734-ты дзень вайны. Сырскі распрацоўвае два варыянты супраціву расійскім акупантам

На фронце на працягу сутак адбылося 96 баявых сутыкненняў. Расійцы нанеслі шэсць ракетных і 92 авіяцыйныя ўдары, здзейснілі 110 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах.

Фота УСУ

Фота УСУ

Як гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ, на купянскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі дзве атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Іванаўка, Табаеўка і яшчэ 20 нападаў у раёне населенага пункта Сінькоўка Харкаўскай вобласці.

На ліманскім напрамку адбіта шэсць атак у раёне населенага пункта Церны Данецкай вобласці.

На бахмуцкім напрамку адбіта дзевяць нападаў праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Іванаўскае і Кляшчыеўка Данецкай вобласці.

На аўдзееўскім напрамку адбіта 19 нападаў акупантаў у раёнах населеных пунктаў Бердзічы, Арлоўка, Севернае, Першамайскае, Невельскае Данецкай вобласці.

На мар’інскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы працягваюць стрымліваць расійцаў у раёне Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіта 25 нападаў. Акрамя таго, УСУ адбілі восем атак праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда Данецкай вобласці.

На запарожскім кірунку Сіламі абароны Украіны адбіта шэсць нападаў праціўніка ў раёне населенага пункта Рабоцін.

Акрамя таго, у Генштабе адзначылі, што на херсонскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы працягваюць утрыманне пазіцый і стрымліванне штурмаў акупацыйных войскаў.


Фота: wikimedia.org

Фота: wikimedia.org

Расійскія акупанты вярнулі ініцыятыву ўздоўж усёй лініі фронту і змогуць праводзіць наступальныя дзеянні, калі і дзе захочуць. Пра гэта гаворыцца ў свежым аглядзе Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі ISW адзначылі, што расійцы вярнулі гэтую ініцыятыву пасля контрнаступлення УСУ, якое пачалося ў чэрвені 2023 года. Цяпер, як выказалі здагадку эксперты, камандаванне акупантаў зможа вызначаць час, месца і маштаб будучых наступальных аперацый на тэрыторыі Украіны.

Пры гэтым аналітыкі падкрэслілі, што калі УСУ будуць весці актыўную абарону па ўсёй лініі фронту ў 2024 годзе, то тым самым аддадуць стратэгічную ініцыятыву РФ. Акупанты будуць мець магчымасць манеўраваць рэзервамі і вызначаць, як і куды размяркоўваць рэсурсы, змушаючы Украіну да абарончых дзеянняў датуль, пакуль РФ будзе ўтрымліваць стратэгічную ініцыятыву.

Аналітыкі выказалі меркаванне, што ўкраінскія войскі могуць пазбавіць Расію гэтых магчымасцей, калі будуць мець дастаткова сродкаў, каб кінуць выклік расійскай ініцыятыве і праводзіць уласныя наступальныя аперацыі сёлета.


1703336073_8174.jpg

Расійскія акупанты захапілі населены пункт Ластачкіна на захад ад Аўдзееўкі 26 лютага пасля вываду ўкраінскіх войскаў з гэтага раёна.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны. На кадрах геалакацыі, апублікаваных 26 лютага, відаць, што расійскія войскі ўвайшлі ў паўднёва-ўсходнюю частку Севернага (на захад ад Аўдзееўкі). Аналітыкі адзначылі, што расійскія ваенкары сцвярджаюць, быццам акупанты цалкам захапілі Севернае і Тоненькае і ўвайшлі на ўсходнюю ўскраіну Арлоўкі, аднак ISW не ўбачыў візуальнага пацвярджэння гэтых заяў.

У справаздачы адзначаецца, што пазіцыйныя баі працягваюцца на паўночны захад ад Аўдзееўкі ў раёне Новабахмутаўкі, Стэпавага і Бярдычаў і на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі каля Першамайскага і Невельскага.

Аналітыкі паведамілі, што на паўночны захад ад Аўдзееўкі дзейнічаюць расійскі паветрана-выведвальны атрад «Чорныя гусары» 15-й мотастралковай брыгады і часткі 114-й мотастралковай брыгады «ДНР». А ў раёне Стэпавага — падраздзяленні расійскай 1-й асобнай мотастралковай брыгады «Славянская».

