581-шы дзень вайны. Украіна засяродзіцца на знішчэнні баявога патэнцыялу расійскіх войск
Чаму пасля прарыву першай лініі абароны Расіі каля Вербавага мы не чуем нічога пра хуткае прасоўванне ўкраінскіх войскаў? Расія, імаверна, перакінула туды элітныя вайсковыя часткі, а Украіна змяніла тактыку контрнаступу.
Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы кажа, што сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім кірунку, наступальныя (штурмавыя) дзеянні на Бахмуцкім кірунку, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту.
Усяго за мінулыя суткі на фронце адбылося 26 баявых сутыкненняў. Расійцы нанеслі 10 ракетных і 77 авіяцыйных удараў, ажыццявілі 44 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню як па пазіцыях украінскіх войскаў, так і па грамадзянскіх аб'ектах.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ўкраінскія войскі атрымалі поспех паблізу Іванаўскага, Кляшчэеўкі, Арадаўкі і Зайцава Данецкай вобласці. Таксама ўкраінскія сілы прасунуліся на захадзе Запарожскай вобласці.
Расійскія «ваенкоры» сцвярджалі, што ўкраінскія войскі працягнулі штурм, а войскі РФ адышлі з пазіцый уздоўж участка чыгуначнага шляху на паўночны ўсход ад Кляшчэеўкі.
У справаздачы ISW гаворыцца, што УСУ дасягнулі паўночнай ускраіны Новапракопаўкі. Падраздзяленні 42-й мотастралковай дывізіі РФ у той час дыслакуюцца пад Такмакам, аднак расійскае камандаванне не ўкамплектавала глыбокую шматэшаланаваную абарону на поўдні Украіны.
* * *
Напружанасць паміж расійскімі падраздзяленнямі, якія дзейнічаюць на перадавой і ў тыле Заходняй Запарожскай вобласці пагражае цэласнасці расійскай абароны, і спрыяе контрнаступленню УСУ, таксама піша ISW. Паводле іх інфармацыі, мабілізаваны з Рэспублікі Паўночная Асеція-Аланія Арсен Тэміраеў, які служыць у 70-м гвардзейскім мотастралковым палку, 25 верасня апублікаваў відэа, на якім сцвярджаецца, што расійскія вайскоўцы 70-га палка збілі яго і яшчэ двух байцоў 71-га гвардзейскага мотастралковага палка.
Тэміраеў сцвярджаў, што вайсковая паліцыя спытала пра ягоную этнічную прыналежнасць, і сказала, што «Расія для рускіх». Тэміраеў паскардзіўся: думаў, што «нацысты па іншы [ўкраінскі] бок, [а] аказваецца, яны [нацысты] сярод нас».
На думку ваенных аналітыкаў, міжэтнічная напружанасць паміж расійскімі падраздзяленнямі, якія дзейнічаюць на перадавой і ў тыле Запарожскай вобласці, можа паставіць пад пагрозу цэласнасць расійскай абароны і згуртаванасць падраздзяленняў на фоне нядаўніх украінскіх дасягненняў у гэтым раёне.
* * *
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter піша, што Расія ў сярэдзіне верасня, хутчэй за ўсё, упершыню задзейнічала часткі сваёй новай 25-й агульнавайсковай арміі. Фарміраванне пачало рух ва Украіну з канца жніўня 2023 года.
Як адзначаецца ў зводцы, падраздзяленні двух манеўраных кампанентаў арміі, 67-й мотастралковай дывізіі і 164-й асобнай мотастралковай брыгады вядуць баявыя дзеянні на ўчастку фронту на захад ад Севераданецка і Крамянной, уздоўж мяжы паміж Данецкай і Луганскай абласцей.
Паводле звестак брытанскай выведкі, з пачатку ўварвання Расія толькі зрэдку захоўвала незадзейнічаную групоўку памерам з армію, якая патэнцыйна магла б скласці аснову для новага буйнога наступальнага ўдару.
«Улічваючы, што 25-ая армія разгортваецца па частках для ўзмацнення празмерна расцягнутай лініі (абароны), новы ўзгоднены расійскі наступ у найбліжэйшыя тыдні малаверагодны», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.
* * *
Расійскія акупанты ўначы 27 верасня нанеслі ўдары па Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці, у выніку чаго 2 чалавекі атрымалі раненні, знішчаная гаспадарчая пабудова, пашкоджана прыватнае прадпрыемства, газаправоды і ЛЭП.
За мінулыя суткі ў выніку абстрэлаў і авіяўдараў расійскіх вайскоўцаў у Херсонскай вобласці былі параненыя 12 чалавек, на досвітку 27 верасня быў авіяўдар паблізу Мікалаеўкі Берыслаўскага раёна. Інфармацыя аб пацярпелых і разбурэннях высвятляецца.
* * *
Прарыў сіламі абароны Украіны каля Вербавай Запарожскай вобласці можа насіць тактычны характар, і цяпер байцы УСУ, верагодна, сканцэнтруюцца на перамолванні варожых рэсурсаў і знішчэнні баявога патэнцыялу праціўніка на гэтым участку фронту, заявіў у інтэрв'ю РБК-Украіна ваенны эксперт, былы начальнік прэс-службы Генеральнага штаба Уладзіслаў Селязнёў.
«Расійцы перакінулі сюды рэзервы прынамсі чатырох дывізій ПДВ, і гэтыя сілы спрабуюць атакаваць з флангаў», — тлумачыць ён.
Спецыяліст лічыць, што штаб Тарнаўскага, хутчэй за ўсё, рэалізуе тактыку паступовага перамолвання варожых рэсурсаў.
«Гэта значыць наша армія сістэматычна знішчае іх артылерыю, бронетэхніку і асабовы склад. Што будзе далей? Я ўпэўнены, што пакуль мы ладна не пакрымсаем падраздзяленні, якія змянілі тых, хто трымаў абарону на "лініі Суравікіна", наўрад ці з'явіцца магчымасць актыўна рухацца наперад. Думаю, у бліжэйшы час мы засяродзімся на знішчэнні іх баявога патэнцыялу», – распавёў эксперт.