497-мы дзень вайны. Украінскі контрнаступ з'яўляецца менш драматычным і хуткім, але паспяховым
Чалавек заўсёды хоча ўсяго і адразу — так уладкавана ягоная прырода. Але так не бывае. І гэта падкрэсліваюць эксперты, каментуючы ўкраінскі контрнаступ. Тое, што ён марудны, не азначае яго непаспяховасць альбо нейкі правал. Украіна мае поспехі, хоць яны і не такія ўражвальныя, як летась.
Сітуацыя на фронце ад УСУ
Справаздача Генеральнага штаба УСУ паведамляе, што на працягу 4 ліпеня паміж сіламі абароны Украіны і расійскімі акупантамі адбылося 40 баявых сутыкненняў на 4 кірунках. Праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках, там працягваюцца цяжкія баі. На працягу сутак адбылося 40 баявых сутыкненняў.
Верагоднасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай.
На Валынскім і Палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен.
Як паведаміў спікер Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў падчас прамога ўключэння з Military Media Center у тэлемарафоне, на Бахмуцкім кірунку ўкраінскія войскі працягваюць весці наступальныя дзеянні. «Паўночней і паўднёвей горада Бахмут працягваюць аказваць ціск на праціўніка, выбіваюць з раней захопленых рубяжоў. У раёне Клішчыеўкі маюць частковы поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — распавёў ён.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскім вайскоўцам атрымалася замацавацца на новых пазіцыях паблізу Бахмута. УСУ працягваюць весці наступальныя дзеянні адразу па некалькіх напрамках.
«Праблемы з баявымі магчымасцямі Расіі, верагодна, працягваюць уплываць на здольнасць расійскіх сіл абараняцца ад украінскіх контратак у раёне Бахмута. ISW раней ацэньвала, што праблемы розных расійскіх груповак Бахмуцкай восі разам з відавочнымі збоямі ў камандаванні і кіраванні, верагодна, перашкаджалі сілам РФ у гэтым раёне праводзіць эфектыўныя абарончыя аперацыі», — гаворыцца ў справаздачы інстытута.
Акрамя таго, расійскія крыніцы працягвалі сцвярджаць, што ўкраінскія сілы дзейнічаюць паблізу Антонаўскага моста на ўсходнім (левым) беразе Херсонскай вобласці, нягледзячы на спробы Мінабароны Расіі запэўніць, што расійскія сілы цалкам кантралююць гэтую тэрыторыю.
Адзін расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што ля Антонаўскага моста ідуць цяжкія баі, а другі папярэдзіў, што ўкраінскія войскі перагрупуюць і папаўняюць падраздзяленні, каб падрыхтавацца да далейшых нападаў праз Дняпро.
Атакі з паветра ў абодва бакі
У расійскім Белгарадзе былі чутныя гучныя выбухі позна ўвечары ўчора, 4 чэрвеня. Неўзабаве пасля серыі гучных выбухаў губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ў абласным цэнтры нібыта спрацавала СПА. Таксама ён дадаў, што аператыўныя службы прама цяпер удакладняюць наступствы выбухаў на зямлі. Паводле яго, папярэдне, пацярпелых і разбурэньняў няма.
Увечары 4 ліпеня ў акупаванай Макееўцы прагрымелі некалькі выбухаў, над горадам назіраюць клубы дыму. Цэнтр стратэгічных камунікацый Узброеных Сіл Украіны заявіў аб знішчэнні ў Макееўцы склада арміі РФ.
Сілы супрацьпаветранай абароны Украіны ўначы 5 ліпеня збілі над Днепрапятроўскай вобласцю расійскі беспілотнік тыпу «Шахед». Акрамя таго раніцай вораг нанёс удар з БпЛА па Марганецкай грамадзе, што на Нікапальшчыне. Папярэдне пацярпелых няма.
4 ліпеня ў 13:37 у горадзе Першамайскі Харкаўскай вобласці армія РФ нанесла ўдар ракетай «Іскандэр», пацярпелі 43 чалавекі, сярод іх 12 дзяцей. Пашкоджаны 8 шматпавярховых дамоў, гарэлі аўтамабілі.
Вялікабрытанія лічыць страты Расіі
Камандуючы ўзброенымі сіламі Вялікабрытаніі Тоні Радакін у Financial Times сказаў, што войска Расіі страціла ва Украіне амаль палову сваёй баяздольнасці.