Нагадаем, учора позна ўвечары з'явілася інфармацыя ад праекта «DeepState», у якой сцвярджалася, што расійскія войскі акупавалі яшчэ два населеныя пункты, размешчаныя непадалёк Аўдзееўкі. Гаворка ішла аб Стэпавым і Северным Данецкай вобласці. Яны размешчаны недалёка ад Ластачкіна.


Фота УСУ

Фота УСУ

Крэмль спрабуе паспець ліквідаваць украінскі плацдарм на левым беразе Херсонскай вобласці ў раёне Крынак да моманту правядзення выбараў. Пра гэта заявіла кіраўнік Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны палкоўнік Наталля Гумянюк.

«Нагнятанне сітуацыі вакол Крынак і вакол плацдармаў у цэлым на левым беразе цяпер надзвычай выгадна менавіта ворагу. Яны мелі фальш-старт з заявай аб тым, што ўсіх ужо перамаглі і ўсе дасягненні, якія імі пазначаліся як «абавязковыя» напярэдадні іх запланаваных квазі-выбараў, ужо выкананы. На самай справе перамогі не адбылося і яны не ведаюць, чым парадаваць свайго цара. Таму яны спрабуюць цяпер насычаць інфармацыйную прастору рознай інфармацыяй», — патлумачыла Гумянюк.

Яна таксама дадала, што Расіі становіцца ўсё складаней матываваць свае войскі штурмаваць украінскі плацдарм у Крынках.

«Тое, што за мінулыя суткі яны змаглі правесці толькі два штурмы, кажа пра складанасці маральна-псіхалагічнага характару. Ім даводзіцца матываваць людзей ісці ў гэтыя мясныя штурмы. Яны працягваюць дзейнічаць без прымянення бранятэхнікі, і гэта вельмі моцна нервуе асабовы склад іх  штурмавых груп», — сказала Гумянюк.


Фота: unian.net

Фота: unian.net

Ізраіль плануе даць Украіне сістэмы ранняга папярэджання аб паветраных атаках Расіі. Як паведаміў пастаянны прадстаўнік Ізраіля ў ААН Гілад Эрдан, Ізраіль «працуе над тым, каб даць Украіне сістэмы ранняга папярэджання аб ракетных нападах і нападах беспілотнікаў».

Паводле яго слоў, у Ізраілі «радыя падзяліцца патэнцыялам з украінскімі сябрамі».

Эрдан таксама адзначыў, што ў першыя дні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі Ізраіль даслаў Украіне больш за 100 тон гуманітарнага абсталявання. Акрамя таго, «сотні ўкраінцаў атрымалі лячэнне ў ізраільскіх бальніцах і цэнтрах рэабілітацыі».


Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Без дапамогі ЗША Украіне будзе не толькі цяжка атрымаць новыя перамогі на полі бою, але і працягваць абараняцца сёлета. Пра гэта ў інтэрв'ю CNN сказаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго слоў, час мае вырашальнае значэнне, паколькі Расія можа паспрабаваць новы наступ ужо ў канцы траўня.

«Людзі будуць падрыхтаваныя, але боепрыпасы не будуць падрыхтаваны і брыгады не будуць гатовы. Не толькі да нашага контрнаступлення, яны не будуць гатовы абараняцца, быць моцнымі. Гэта будзе вельмі цяжка», — падкрэсліў Зяленскі.

Ён паведаміў, што цяпер новы галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі распрацоўвае два варыянты плана далейшых дзеянняў: калі Кіеў атрымае дапамогу ЗША, ён зможа пачаць адпор Расіі, калі не — яму давядзецца засяродзіцца толькі на абароне. Прэзідэнт таксама распавёў, што размаўляў са спікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША Майкам Джонсанам пра пакет дапамогі і «адчуваў сябе аптымістычна пасля гэтай размовы».

«Ён сказаў, што зробіць усё, каб падтрымаць Украіну, і ён на нашым баку, і ён разумее, наколькі гераічныя нашы людзі, нашы салдаты і мірныя жыхары. Калі яны перадумаюць, для нас гэта будзе вялікай праблемай», — рэзюмаваў Зяленскі.