686-ты дзень вайны. «Пераможная вайна» Расіі ўсё больш становіцца абарончай

Падобна на тое, што да прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ніякіх зрухаў на фронце ва Украіне не будзе. У Расіі недастаткова сродкаў для наступу, і ўжо цяпер яна рыхтуе абарончыя пазіцыі. Украінскія войскі таксама адбіваюць атакі ворага, але значных прасоўванняў наперад не назіраецца. А Захад думае над новай зброяй для Украіны.

3109011.jpg

Расійскія войскі не пакідаюць спробаў прасунуцца наперад — за мінулыя суткі атакавалі на 7 напрамках, нанеслі 5 ракетных і 52 авіяцыйныя ўдары, здзейснілі 53 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню, усяго за мінулыя суткі на фронце адбылося 77 баявых сутыкненняў, гаворыцца ў ранішняй зводцы 10 студзеня Генеральнага штаба УСУ.

На Аўдзееўскім напрамку абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Украінскія сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 11 атак ворага непадалёк Новабахмутаўкі, Аўдзееўкі, Паўночнага і яшчэ 13 атак паблізу Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.

На Мар'інскім напрамку сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах Георгіеўкі, Перамогі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбілі 15 атак. На Купянскім напрамку ўкраінскія абаронцы адбілі 8 атак ворага ў раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці.

На Херсонскім напрамку сілы абароны працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма. Нягледзячы на значныя страты, расійцы не пакідаюць спробаў выбіць украінскія падраздзяленні з займаных пазіцый. За мінулыя суткі акупанты здзейснілі 9 беспаспяховых штурмавых дзеянняў на пазіцыі сіл абароны.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія і расійскія войскі вядуць цяжкія пазіцыйныя баі па ўсёй лініі фронту. Расія працягвае сцягваць вайсковыя сродкі ў акупаваны Крым.

Расійскія і ўкраінскія войскі працягнулі пазіцыйныя баявыя дзеянні на лініі Купянск-Сватава-Крэменная, але пацверджаных змяненняў лініі фронту на гэтым участку не было.

Расійскія і ўкраінскія крыніцы сцвярджаюць, што пазіцыйныя баі працягваліся на паўночны ўсход ад Бахмута.

На ўчастку мяжы Данецка-Запарожскай абласцей 9 студзеня працягваліся пазіцыйныя баявыя дзеянні, аднак пацверджаныя змены лініі фронту на гэтым участку не зафіксаваныя. Расійскі блогер сцвярджаў, што ўкраінскія войскі паспяхова контратакавалі на поўнач ад Новапракопаўкі (на поўдзень ад Рабоціна) і аднавілі некаторыя раней страчаныя пазіцыі, трохі наблізіўшы лінію фронту да самай Новапракопаўкі. Аднак ISW яшчэ не назірала візуальнага пацвярджэння гэтых даных.

Расійскія войскі працягваюць увозіць вайсковыя сродкі ў акупаваны Крым. Украінскія партызаны лакалізавалі некалькі вайсковых аб'ектаў паблізу Заазернага Еўпатарыйскага раёна на захадзе Крыма, а таксама наплыў артылерыі і касетных боепрыпасаў на чыгунку паблізу Біюк-Анлар у цэнтральным Крыме. Боепрыпасы, як паведамляецца, накіроўваецца ў расійскія войскі ў Херсонскай і Запарожскай абласцях.

* * *

Расійскія вайскоўцы скардзяцца на праблемы з камандаваннем і каардынацыю паміж падраздзяленнямі, якія пагаршаюць баяздольнасць войскаў на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія вайсковыя блогеры паведамляюць, што каля Крынак расійскія войскі не могуць нацэльвацца на ўкраінскія самалёты і гелікоптэры, бо расійскае камандаванне не дае ім своечасовага дазволу на збіванне цэляў. Акрамя таго расійскія камандзіры патрабуюць некалькі гадзін для зацвярджэння артылерыйскіх удараў, а таксама патрабуюць ад падраздзяленняў даслаць каардынаты мэтаў і відэа- або фотапацвярджэнне мэтаў, перш чым ухваляць ўдары.

Таксама расійскія сілы не маюць дастаткова сістэм радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) для барацьбы з той колькасцю ўкраінскіх беспілотнікаў, якія дзейнічаюць у гэтым раёне.