«Расія страціла амаль палову баяздольнасці свайго войска. У мінулым годзе яна выпусціла 10 млн артылерыйскіх снарадаў, але ў лепшым выпадку можа вырабляць 1 млн снарадаў на год. Яна страціла 2,5 тысяч танкаў, а ў лепшым выпадку можа вырабляць 200 новых танкаў на год».
Са слоў камандуючага, высокая шчыльнасць расійскіх мінных палёў, адсутнасць паветранага прыкрыцця ва ўкраінскіх сіл і не ў поўнай меры прадстаўленае вайсковае абсталяванне, якое прасіў Кіеў, ускладнілі контрнаступальную кампанію. У той жа час, адзначыў Радакін, было несправядліва прывязваць украінскія наступальныя дзеянні да вызначанага тэрміну і што контрнаступленне з'яўляецца комплексам мер.
Выведка Вялікабрытаніі адзначае, што генералы Сяргей Суравікін і Юнус-бек Еўкураў не з'яўляюцца на публіцы пасля ўзброенага бунту Яўгена Прыгожына і групы «Вагнер», і лічыць гэта прыкметай расколу ў расійскай сістэме нацбяспекі.
Як адзначылі ў выведцы, галоўнакамандуючы Паветрана-касмічных сіл РФ Суравікін не з'яўляўся на публіцы пасля бунту «вагнераўцаў», а Еўкурава не было на пасяджэнні кіраўніцтва Мінабароны РФ 3 ліпеня, якое транслявалася па тэлебачанні. У ведамстве нагадалі, што на відэа трапіла размова Еўкурава з Прыгожыным падчас захопу групай ваенных аб'ектаў Растова-на-Доне.
Брытанскія выведнікі не пацвярджаюць звесткі, што Суравікін арыштаваны, але адзначаюць, што ён можа знаходзіцца пад падазрэннем праз працяглыя сувязі з «Вагнерам», пачынаючы з ягонай службы ў Сірыі з 2017 года.
«Падазрэнне, якое патэнцыйна ўпала на высокіх расійскіх камандзіраў, падкрэслівае, як няўдалы мяцеж Прыгожына пагоршыў існыя лініі расколу ў расійскай сістэме нацыянальнай бяспекі», – гаворыцца ў паведамленні.
Інстытут вывучэння вайны пра контрнаступ
Бягучыя тэмпы аперацый украінскіх сіл не сведчаць пра тое, што сітуацыя зайшла ў тупік, і Украіна не можа вярнуць большую частку сваіх тэрыторый, гаворыцца ў справаздачы ISW.
У інстытуце нагадалі, што ўкраінскія сілы праводзілі павольныя і паступовыя кампаніі блакавання раёнаў канцэнтрацыі расійцаў на ўсходнім беразе Херсонскай вобласці і абмежаваныя наземныя атакі на Заходнім беразе ў перыяд са жніўня да лістапада 2022 года, перш чым канчаткова прымусіць расійцаў сысці з правага берага ў сярэдзіне лістапада.
У той жа час, у ISW адзначылі, што расійскае зімова-вясновае наступленне завяршылася крыху больш, чым праз месяц, не дасягнуўшы значных поспехаў уздоўж мяжы Луганскай і Харкаўскай абласцей.
«Сітуацыя на поўдні Украіны, вядома, іншая, таму што тут няма натуральных умоў, калі расійцы маглі разлічваць усяго на два масты праз Днепр. Тым не менш, украінскае контрнаступленне на Херсон складалася з фаз адносна хуткага прасоўвання і працяглых перыядаў падрыхтоўкі, баёў, накіраваных на знясіленне расійскіх сіл, і абмежаваных дасягненняў, што ў канчатковым выніку зрабіла расійскія пазіцыі на Заходнім беразе ракі слабымі.
Цяперашняе ўкраінскае контрнаступленне з'яўляецца менш драматычным і хуткім, чым тое, падчас якога была вызвалена вялікая частка Харкаўскай вобласці, але больш паспяховым, чым няўдалае расійскае зімова-вясновае наступленне. У цэлым па сваім тэмпу і пачатковым прагрэсе яно падобна на больш павольнае, але паспяховае Херсонскае контрнаступленне», — адзначаюць эксперты ISW.
Паводле ВВС, Украінская праўда, Карэспандэнт, РБК-Украіна