540-вы дзень вайны: Легендарны «Азоў» аднавіўся і вярнуўся на фронт

Зяленскі падпісаў законы аб падаўжэнні дзеяння ваеннага становішча і ўсеагульнай мабілізацыі на 90 дзён — да 15 лістапада 2023 года.

365972744_640339438279138_2090751467342754900_n.jpg

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання 2,4 мільёны ўкраінцаў з'ехалі за мяжу і пакуль не вярнуліся. Даныя грунтуюцца на статыстыцы ад Дзяржпагранслужбы.

Легендарны «Азоў» аднавіўся 

Брыгада спецыяльнага прызначэння «Азоў» ужо аднавіла свае сілы і ўжо выконвае баявыя задачы ў Луганскай вобласці.

Пра гэта паведаміў дырэктар Дэпартамента планавання Нацыянальнай гвардыі Украіны палкоўнік Мікалай Уршаловіч падчас брыфінгу.

«Легендарная брыгада спецыяльнага прызначэння «Азоў» аднавілася і прыступіла да выканання баявых задач у раёне Серабранскага лясніцтва», — сказаў ён.

Уршаловіч дадаў, што вайскоўцы «Азова» надзейна ўтрымліваюць занятыя рубяжы і наносяць праціўніку каласальныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.

Першы карабель выйшаў з адэскага порта пасля разрыву «хлебнага пагаднення»

Першы цывільны карабель увечары 16 жніўня прайшоў праз новы ўкраінскі гуманітарны калідор і рухаецца ў кірунку Басфора. «Украіна зрабіла важны крок да аднаўлення свабоды суднаходства ў Чорным моры», — заявіў Зяленскі.

Кантэйнеравоз «Joseph Schulte», які ўчора выйшаў з порта Адэсы па часовым калідоры павінен прыбыць у Стамбул сёння ўвечары. Апошні раз карабель у рамках «хлебнага пагаднення» выходзіў з адэскага порта месяц таму — 16 ліпеня.

NATO і Украіна

Кулеба заявіў, што Украіна не мае намеру саступаць свае тэрыторыі для ўступлення ў NATO. Паводле яго слоў, сам генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг мае выразную пазіцыю з нагоды немагчымасці "гандлю" ўкраінскімі тэрыторыямі. 

«Прэзідэнт неаднаразова меў зносіны з генеральным сакратаром Столтэнбергам, я падтрымліваю з ім вельмі цесныя адносіны і запэўніваю вас, што пазіцыя генеральнага сакратара абсалютна выразная і менавіта такая, як ва Украіны: ніякага гандлю ўкраінскімі тэрыторыямі быць не можа», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

У ЗША не абмяркоўваюць магчымасць уступлення Украіны ў NATO ў абмен на адмову ад часткі тэрыторый на карысць Расіі, заявіў каардынатар стратэгічных камунікацый Белага дома Джон Кірбі. Ён падкрэсліў, што пазіцыя Вашынгтона палягае ў тым, што ў перспектыве Украіна зможа стаць чальцом NATO, але цяпер асноўная ўвага засяроджаная на дапамозе Кіеву ў барацьбе з расійскай агрэсіяй і вяртанні сваіх тэрыторый. «Яны дасягаюць прагрэсу штодня, і мы будзем працягваць іх падтрымліваць», — дадаў Кірбі.

  • Балгарскі ўрад падтрымаў дэкларацыю краін G7 аб гарантыях бяспекі для Украіны. Такім чынам, Балгарыя стала 16-й краінай, якая падтрымала гэтую дэкларацыю.

Навіны вайны

  • Расіяне абстралялі Купянскі раён Харкаўскай вобласці, адзін чалавек загінуў

Каля 10-й гадзіны раніцы расіяне  абстралялі Зааскілле Купянскага раёна Харкаўскай вобласці. На жаль, мірны жыхар загінуў. 

Пра гэта паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў у сваім Telegram-канале.

У выніку абстрэлу загінула жанчына 1962 года нараджэння. А яшчэ адна жанчына 1963 года нараджэння атрымала аскепкавыя раненні. Ёй была аказана дапамога на месцы.

  • У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў, сямёра атрымалі раненні. 
  • У Данецкай вобласці двое параненых, паводле даных АВА

Расіяне сцягваюць сілы на Бахмуцкі кірунак з поўначы і поўдня Украіны, распавёў «Радыё Свабода» намеснік камандзіра 3-й штурмавой брыгады Максім Жорын. Паводле яго слоў, цяпер на гэтым кірунку ваююць дэсантныя войскі, кадыраўскае падраздзяленне «Ахмат» і фарміраванне «Эспаньёла» з фанатаў футбольнага клуба ЦСК. Жорын дадаў, што цяпер у войску РФ няма праблем з папаўненнем падраздзяленняў.

  • За раніцу збілі 2 верталёты

Вайскоўцы 47-й асобнай механізаванай брыгады паведамілі, што знішчылі з ПЗРК расійскі верталёт Ка-52 у раёне Рабоціна Запарожскай вобласці.

365964641_640354641610951_2054885345163702670_n.jpg

На Бахмуцкім кірунку раніцай збілі яшчэ адзін расійскі верталёт Ка-52, паведаміла камандаванне паветраных сіл.

Украінскія войскі мелі поспех на поўдзень ад вызваленага напярэдадні Ураджайнага, паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 17 жніўня: асабовага складу — каля 256 050 (+480) чалавек ліквідавана.

rf_straty_17_08_2023.jpg

За мінулыя суткі на фронце адбылося 20 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, на Купянскім кірунку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Сянькоўкі Харкаўскай вобласці, на Бахмуцкім — у раёне Багданаўкі Данецкай вобласці.

На Аўдзееўскім кірунку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі, на Мар'інскім — у раёне Мар'інкі. Сілы абароны таксама працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках.