536-ты дзень вайны. Падчас абстрэлу загінула сям'я, дзіцю не было і месяца
Расія адмаўляецца фінансаваць ПВК Вагнера, гэты абавязак возьме на сябе рэжым Лукашэнкі, паведамляе брытанская выведка. Новыя дроны на ўзбраенні Украіны і Беларусі. Чарговыя ахвяры сярод мірных жыхароў. Што яшчэ адбылося на палітычных і ваенных франтах па стане на 13 жніўня.
Расію працягваюць атакаваць беспілотнікі
У Мінабароны РФ зрабілі справаздачу аб збіцці дронаў над Белгародскай і Курскай абласцямі.
Rheinmetall паставіць Украіне выведвальныя дроны новага пакалення Luna NG
Гэта адбудзецца да канца 2023 года. Дзякуючы лёгкай і трывалай канструкцыі фюзеляжа з CFRP, час палёту LUNA NG складае больш за 12 гадзін, а далёкасць перадачы даных больш за 100 км. Ён таксама можа весці радыёперахоп і ставіць радыёперашкоды.
Акрамя гэтага, БПЛА можа несці да 8 мультыкопцераў Hero R для нанясення высокадакладных удараў.
РФ пачала атакаваць Украіну шахедамі ўласнай вытворчасці
Завод, які Іран будаваў у Расеі, верагодна, ужо запрацаваў. Пра гэта заяўляе брытанская даследчая група Conflict Armament Research.
Унутры знішчанага дрона знайшлі электронныя модулі, якія РФ выкарыстоўвае для будаўніцтва разведвальных БПЛА. Канструкцыя корпуса і ўнутраныя модулі адрозніваюцца ад дронаў іранскай вытворчасці. Іншыя дэталі расійскіх БПЛА, гэтак жа як і іранскіх, былі зробленыя за межамі РФ, у 22 кампаніях з 7 розных краін, больш за ўсё з Кітая, Швейцарыі і ЗША.
Што паведамляе Генштаб УСУ
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24 лютага 2022 года дасягаюць каля 253 тыс.850 чалавек, з якіх 560 былі ліквідаваныя за мінулыя суткі. Цягам мінулых дзён украінская авіяцыя нанесла 10 удараў па раёнах засяроджвання расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі. У той жа час, ракетныя войскі і артылерысты пабілі зенітна-ракетны комплекс, склад боепрыпасаў, станцыю радыёэлектроннай барацьбы і тры артылерыйскіх сродкі расейцаў на агнявой пазіцыі.
*****
У шэрагах расейскіх вайскоўцаў пачасціліся выпадкі дэзерцірства. На акупаванай Херсоншчыне, у часова акупаваным населеным пункце Гарнастаеўка расійскія вайскоўцы абыходзяць будынкі ў пошуках уцекачоў.
«Да такіх дзеянняў камандаванне звяртаецца праз тое, што сярод ізноў прыбылых вайскоўцаў РФ, якія знаходзяцца ў населеным пункце і на яго ўскраінах, істотна павялічылася колькасць не толькі дэзерціраў, але і асоб, якія ўжываюць алкагольныя напоі і наркатычныя рэчывы», — гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
*****
УСУ дасягнулі «тактычна значнага» прагрэсу ў контрнаступе — The New York Times
Паводле выдання, украінскія войскі прасунуліся прыкладна на 16-19 км на паўднёвым напрамку, каб перарэзаць лініі паставак расіян. УСУ прасоўваюцца праз сяло Старамаёрскае да Бярдзянска і далей да Мелітопаля.
«Гэта прасоўванне тактычна важна, бо перадыслакацыя УС РФ яшчэ больш аслабіць абарону, ствараючы магчымасці для ўкраінскага прарыву, які можа стацца патэнцыйна вырашальным».
Абстрэлы і ахвяры сярод мірных жыхароў
Акупанты абстралялі 9 абласцей з розных відаў узбраення — мінамёты, ствольная і рэактыўная артылерыя, АТРК, ударныя БПЛА, тактычная авіяцыя. Былі атакаваныя 114 населеных пунктаў і 49 аб'ектаў інфраструктуры.
Улады Запарожжа паведамляюць пра 10 пацярпелых ад абстрэлаў.
За мінулыя суткі 114 расійскіх абстрэлаў прыйшлося па 19 гарадах і вёсках Запарожскай вобласці, паведаміла абласная ваенная адміністрацыя Запарожжа.
У выніку ўдару кіраванай авіябомбай па прыфрантавым горадзе Арэхава пацярпелі 10 чалавек, у тым ліку праваахоўнікі.
Загінуў 31-гадовы паліцэйскі. Раненні атрымала сям'я — мужчыны 20 і 70 гадоў і жанчыны 39 і 66 гадоў.
Разбураныя таксама 13 жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў.
Раніцай 13 жніўня расейцы абстралялі сяло Шырокая Балка і Станіслаў на Херсоншчыне: ёсць загінулыя.
У Шырокай Балцы ў выніку варожага артылерыйскага абстрэлу загінуў мясцовы жыхар і сям'я — муж, жонка і іх дачка, якой усяго 23 дні ад нараджэння. 12-гадовага сына шпіталізавалі ў цяжкім стане. Стан дзіцяці крытычны.
У Станіслававе зафіксавана 12 прылётаў. Загінулі 2 чалавекі. Яшчэ 1 жанчына траўмаваная. Атрымлівае медыцынскую дапамогу.
Усяго за раніцу на Херсоншчыне — яшчэ 6 ахвяраў расейскай агрэсіі.
На Змяіным аднавілі памежны знак
На вызваленым востраве Змяіны ўсталявалі ўкраінскі памежны знак. Востраў Змяіны, які мае стратэгічнае вайсковае і эканамічнае значэнне, быў захоплены расійскімі войскамі 24 лютага 2022 года. Ён стаў вядомым дзякуючы сваім абаронцам, якія ў першыя дні расійскай агрэсіі самааддана адбівалі атакі ворага. Калі камандаванне расійскага крэйсера, які бамбіў востраў, патрабавала капітуляцыі, абаронцы далі адказ, які стаў легендарным ва ўсім свеце. Украінская пошта прысвяціла памятную марку абаронцам вострава.
*****
Ці будзе рэжым Лукашэнкі фінансаваць «Вагнера»?
Верагодна, цяпер ПВК Вагнера «знаходзіцца на мяжы скарачэнняў і рэканфігурацыі ўнутранай структуры, каб сэканоміць выдаткі на зарплату персаналу ў "цяжкі" для сябе перыяд», лічыць брытанская разведка.
Там падкрэсліваюць, што пасля спробы бунту з боку Прыгожына ў чэрвені 2023 года РФ пачала «вайну» супраць бізнесаў былога кухара Пуціна. Магчыма, цяпер фінансаваннем ПВК «Вагнер» займаецца Беларусь.
«Ёсць рэалістычная магчымасць таго, што Крэмль больш не фінансуе групу. Калі расейская дзяржава больш не плаціць "Вагнеру", то іншым найбольш верагодным плацельшчыкам з'яўляюцца беларускія ўлады», — паказвае Мінабароны Брытаніі.
Брытанскія разведчыкі таксама кажуць, што ўтрыманне «вагнераўцаў» — патэнцыйна непажаданы расход беларускіх рэсурсаў, бо яны даволі пасрэдныя для такіх фінансаванняў.
У Беларусь найміты ПВК «Вагнер» пачалі пераязджаць пасля бунту, арганізаванага яе заснавальнікам Яўгенам Прыгожыным у канцы чэрвеня 2023 года.