731-шы дзень вайны. «Дзякуй вам, воіны, і ўсім у свеце, хто стаіць побач з намі і з праўдай»
У суботу, 24 лютага, у другую гадавіну шырокамаштабнага ўварвання РФ, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запісаў відэазварот з Гастомеля, на фоне знішчаных расійскімі войскамі ўкраінскіх самалётаў.
«Я знаходжуся ў Гастомелі. Менавіта адсюль павінна было пачацца тое самае «ўзяць Кіеў і Украіну за тры дні». Можна сказаць адным сказам: два гады таму мы агнём сустракалі тут варожы дэсант, праз два гады мы сустракаем тут нашых сяброў і партнёраў», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.
Ён дадаў, што любы нармальны чалавек хоча, каб вайна скончылася:
«Але ніхто з нас не дазволіць, каб скончылася наша краіна. Менавіта таму да слоў аб завяршэнні вайны мы заўсёды прыбаўляем: на нашых умовах. Вось чаму ў слове «мір» заўсёды гучыць: справядлівы. Менавіта таму ў будучай гісторыі каля слова Украіна будзе заўсёды стаяць слова «незалежная». Змагаемся за гэта. І пераможам. У самы лепшы дзень нашага жыцця».
І завяршыў Зяленскі свой зварот словамі падзякі: «Дзякуй усім вам, воіны, нашаму народу і ўсім у свеце, хто стаіць побач з намі і з праўдай».
24 лютага ў Кіеў прыбылі прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мэлоні, прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо, прэм'ер-міністр Бельгіі Аляксандр дэ Кроо і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
За мінулыя суткі на фронце ва Украіне адбылося 84 баявыя сутыкненні, паведамляе Генеральны штаб УСУ.
Адзначаецца, што на Северскім і Слабажанскім кірунках расійскія войскі захоўваюць вайсковую прысутнасць у памежных раёнах, праводзяць дыверсійную дзейнасць з мэтай недапушчэння перакідання ўкраінскіх войскаў на пагрозлівыя кірункі, нарошчваюць шчыльнасць мінна-выбуховых загарод уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці.
На Купянск кірунку акупанты здзейснілі дзве беспаспяховыя атакі на пазіцыі ўкраінцаў у раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці.
Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, на самых гарачых кірунках фронту сітуацыя наступная:
- на Ліманскім напрамку УСУ адбілі дзве атакі ў раёне населенага пункта Церны;
- на Бахмуцкім кірунку УСУ адбілі дзевяць нападаў у раёнах Багданаўкі і Іванаўскага Данецкай вобласці;
- на Аўдзееўскім кірунку УСУ адбілі дзевяць нападаў у раёнах населеных пунктаў Ластачкіна, Севернае і Першамайскае;
- на Мар'інскім кірунку УСУ працягваюць утрымліваць расійцаў у раёнах Георгіеўкі, Пабеды і Наваміхайлаўкі, дзе войскі РФ 44 разы спрабавалі прарваць абарону;
- на Запарожскім кірунку УСУ адбілі восем нападаў расійцаў каля Рабацінага;
«На Херсонскім кірунку нашы воіны працягваюць ўтрыманне пазіцый і адбіццё штурмаў акупантаў. Нясучы страты, вораг не пакідае спробаў выцесніць нашы падраздзяленні. Так, за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў восем беспаспяховых штурмаў на левабярэжжы Дняпра», — паведамілі ў Генштабе.
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі выступіў са зваротам з нагоды другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
Ён падкрэсліў, што гэтыя два гады ператварылі дзесяцігадовую вайну ў самую маштабную ў Еўропе з часоў Другой сусветнай. «Калі шматтысячныя калоны расійскіх акупантаў рушылі з усіх кірункаў ва Украіну, калі тысячы ракет і бомбаў падалі на нашу зямлю — ніхто ў свеце не верыў, што мы выстаім. Ніхто, акрамя Сіл абароны Украіны, якія з першых хвілін уступілі ў бой з ворагам», — апісаў першыя дні вайны Сырскі.
Ён сказаў, што ў перамогу верылі і тысячы добраахвотнікаў, якія ў першыя гадзіны вайны сталі ў чарзе ў ваенкаматы, а таксама сотні тысяч украінцаў, якія запісваліся ў Сілы тэрытарыяльнай абароны з першых дзён. Ён таксама адзначыў ролю мільёнаў валанцёраў, якія «пачалі беспрэцэдэнтную ў гісторыі падтрымку свайго войска».
«Ніхто не верыў, але верыла Украіна! Верыла, прыняла бой і выстаяла. Паміж зброяй і эвакуацыяй мы выбралі зброю. Потым была бітва за Кіеў і ўцёкі акупантаў з прыгарада сталіцы пад ударамі нашых абаронцаў. Потым вызваленне вострава Змяіны і паступовае ачышчэнне Чорнага мора ад расійскага металалому. Потым былі Харкаўская наступальная аперацыя і вызваленне Херсона», — пералічыў поспехі ўкраінскіх абаронцаў Сырскі.
Пры гэтым ён згадаў спробу ўкраінскага контрнаступлення, якая ў сілу аб'ектыўных абставінаў не прынеслі жаданага выніку.
Галоўнакамандуючы адзначыў, што сёння УСУ працягваюць змагацца за свабоду, каб кожны ўкраінскі горад ці сяло, не стала чарговай Бучай, Бахмутам або Аўдзееўкай.