Іншы вайсковы блогер заклікаў расійскія войскі спыніць перамяшчэнне тэхнікі ў раён Крынак і прылеглыя раёны, паколькі ўкраінскія сілы знішчаюць там да 90 адсоткаў расійскай тэхнікі.

* * *

Ноччу 10 студзеня расійскія войскі абстралялі Харкаў — у прыватнасці, ударылі па дзіцячым лагеры на ўскраіне горада. Пашкоджаныя некалькі будынкаў, але абышлося без пацярпелых, паколькі лагер быў пустым.

У ноч на 10 студзеня ў Расіі супрацьпаветраная абарона нібыта знішчыла беспілотнік над Саратаўскай вобласцю, паведамляе Мінабароны РФ. Падрабязнасці не прыводзяцца. У Саратаўскай вобласці паблізу горада Энгельс ёсць ваенны аэрадром, з якога рэгулярна вылятаюць самалёты, якія бамбяць Украіну.

* * *

417391488_719332477046500_9011041573800031823_n.jpg

* * *

У Расіі хочуць стварыць 15-кіламетровую буферную зону ў Харкаўскай вобласці, пішуць эксперты Інстытут вывучэння вайны (ISW). Гэта робіцца нягледзячы на верагодную няздольнасць расійскіх вайскоўцаў правесці аперацыю па захопу значнай тэрыторыі ў Харкаўскай вобласці ў бліжэйшай перспектыве.

Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў 9 студзеня, што расійскія войскі зробяць усё магчымае, каб не дапусціць абстрэлаў Белгарадскай вобласці з боку Украіны.

Расійскія крыніцы, скарыстаўшыся каментаром Пяскова, заклікалі расійскія войскі стварыць «буферную зону» глыбінёй да 15 кіламетраў у Харкаўскай вобласці, каб адсунуць украінскія РСЗА і артылерыю ад мяжы з Белгарадскай вобласцю.

ISW лічыць, што расійскае ўварванне на 15 кіламетраў у глыбіню і некалькі сотняў кіламетраў у шырыню было б маштабнай аперацыяй, якая запатрабавала б групоўкі сіл, значна большай і значна лепш забяспечанай рэсурсамі, чым войскі, якія сканцэнтраваны ўздоўж усёй мяжы з Украінай, а менш за ўсё — у Белгародскай вобласці.

Расійскія вайскоўцы пакуль здольныя правесці толькі тактычныя дзеянні ў Харкаўскай вобласці. І яны будуць служыць для адцягнення і фіксацыі ўкраінскіх сіл ад магчымых расійскіх аператыўных намаганняў на Купянскім кірунку.

* * *

Расійцы будуюць новыя ахоўныя будынкі і лініі абароны вакол часова акупаваных імі гарадоў Мелітопаль, Такмак, Малачанск Запарожскай вобласці, заявіў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў.

Фёдараў адзначыў, што гаворка ідзе пра дзясяткі кіламетраў новых акопаў і абаронных збудаванняў у Запарожскай і Данецкай абласцях. «Пакуль яны будуюць вакол Мелітопаля новыя ахоўныя збудаванні. І гэта яны робяць для таго, каб запаволіць, ускладніць для нашых украінскіх вайскоўцаў прасоўванне ўглыб часова акупаванай Запарожскай вобласці», — распавёў ён.

Ён звярнуў увагу, што, нягледзячы на «пераможныя» заявы расійскай прапаганды пра нібыта поспехі на фронце, вораг працягвае пастаянна ўмацоўваць гарады і шляхі «глыбокага тылу».

* * *

Лідар апазіцыйнага Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Германіі Фрыдрых Мерц заклікаў канцлера Олафа Шольца не марудзіць з пастаўкамі крылатых ракет Taurus Украіне.

«Ваганні па пастаўках крылатых ракет Taurus павінны спыніцца. Шольц павінен нарэшце адмовіцца ад сваёй стрыманасці ў гэтым пытанні. Гэта надзвычай дапамагло б Украіне», — заявіў Мерц.

Ён таксама пракаментаваў заклік нямецкага канцлера да саюзнікаў актывізаваць свае намаганні для дапамогі Украіне. Лідар ХДС адзначыў, што гэта» добры мэсэдж», але гэта павінна тычыцца і самой Германіі.