769-ты дзень вайны. Украіна атакавала расійскі завод па зборцы дронаў

Вайна ва Украіне працягваецца, і Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны ў Расіі атакавала завод па зборцы дронаў, які ад Украіны знаходзіцца на адлегласці ў тысячу кіламетраў.

Фота unian.net

Фота unian.net

Атакаванае прадпрыемства ў Татарстане, і гэта была спецаперацыя ГУР Мінабароны, паведамляе «РБК-Украіна», спасылаючыся на звесткі крыніцы ў спецслужбах. Сцвярджаецца, што атакаваны завод па зборцы беспілотнікаў-камікадзэ тыпу «Шахед».

«У выніку ўдару маюцца значныя разбурэнні вытворчых магутнасцяў», — адзначаецца ў матэрыяле.

У Татарстане была атака беспілотнікаў і ёсць пацярпелыя, піша расійскае «РІА Навіны», спасылаючыся на звесткі прэс-службы кіраўніка рэспублікі. Паводле яе звестак, «сур'ёзных разбурэнняў няма».


Ілюстрацыйны здымак Reuters

Ілюстрацыйны здымак Reuters

У Севастопалі ў Крыме ўзарвалі электрападстанцыю, піша «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцу ў выведцы. Адзначаецца, што гэта была аперацыя Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны.

Таксама нагадваецца, што мясцовыя паблікі пісалі, што ўначы жыхары горада чулі выбухі, пасля чаго ў адным з раёнаў Севастопаля знікла святло.

Пазней прызначаны РФ губернатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў абвясціў, што гэта было «кароткае замыканне»: «Гэта было тэхналагічнае парушэнне на раённай падстанцыі. Калі сказаць прасцей — кароткае замыканне. У 6:42 святло ўжо было ўсюды. Усё працуе ў штатным рэжыме».


Фота facebook.com/JointForcesCommandAFU

Фота facebook.com/JointForcesCommandAFU

За мінулыя суткі самым «гарачым» заставаўся Навапаўлаўскі кірунак: расійцы 25 разоў спрабавалі прарваць абарону ўкраінскіх ваяроў. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны.

«На Навапаўлаўскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах населеных пунктаў Георгіеўка, Наваміхайлаўка, Вялікая Навасёлка, Ураджайнае Данецкай вобласці, дзе вораг пры падтрымцы авіяцыі больш за 25 разоў спрабаваў прарваць абарону нашых войскаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама акупанты правялі дзясяткі нападаў на іншых участках фронту, усяго зафіксавана 71 баявое сутыкненне.

У прыватнасці, на Бахмуцкім напрамку УСУ адбіта 18 нападаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці; Спорнае, Івана-Дар’еўка, Багданаўка, Іванаўскае, Кляшчыеўка, Часаў Яр Данецкай вобласці.

На Аўдзееўскім напрамку ўкраінскія вайскоўцы адбілі 10 нападаў у раёнах населеных пунктаў Бердзічы, Першамайскае Данецкай вобласці.

На Ліманскім кірунку адбіта дзевяць нападаў у раёне населенага пункта Церны Данецкай вобласці, дзе, як гаворыцца, «вораг, пры падтрымцы авіяцыі, спрабаваў прарваць абарону нашых войскаў».

На Арэхаўскім напрамку акупанты здзейснілі чатыры атакі на ўкраінскія пазіцыі ў раёнах Старамайорскага Данецкай вобласці і на паўночны захад ад Вербавай Запарожскай вобласці.

«На Херсонскім кірунку вораг не адмаўляецца ад намеру выбіць нашы падраздзяленні з плацдармаў на левабярэжжы Дняпра. За мінулыя суткі чатыры разы атакаваў пазіцыі нашых войскаў», — адзначае Генштаб.

На Купянскім кірунку расійцы наступальных дзеянняў не вялі.


