507-мы дзень вайны. На поўдні УСУ прасунуліся на 1700 метраў, Залужны зрабіў заяву наконт Крыма

Сабралі звесткі пра апошнія падзеі вайны ва Украіне.

Фота t.me/dnipropetrovskaODA

Фота t.me/dnipropetrovskaODA

У ноч на 15 ліпеня расійцы атакавалі Украіну шасцю ўдарнымі дронамі тыпу «Шахед» з паўднёвага напрамку. З іх тры былі збітыя на Мікалаеўшчыне, яшчэ адзін «прызямлілі» на Усходзе.

«У ноч на 15 ліпеня 2023 года праціўнік атакаваў шасцю ўдарнымі дронамі тыпу «Шахед» з паўднёвага напрамку. Сіламі і сродкамі паветраных сіл на поўдні і ўсходзе краіны знішчаныя чатыры варожыя ўдарныя дроны», — гаворыцца ў паведамленні Паветраных сіл УСУ.

За мінулыя суткі было ліквідавана, як паведамлялі раней, 16 з 17 варожых «Шахедаў», а таксама тры выведвальныя БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню («Арлан», Zala), тры ўдарныя дроны тыпу «Ланцэт».

У ноч на 15 ліпеня неаднаразова аб'яўлялі паветраную трывогу ў паўднёвых абласцях Украіны, у прыватнасці, з-за пагрозы прымянення балістычнага ўзбраення і ўдарных дронаў.

 

Фота t.me/landforcesofukraine

Фота t.me/landforcesofukraine

Сілы абароны Украіны вядуць контрнаступленне на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках. Украінскія ваяры стойка стрымліваюць спробы акупантаў наступаць. Пра гэта заявілі ў свежай зводцы Генеральнага штаба УСУ.

Паводле агучанай інфармацыі, асноўныя намаганні расійцы засяродзілі на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках, тут працягваюцца цяжкія баі. Усяго за суткі адбыліся 32 баявыя сутыкненні.

На Северскім і Слабажанскім напрамках акупанты ўдарылі авіяцыяй у раёне Радзькоўкі Сумскай вобласці. Пры гэтым расійцы білі з мінамётаў і артылерыі па больш чым 15 населеных пунктах.

На Купянскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы трымаюць абарону. Расійцы ўдарылі артылерыяй і мінамётамі па шэрагу населеных пунктаў.

На Ліманскім кірунку захопнікі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні на захад ад Дзібровы Луганскай вобласці і на ўсход ад Навасадавага Данецкай вобласці. Пад артылерыйскія абстрэлы трапілі больш за 15 населеных пунктаў.

На Бахмуцкім кірунку пад агнём авіяцыі і артылерыі праціўніка байцы Сіл абароны Украіны паспяхова адбілі ўсе атакі расійцаў. Ад артылерыі акупантаў пацярпелі больш за 15 населеных пунктаў.

На Аўдзееўскім кірунку расійцы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Першамайскага. Акупанты здзейснілі артылерыйскія абстрэлы больш за 10 населеных пунктаў.

На Мар'інскім кірунку ўкраінскія ваяры стрымліваюць наступ ворагаў у раёне Мар'інкі. Расійцы абстралялі больш за 15 населеных пунктаў.

На Шахцёрскім кірунку захопнікі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці, а таксама ажыццявілі абстрэлы населеных пунктаў Параскавееўка, Наваміхайлаўка, Макараўка, Новаўкраінка, Благадатнае і Богаяўленка.

На Запарожскім і Херсонскім кірунках расійцы спрабуюць не дапусціць прасоўванне ўкраінскіх войскаў. Акупанты нанеслі авіяцыйныя ўдары па больш чым 25 населеных пунктаў.

У сваю чаргу сілы абароны Украіны вядуць наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, наносяць агнявое паражэнне артылерыяй па праціўніку, ажыццяўляюць мерапрыемствы контрбатарэйнай барацьбы, адзначае Генштаб УСУ.


Фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) у сваю чаргу падкрэсліваюць, што ўкраінскія вайскоўцы дамагліся частковага поспеху на кірунку Белая Гара — Андрэеўка, што на паўднёвы захад ад Бахмута.

Украінскі намеснік дырэктара дэпартамента планавання прымянення Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнай гвардыі Украіны палкоўнік Мікалай Уршаловіч заявіў, што ўкраінскія сілы прасунуліся больш чым на 1700 метраў на некаторых участках на Мелітопальскім кірунку. Расійскія ваенкары сцвярджалі, што ўкраінскія абаронцы ажыццявілі лакальны прарыў абарончых рубяжоў РФ на поўнач ад Прытульнага, што за 15 км на паўднёвы захад ад вялікай Навасёлкі.


Фота libkos

Фота libkos

На Бахмуцкім кірунку за мінулыя суткі сіламі абароны Украіны знішчаныя 77 расійскіх  расійскіх захопнікаў. Украінскія абаронцы захавалі за сабой ініцыятыву.

«На паўднёвым і паўночным флангах (горада Бахмут) нашы падраздзяленні сіл абароны ціснуць на ворага, штурмуюць яго пазіцыі, і таму вораг аказвае люты супраціў. 408 разоў вораг за гэтыя суткі абстраляў нашы пазіцыі, здзейсніў адзін авіяналёт. Усяго за суткі на гэтым кірунку адбылося 15 боесутыкненняў, у якіх знішчана 77 акупантаў, 172 параненыя і два ўзятыя ў палон», — паведаміў спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты.

Таксама былі знішчаны два танкі, бронетранспарцёр, сем гармат, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, зенітна-ракетны комплекс «Страла-10», супрацьтанкавы ракетны комплекс і адзін беспілотнік.

Асобна прадстаўнік распавёў, што на Лімана-Купянскім кірунку вораг самы актыўны.

«За гэтыя суткі ён двойчы атакаваў у раёне Дубровы Луганскай вобласці і Навасадавага Данецкай вобласці. Гэты кірунак з'яўляецца лідарам па ўжыванні артылерыі, рознага тыпу мінамётаў, ствольнай артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню. За гэтыя суткі вораг здзейсніў 570 абстрэлаў, 11 авіяналётаў. Падчас адбіцця 11 акупантаў знішчылі, 68 паранілі і аднаго ўзялі ў палон», — сказаў спікер.


Скрыншот відэа unian.net 

Скрыншот відэа unian.net 

Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Валерый Залужны заявіў, што Крым будзе пад кантролем Кіева, нават калі супраць гэтага выступяць хаўруснікі. У інтэрв'ю The Washington Post генерал даў абяцанне наконт паўвострава. «Як толькі ў мяне будуць сродкі, я што-небудзь зраблю. Мне напляваць — мяне ніхто не спыніць», — заявіў Залужны.

Таксама ён раскрыў сваю канцэпцыю перамогі Украіны і адзначыў, што наперадзе яшчэ вельмі вялікі аб'ём працы.

«Перамога будзе тады, калі ў нас будзе войска — можа быць, нават немалое, — якое будзе гарантаваць бяспеку дзяцей, якія цяпер ездзяць у вазках, каб яны раслі, ведаючы, што такога больш не паўторыцца...», — сказаў галоўнакамандуючы.