«Мы плацім самую высокую цану. Гінуць лепшыя сыны і дочкі ўкраінскага народа! Схіляем галаву перад тымі, хто аддаў самае каштоўнае — сваё жыццё за Украіну. Мы памятаем! Мы адпомсцім!», — заявіў Сырскі.
Галоўнакамандуючы падзякаваў усім украінскім абаронцам, медыкам, ратавальнікам, валанцёрам, якія дапамагаюць набліжаць перамогу.
«У гэты дзень я таксама хачу падзякаваць нашым партнёрам за дапамогу. Кожны снарад, кожны танк, кожная бронемашына — гэта перш за ўсё захаванне жыцця ўкраінскага салдата. Мы ваюем за кожны метр нашай зямлі, зрэшты самае каштоўнае, што ў нас ёсць — жыццё ўкраінскага воіна», — сказаў Сырскі.
Таксама ён выказаў веру ў тое, што найбліжэйшым часам Украіна зможа даць адказ акупанту і ў паветры. «Падпаленых расійскіх самалётаў стане яшчэ больш. Кіраўніцтва дзяржавы робіць для гэтага ўсё магчымае», — запэўніў галоўнакамандуючы.
«І напрыканцы пра самае важнае. Сёння, як ніколі, мы маем патрэбу ў адзінстве. Перакананы, што ў адзінстве наша перамога. І яна абавязкова будзе. Таму што святло заўсёды перамагае цемру! Слава Украіне! Героям слава!», — падсумаваў Сырскі.
Расійская армія позна ўвечары 23 лютага зноў атакавала Адэсу ўдарнымі дронамі. Адбыўся пажар і ёсць разбурэнні, а таксама пацярпелі людзі.
Як паведаміў кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер, акупанты другую ноч запар атакуюць Адэскую вобласць ударнымі беспілотнікамі.
«У выніку варожага абстрэлу зафіксавана разбурэнне з узгараннем жылога дома ў Адэсе. Цяпер вядома пра двух пацярпелых», — заявіў Кіпер.
Паводле яго слоў, параненыя ў цяжкім стане, яны дастаўленыя ў шпіталь.
У гарсавеце Адэсы заявілі, што ў выніку атакі БПЛА быў разбураны аднапавярховы жылы дом у Прыморскім раёне.
«Трое параненых у цяжкім стане. Жанчына 1962 года нараджэння, 70% апёкаў цела і цяжкі апёкавы шок, яе дачка 1993 года нараджэння таксама атрымала цяжкі апёк у 10% паверхні цела і шматлікія пераломы костак. Яшчэ пацярпела 72-гадовая жанчына, якая прабыла пад заваламі амаль дзве гадзіны, атрымала тэрмічныя апёкі 40% і пераломы канечнасцяў. Працягваецца разбор завалаў і дэблакаванне цела загінулага мужчыны», — паведаміў Кіпер.
Расійскі самалёт А-50, які ўчора быў збіты, прайшоў мадэрнізацыю. Ліквідацыя гэтага борта — гэта «магутная спецаперацыя» Сіл абароны Украіны.
«Тыя поспехі, якія сёння ёсць, гэтая далёкая рука, як гаворыцца, магчымасць даставаць ворага там, дзе ён гэтага абсалютна не чакае, кажа пра тое, што праціўнік менш будзе мець магчымасцяў на гэтым кірунку, страціўшы яшчэ адзін А-50, які быў мадэрнізаваны», — паведаміў спікер Паветраных сіл Узброеных Сіл Украіны Юрый Ігнат у эфіры тэлемарафона.
Ён дадаў, што А-50 гэта, па сутнасці, паветраны радар, які лётае, што дазваляе яму сачыць за сітуацыяй на тэрыторыі Украіны, сканаваць, праводзіць радыёлакацыйную разведку, бачыць усе паветраныя мэты ў радыусе 600 км ад яго размяшчэння, а таксама выяўляць ўкраінскія сістэмы РЭБ.
Паводле яго слоў, тая каштоўная інфармацыя, якую збірае А-50, перадаецца ў рэальным рэжыме часу на паветраны пункт кіравання самалёта Іл-22 і на наземныя камандныя пункты ворага для нанясення удараў па тэрыторыі Украіны.
«Таму, безумоўна, А-50 гэта вельмі каштоўная мэта для нас», — падкрэсліў Ігнат.
Адказваючы на пытанне колькі яшчэ такіх самалётаў А-50 засталося ў Расіі, ён адзначыў, што больш дакладныя звесткі ёсць ва ўкраінскай выведцы. Ён нагадаў, што раней кіраўнік ГУР Мінабароны Кірыл Буданаў казаў пра восем самалётаў.
«З іх там не ўсе рабочыя, не ўсе мадэрнізаваныя. Таму там на пальцах адной рукі іх было ў мінулым часе», — дадаў Ігнат.
Нагадаем, увечары 23 лютага Сілы абароны Украіны зрабілі «падарунак» у так званы дзень «абаронцы Айчыны» расійскім акупантам, знішчыўшы расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛА) А-50. У Краснадарскім краі РФ знайшлі парэшткі 10 загінулых членаў экіпажа.
Раней паведамлялася, што самалёт, верагодна, збілі ракетным комплексам Patriot, а наводзіў яго на мэту «мабільны малагабарытны шырокапалосны радар выведнік, які разгорнуты на невялікім БПЛА і можа праводзіць палёт у глыбокім тыле».
У той жа час у Расіі спрабуе прасоўваць ужо раней «заезджаную»
версію, што гэта была страта праз «дружалюбны агонь», гэта значыць, маўляў самі
сябе расійцы збілі.