1695717824_2218.jpg

Украінскія беспілотнікі са штучным інтэлектам спрабуюць знішчыць энергетычную галіну Расіі. Пакуль што гэта працуе.

Як гаворыцца ў матэрыяле CNN, украінскія дроны паспяхова далятаюць да Масквы, Разані і іншых расійскіх гарадоў, дзе размешчаныя буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы краіны-акупанта. Расійская СПА не спраўляецца, таму атакі ўсё часцей становяцца паспяховымі.

Гэтыя смелыя ўкраінскія ўдары наносяцца па велізарнай расійскай нафтавай і газавай прамысловасці, якая, нягледзячы на забароны захаду на імпарт і абмежаванне цэн, застаецца найбуйнейшай крыніцай даходу для вайсковай эканомікі Масквы. Атакі сталі магчымымі дзякуючы выкарыстанню беспілотнікаў з вялікім радыусам дзеяння і пашыранымі магчымасцямі, некаторыя з якіх нават пачалі інтэграваць базавую форму штучнага інтэлекту, каб дапамагчы ім арыентавацца і пазбягаць перашкод, паведаміла крыніца, блізкая да ўкраінскай праграмы беспілотнікаў.

«Дакладнасць падчас глушэння забяспечваецца дзякуючы выкарыстанню штучнага інтэлекту. Кожны БПЛА мае тэрмінальны камп'ютар са спадарожнікавымі данымі і данымі аб мясцовасці. Палёты ўзгодненыя загадзя з нашымі саюзнікамі, і дроны прытрымліваюцца плана палёту, каб мы маглі паражаць цэлі з метровай дакладнасцю», — кажа крыніца.

Такая дакладнасць стала магчымай дзякуючы датчыкам робата з «машынным зрокам». Дрона фактычна навучылі вызначаць геаграфію і цэль, да якой ён накіроўваецца. Ён здольны вызначыць, дзе ён знаходзіцца, не патрабуючы сувязі са спадарожнікамі.

Міністэрства абароны і службы бяспекі Украіны адмовіліся каментаваць інфармацыю аб дронах з ІІ.

Выданне піша, што Украіна пабудавала паўнавартасную індустрыю беспілотнікаў, што дало ёй тэхналагічную перавагу супраць РФ.

Эксперты лічаць, што гэтыя атакі могуць аказаць большы ўплыў на расійскую эканоміку, чым цяперашнія санкцыі.


1701704094_3969.jpg

ЗША прымаюць меры для падваення ўнутранай вытворчасці артылерыйскіх снарадаў для падтрымкі Украіны. Як піша Інстытут вывучэння вайны, у Bloomberg распавядалі аб новай дамоўленасці паміж Штатамі і Турцыяй, якая цяпер на стадыі абмеркавання. Амерыканцы хочуць набыць турэцкую выбухоўку, каб павялічыць вытворчасць амерыканскіх артылерыйскіх снарадаў.

Пентагон заключыў кантракт з амерыканскай абароннай кампаніяй General Dynamics Ordnance and Tactical Systems на будаўніцтва трох вытворчых ліній металічных дэталяў 155-мм артылерыйскіх снарадаў у Тэхасе з турэцкімі субпадрадчыкамі. Пры гэтым адзін тэхаскі завод павінен пачаць вытворчасць у чэрвені 2024 года.

Як адзначае памочнік міністра арміі ЗША па пытаннях закупак, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і тэхналогій Дуг Буш, армія ЗША імкнецца падвоіць месячную вытворчасць 155-мм снарадаў з 28 000 снарадаў у месяц у кастрычніку 2023 года да прыкладна 60 000 снарадаў у месяц у кастрычніку 2024 года. Аднак гэта пры ўмове прапанаваных Кангрэсам дадатковых асігнаванняў. Паколькі законапраект прыняты, зараз гэта залежыць ад унутранай вытворчасці выбуховых матэрыялаў у ЗША. Імпарт турэцкай выбухоўкі дапаможа павялічыць вытворчасць снарадаў.