777-мы дзень вайны. Страты Расіі ў вайне з Украінай дасягнулі 450 тысяч чалавек
Расійскія войскі працягваюць атакаваць Украіну, пры гэтым зазнаючы вялікія страты. Яны здолелі захапіць вёску Першамайскае ў Данецкай вобласці — але штурмавалі гэтую вёску больш за паўтары гады. А ва Украіне распрацаваны план новага контрнаступу.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 83 баявыя сутыкненні. Больш за ўсё вораг атакаваў на Бахмуцкім і Новапаўлаўскім напрамках — акупанты здзейснілі 29 і 28 атак адпаведна, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 красавіка.
Таксама адбітыя тры атакі на Ліманскім напрамку, на Аўдзееўскім напрамку адбітыя 14 атак, на Арэхаўскім напрамку расійцы 5 разоў атакавалі пазіцыі ўкраінскіх войскаў.
На Херсонскім напрамку расійскія войскі не адмаўляецца ад намеру выбіць сілы УСУ з плацдармаў на левабярэжжы Дняпра. Там таксама была адбітая атака пазіцый УСУ.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што жорсткія баі працягваюцца на захад ад Крэменнай (Луганская вобласць) але расійскія войскі губляюць абмежаваныя пазіцыі з-за пастаянных украінскіх контратак.
Відэазапіс з геалакацыяй, апублікаваны 8 красавіка, паказвае, што расійскія войскі дамагліся нязначных поспехаў у раёне крэйдавых кар'ераў на поўдзень ад Белагораўкі (на поўдзень ад Крэменнай). 9 красавіка расійскі блогер заявіў, што расійскія войскі вядуць баі за тактычныя вышыні ў раёне кар'ера і ім удалося захапіць абмежаваныя пазіцыі ў гэтым раёне — сцвярджэнні адпавядаюць даступным відэазапісам з геалакацыяй.
Расійскія крыніцы таксама сцвярджалі, што ў раёне Тэрнаў (на захад ад Крэменнай) ішлі жорсткія баі, але расійскія войскі губляюць абмежаваныя пазіцыі праз пастаянныя ўкраінскія контратакі.
У Данецкай вобласці расійскія войскі наносяць бомбавыя ўдары цяжкімі планіруючымі бомбамі па ўкраінскіх пазіцыях, каб забяспечыць далейшае прасоўванне да Часавага Яра, аналагічна таму, як яны наносілі бомбавыя ўдары па Аўдзееўцы, што прывяло да яе захопу ў лютым 2024 года. Аднак пацверджаных зменаў на лініі фронту не было.
Расійскія войскі таксама прасунуліся на захад ад Аўдзееўкі і, верагодна, захапілі вёску Першамайскае (на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі) па стане на 9 красавіка.
Deep State пацвярджае, што расійскія войскі цалкам акупавалі Першамайскае, баі за якое пачаліся яшчэ паўтара гады таму — у жніўні 2022-га года.
На астатніх участках фронту працягваюцца пазіцыйныя баі, але пацверджаных зменаў ліній фронту няма.
* * *
* * *
Раніцай 10 красавіка расійцы ўдарылі па энергетычнай і транспартнай інфраструктуры Адэскай вобласці, у выніку чаго пацярпелі 2 работнікі транспартнага прадпрыемства, таксама акупанты патрапілі па аб'екце энергетыкі на Мікалаеўшчыне — уводзілі аварыйныя адключэнні святла.
Уначы 10 красавіка расійцы атакавалі Украіну 17 ударнымі БПЛА тыпу «Shahed-131/136», крылатымі ракетамі «Іскандэр-К», крылатымі ракетамі Х-59, і 1 балістычнай ракетай «Іскандэр-М». 14 дронаў і крылатыя ракеты Х-59 атрымалася знішчыць. У Паветраных сілах УСУ адзначылі, што беспілотнікі заляцелі ў паветраную прастору Украіны з боку Чорнага мора.
* * *
Спроба міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана пераканаць Дональда Трампа дазволіць Кангрэсу ЗША даць Украіне ваенную дапамогу ў памеры 60 мільярдаў долараў, падобна, правалілася, піша Guardian.
Выданне піша, што падчас прыватнай вячэры ў Фларыдзе Кэмеран заклікаў Трампа прызнаць зацікаўленасць ЗША, каб Пуцін не атрымаў узнагароду за захоп тэрыторый Украіны. Каманда перадвыбарнай кампаніі Трампа заявіла, што на вячэры абмяркоўваліся «будучыя выбары ў ЗША і Вялікабрытаніі, палітычныя пытанні, звязаныя з Brexit, неабходнасць для краін NATO выканаць патрабаванні выдаткаў на абарону і спыненне забойстваў ва Украіне».
Guardian мяркуе, што аргументы Кэмерана не былі пераканаўчымі на фоне працяглай барацьбы за ўладу ўнутры Рэспубліканскай партыі, бо прыхільнікі жорсткай лініі пагражаюць прыбраць спікера Кангрэса Майка Джонсана, калі ён вынесе пакет дапамогі Украіне на галасаванне.
* * *
Міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашунас заклікаў краіны NATO паскорыць пераход на вайсковую эканоміку. Кашунас заявіў, што хаўруснікі ў арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы павінны «падрыхтавацца як мага хутчэй», павялічыўшы выдаткі на абарону як мінімум да 2% валавога ўнутранага прадукту. «Калі вы будзеце моцнымі, вы іх стрымаеце. Калі вы хочаце міру з Расіяй, будзьце моцнымі», — сказаў Кашунас.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю нямецкаму выданню Bild заявіў, што Украіна распрацавала план контрнаступлення, але для яго выканання патрэбная зброя.
«Так, у нас ёсць план контрнаступлення», — заявіў ён, але падкрэсліў, што Украіне патрэбная зброя, у тым ліку ад ЗША. Ён выказаў упэўненасць, што пры наяўнасці сучаснай зброі ў дастатковых колькасцях Украіна можа перамагчы Расію.