыліеўкі, Аўдзееўкі, Вадзянога, Першамайскага, Мар'інкі, Наваміхайлаўкі, Вуглядара, Прачыстоўкі і Навасёлкі Данецкай вобласці.

У Сімферопалі мясцовы Цэнтр крыві прыступіў да масавага збору крыві ў мясцовых жыхароў і дастаўцы крыві з іншых станцый пералівання крыві ў Крыме. Таксама актыўна праводзіцца прапаганда ва ўстановах усіх формаў уласнасці па прыцягненні да донарства як мага большай колькасці людзей з-за шматлікіх параненых расійскіх вайскоўцаў на ўсіх напрамках баявых дзеянняў. Адкрываюцца дадатковыя станцыі пералівання крыві ў Растоўскай, Белгародскай і Варонежскай абласцях.

Украіна адкрыта ў пытаннях падсправаздачнасці выкарыстання амерыканскай дапамогі і актыўна ўзаемадзейнічае з ЗША на многіх узроўнях у прадастаўленні ўсёй неабходнай інфармацыі, заявіла кіраўнік дэпартамента міжнароднага садзейнічання Дзярждэпу ЗША Дафна Рэнд. Яна адзначыла, што атрыманыя даныя дазваляюць даць выразны адказ падаткаплацельшчыкам, а таксама ўраду і Кангрэсу, як і куды выкарыстоўваюцца амерыканскія сродкі.

Паводле яе слоў, пытанне кантролю выдаткаў, выдзеленых для падтрымкі Украіне, з'яўляецца галоўным прыярытэтам адміністрацыі ЗША: «Мы сканцэнтраваныя на гэтым, мы сочым за кожным доларам і імкнемся да самага высокага ўзроўню падсправаздачнасці».

Дафна Рэнд таксама паведаміла, што ЗША маюць намер даць Украіне 9,9 мільярда долараў бюджэтнай дапамогі ўжо ў бліжэйшыя месяцы. Паводле яе слоў, ЗША ўжо далі 13 мільярда долараў бюджэтнай падтрымкі ўраду Украіны.

Выведка Нарвегіі заклікала свет звярнуць увагу на прысутнасць расійскіх субмарын у Арктыцы, якія могуць несці тактычную ядзерную зброю. Выведка адзначае, што пагроза становіцца «больш істотнай», а свет павінен прыкласці намаганні для стрымлівання ядзерных пагроз з боку Расіі. Выведнікі адзначылі, што ключавыя сілы ядзернага стрымлівання цяпер знаходзяцца на падводных караблях Паўночнага флоту РФ.

Урад Вялікабрытаніі абвясціў 24 лютага 2023 года — у гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — агульнанацыянальную хвіліну маўчання. Яна адбудзецца ў 11:00 раніцы. Да хвіліны маўчання далучыцца ў сваёй рэзідэнцыі і прэм'ер Рышы Сунак. Брытанскі ўрад заклікае далучыцца да хвіліны маўчання людзей і арганізацыі па ўсёй краіне.

Расія можа рыхтаваць новы ракетны ўдар па Украіне з акваторыі Чорнага мора, паведаміла спікер Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны «Південь» Наталля Гумянюк. Прычым здарыцца гэта можа і сёння. Па яе словах, у акваторыі Чорнага мора знаходзіцца ўдвая менш варожых караблёў, чым гэта было ў папярэднія дні, — гэта можа быць ускосным сведчаннем падрыхтоўкі да масіраванага ракетнага ўдару. Гумянюк дадала, што расіяне маюць свае караблі паблізу Наварасійска, бо асцерагаюцца, што ў іх пацэляць украінскія ракеты, асабліва на фоне паведамленняў аб прыбыцці дальнабойнай зброі.

Цалкам верагодна, што расійскія войскі правядуць паўторную атаку па Украіне, сказала сёння ўдзень Наталля Гумянюк у эфіры інфармацыйнага тэлемарафона. У прыватнасці, адказваючы на пытанне, ці магчыма паўтарэнне варожай атакі сёння днём, Гумянюк адзначыла наступнае: «Цалкам верагодна, паколькі мы гаворым пра тое, што яны шукаюць новую тактыку, якая будзе для іх выніковай».

Учора, 15 лютага, стала вядома, што пад Луганскам знайшлі пахаванне, імаверна, наймітаў ПВК «Вагнер», паведамляе BBC. Журналісты выявілі згадкі пра 37 мужчын, даныя якіх супадаюць з надпісамі на магільных таблічках паблізу Луганска. На сайтах расійскіх судоў выкладзеныя прысуды ў дачыненні да 20 чалавек, якія з'яўляюцца поўнымі цёзкамі пахаваных. Усе яны павінны былі адбываць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі ў Расіі.

Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце паведаміў, што гэты дзень, 15 лютага, быў падрыхтоўчым — як да міжнародных мерапрыемстваў, якія адбудуцца 16-17 лютага, так і ў дачыненні да больш працяглай перспектывы: «Абарончыя пытанні, эканамічныя — і тое, і другое з прыцэлам на вясну гэтага года. Мы павінны зрабіць вясну такой, каб сапраўды адчувалася, што Украіна рухаецца да перамогі. Гэта тычыцца падрыхтоўкі нашых сіл абароны, пастаўкі зброі для нашай дзяржавы і нашай стратэгічнай ініцыятывы ў вайне».

Паводле korrespondent.net, www.ukrinform.ua, Украінская служба РБК; сацсеткі; УНІАН