606-ты дзень вайны: Расійцы ўдарылі па паштовым аддзяленні на Харкаўшчыне, ёсць ахвяры
21 кастрычніка расійцы нанеслі ўдар па Харкаўскай вобласці. Уладзімір Зяленскі паведаміў аб ахвярах сярод мірнага насельніцтвы ў выніку «прылёту» ў тэрмінал паштовага адззялення.
Кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінегубаў заявіў пра
прынамсі 6 загінулых і 14 параненых. Пазней ён удакладніў, што пацярпелыя ад 19
да 42 гадоў атрымалі асколачныя раненні і выбуховыя траўмы. Сярод
шпіталізаваных 7 чалавек знаходзяцца ў стане сярэдняй цяжкасці, яшчэ сямёра — у
цяжкім стане.
Расійцы ўдарылі па паштовым тэрмінале прынамсі дзвюма ракетамі С-300.
Падчас удару па тэрмінале «Новай пошты» ў Харкаўскай вобласці ў будынку знаходзіліся дзясяткі чалавек. Для ўстанаўлення асоб некалькіх загінулых спатрэбіцца ДНК-экспертыза.
Пра гэта паведаміў начальнік аддзялення паліцыі № 2 Харкаўскага раённага ўпраўлення паліцыі Міхаіл Цап: «Падчас удару там знаходзіліся дзясяткі людзей. Маштабы разбурэння значныя, пажар быў на плошчы каля 300 кв. м, ёсць пашкоджаныя аўто».
«Ёсць загінулыя і параненыя, у тым ліку цяжкія. У іх не было шанцу паспець дабегчы да хованкі, таму што сірэны прагучалі за секунды да», — адзначыла прэс-служба «Новай пошты».
У кампаніі адзначылі, што нядзелю, 22 кастрычніка, абвяшчаюць днём жалобы: «Мы будзем працаваць і ўшаноўваць кожнага загінулага героя "Новай пошты". Кожнага загінулага ў гэтай вайне».
22 кастрычніка каля 7:00 раніцы расійцы абстралялі Купянск, ёсць трапленне ў жылыя дамы. Пра гэта паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Ён заявіў пра трох параненых: «Дзяўчына 15 гадоў і жанчына 63 гадоў шпіталізаваныя ў цяжкім стане, а хлопец 17 гадоў — у стане сярэдняй цяжкасці».
Як паведамляе паліцыя Харкаўскай вобласці, пашкоджаныя ў горадзе Купянску жылыя дамы. У паліцыі адзначаюць, што таксама акупанты абстрэльвалі, у прыватнасці, населеныя пункты Першамайскае, Двурэчная Купянскага раёна, Баравая Ізюмскага раёна, Гацішча, Бударкі Чугуеўскага раёна.
За мінулыя суткі акупанты больш актыўна атакавалі на Купянскім, Ліманскім, Аўдзееўскім, Мар'інскім напрамках, а Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці. Пра гэта паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны. Пры гэтым адзначаецца, што за мінулыя суткі адбылося больш за 80 баявых сутыкненняў.
У Генштабе паведамілі, што на Купянскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі больш за 15 нападаў ворага ў раёнах Сінькоўкі, Іванаўкі Харкаўскай вобласці і Надзежды Луганскай вобласці.
На Ліманскім кірунку сілы абароны адбілі больш за 10 нападаў ворага ў раёнах Белагораўкі Луганскай вобласці, Серабранскага лесу і Спорнага Данецкай вобласці.
На Бахмуцкім кірунку акупанты атакавалі ў раёнах населеных пунктаў Васюкоўка і Андрэеўка Данецкай вобласці, але безвынікова. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, наносяць ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
На Аўдзееўскуім кірунку расійцы не пакідаюць спробаў акружыць Аўдзееўку, але УСУ трымаюць абарону, наносячы праціўніку значныя страты. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні расійцаў у раёнах, Аўдзееўкі, Стэпавага, Тоненькага і Першамайскага Данецкай вобласці. Тут сіламі абароны адбіта больш за 15 нападаў ворага.
На Мар'інскім кірунку акупанты вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі, Краснагораўкі і Пабеды Данецкай вобласці. Адбіта больш за 20 нападаў.
На Шахцёрскім і Запарожскім кірунках УСУ адбілі ўсе атакі ў раёнах Прачыстоўкі, Залатой нівы, Старамайорскага Данецкай вобласці і на поўнач ад Прытульнага Запарожскай вобласці.
У той жа час, Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім кірунку, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту.
На Херсонскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы вядуць контрбатарэйную барацьбу, наносяць агнявое паражэнне па тылах праціўніка.
У Генштабе адзначаюць, што за мінулыя суткі ўкраінская авіяцыя нанесла 12 удараў па раёнах засяроджвання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка. Таксама адзначаецца, што падраздзяленні ракетных войскаў пабілі 7 артылерыйскіх сродкаў, радыёлакацыйную станцыю, склад боепрыпасаў, зенітна-ракетны комплекс і 2 раёны засяроджання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка.
Украінскія войскі адкінулі расійцаў з заходняй ускраіны Рабоціна (10 км на поўдзень ад Арэхава). Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на ўкраінскага вайсковага аглядальніка Канстанціна Машаўца. 21 кастрычніка ўкраінскія войскі працягнулі контрнаступныя дзеянні паблізу Бахмута і на захадзе Запарожскай вобласці.
Расійскія ваенныя блогеры сцвярджалі, што ўкраінскія войскі працягвалі наступ на лініі Рабоціна — Капані — Рабоціна — Новапракапаўка. Вядомы ваенкар сцвярджаў, што ўкраінскія УСУ прасунуліся на захад ад Новафёдараўкі (21 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава) і знаходзяцца на адлегласці 6 кіламетраў ад населенага пункта.
Паводле дадзеных Машаўца, часткі расійскага 247-га паветрана-дэсантнага (ПДВ) палка (7-й дывізіі ПДВ) адступілі на некалькі сотняў метраў у бок Новафёдараўкі.
Затое ў Мінабароны РФ сцвярджаюць, што акупанты адбілі тры ўкраінскія атакі паблізу Івавага (10 км на ўсход ад Рабоціна).
Іншы вядомы расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што ўкраінскія сілы праводзілі механізаваныя штурмы ўздоўж лініі Рабоціна — Новапракапаўка (да 2 км на поўдзень ад Рабоціна) пры падтрымцы да 10 танкаў і баявых браніраваных машын.
Расійцы здзейснілі наземныя атакі на захадзе Запарожскай вобласці, але не рэалізавалі ніводнага пацверджанага наступу. 21 кастрычніка Машавец заявіў, што акупанты контратакавалі на захад ад Вербавага і прасунуліся на 200 метраў у суседняй лясной зоне. Затое часткі рускага 108-га палка ПДВ (7-й дывізіі ПДВ) наступалі ў раёне Новапракопаўкі (16 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава) у бок Малой Такмачкі (9 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава).
Расійскія акупанты ў паніцы з-за прарыву ўкраінскіх воінаў на левы бераг Херсонскай вобласці. Захопнікі з усіх сіл спрабуюць перашкодзіць намаганням Украіны па пастаўках і ўмацаванню нядаўна захопленых пазіцый. Прапагандысты крычалі, што УСУ пагражаюць ім у гэтым раёне, але рэзка зьмянілі рыторыку.
Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW), цяпер акупанты пераконваюць, што прарыў УСУ на левы бераг не такі глабальны, таму прычын для панікі няма. Зрэшты, сярод захопнікаў панічныя настроі толькі ўзмацняюцца.
Затое ўкраінскія вайскоўцы, якія ўдзельнічаюць у наземных аперацыях на левабярэжжы Херсоншчыны, заявілі аб вядзенні баёў за поўны кантроль над вёскай Крынкі (30 км на паўночны ўсход ад Херсона і 2 км ад ракі Днепр).
Расійскія ваенкары сцвярджалі, што УСУ захоўваюць пазіцыі ў Крынках, але не згаджаліся адносна маштабаў гэтых пазіцый. Адзін з іх сцвярджаў, маўляў, украінскія войскі прасунуліся амаль на два кіламетры на поўдзень ад населенага пункта. Іншы казаў, што ўкраінскія сілы кантралююць усе Крынкі, а трэці паспрабаваў абвергнуць гэтае сцвярджэнне, пераконваючы, што расійцы «выціснулі» ўкраінскую дыверсійна-выведвальную групу з пазіцый на паўднёвай ускраіне вёскі.
У ISW адзначаюць, што прапагандысты спрабуюць пераменшыць паразы арміі РФ і распавядаюць, што тыя ўсё яшчэ абстрэльваюць украінскія пазіцыі каля Антонаўскага моста на поўнач ад Алешак (7 км на поўдзень ад Херсона і 4 км ад ракі Днепр) і чыгуначнага Антонаўскага моста на поўнач ад Поймы (10 км на паўднёвы ўсход ад Херсона і 4 км ад Дняпра).
Адзін блогер сказаў, што баявыя дзеянні вяліся паблізу Крынак і Пясчанаўкі (12 км на паўднёвы ўсход ад Херсона і 3 км ад Дняпра). Зрэшты, іншыя крыніцы сцвярджалі, што акупанты пераважна выкарыстоўваюць авіяцыю і артылерыю, каб паспрабаваць выбіць УСУ з пазіцый на левым беразе.
У той жа час некаторыя прапагандысты сцвярджалі, што ВСУ перакідваюць новыя сілы і лёгкую тэхніку праз Днепр для таго, каб падтрымліваць захопленыя ў акупантаў пазіцыі. Акрамя таго, воіны эвакуіруюць параненых.
У ISW адзначаюць, што ўкраінскія сілы абароны захоўваюць прысутнасць на левым беразе Херсоншчыны пасля таго, як у ноч на 18 кастрычніка пачалі больш маштабныя, чым звычайна, наземныя аперацыі.
«А гэта сведчыць аб тым, што ўкраінскія сілы змаглі належным чынам забяспечыць і ўзмацніць групы, якія праводзілі гэтыя аперацыі, нягледзячы на актывізацыю расійскай авіяцыі ўздоўж ракі Днепр», — падкрэслілі аналітыкі.
Узброеныя Сілы Украіны з пачатку поўнамаштабнай вайны
з РФ паранілі або ліквідавалі на полі бою арыентыровачна ад 240 тысяч да 290
тысяч акупантаў. Пра гэта заявіла брытанская выведка ў сваім аналізе баявых дзеянняў
раніцай 22 кастрычніка. Там удакладняюць, што калі лічыць менавіта
цяжкапараненых і загінулых акупантаў, то гаворка ідзе пра лічбы на ўзроўні ад
150 тысяч да 190 тысяч «пастаянных страт».