810-ты дзень вайны. Расійскі наступ на Харкаў — велізарны «мясны штурм»

Расійскія войскі задзейнічалі значныя сілы для вядзення наступу на Харкаў у складзе да пяці батальёнаў і не лічыцца з уласнымі стратамі, прасоўваючыся наперад. Падаецца, «Харкаўская аперацыя» — гэта велізарны «мясны штурм». Прынамсі, УСУ кажуць аб рэкордных стратах расіян за суткі ад самага пачатку вайны.

w1200.webp

На Харкаўскім кірунку аператыўная абстаноўка застаецца складанай і дынамічна мяняецца. Вядуцца баі за памежны горад Ваўчанск, вораг мае тактычны поспех. Пра гэта ў ноч з 12 на 13 траўня паведаміў Генеральны штаб УСУ.

«Вядуцца баі за памежны горад Ваўчанск. Вораг задзейнічаў значныя сілы для вядзення наступу на горад у складзе да пяці батальёнаў і не лічыцца з уласнымі стратамі. Толькі забітымі на гэтым кірунку расійскія захопнікі страцілі за суткі больш за 100 акупантаў. Цяпер вораг мае тактычны поспех», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага Генштаба.

Паведамляецца, што вядуцца баявыя дзеянні на напрамках Пыльная — Лук'янцы, Пыльная — Глыбокае, Пыльная — Алейнікава, Мурам — Бугруватка, вораг праводзіць штурмавыя дзеянні на напрамках Стралечча — Глыбокае, Алейнікава — Глыбокае, Алейнікава — Лук'янцы, Мром — Старыца, Плецёнаўка — Ціхае.

На працягу сутак на гэтых напрамках вораг здзейсніў 22 штурмавых дзеянні, з іх 14 — яшчэ працягваюцца. «Спланаваныя меры па знішчэнні праціўніка, які ўклініўся ў нашу абарону», — гаворыцца ў паведамленні.

* * *

У Харкаўскай вобласці расійскія войскі па сутнасці занялі населеныя пункты Марахавец, Алейнікава і Зялёнае і працягваюць рух у напрамку вёскі Ліпцы. Пра гэта ўначы ў панядзелак, 13 траўня, паведаміў маніторынгавы рэсурс DeepState. Паведамляецца, што працягваюцца актыўныя баі за Лук'янцы, якія вораг амаль цалкам акупаваў.

Расійскія войскі таксама спрабуюць замацавацца ў Глыбокім. «Робяць спробы прасоўвацца пяхотай, аднак знаходзяцца пад пастаянным агнём, у прыватнасці, FPV-дронаў Сіл абароны Украіны, што значна ўскладняе перамяшчэнне, але іх гэта не спыняе», — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што былі шматлікія паведамленні аб акупацыі ворагам населенага пункта Гацішча, аднак гэтая інфармацыя патрабуе ўдакладнення.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) прыводзіць словы ўкраінскага афіцэра, які паведаміў, што сітуацыя надзвычай складаная, паколькі ва УСУ няма належных умацаванняў у гэтым раёне. Ён распавёў, што захопнікі ачапілі Ваўчанск, і што сустрэчныя баявыя дзеянні ўжо адбываюцца ў межах населенага пункта.

Такім чынам, у ISW ацэньваюць, што акупанты таксама, верагодна, захапілі Хацішча (на паўночны захад ад Ваўчанска) і Ціхае (на ўсход ад Ваўчанска), улічваючы словы афіцэра УСУ пра тое, што войскі РФ атачылі Ваўчанск, і сцвярджэнне расійскага блогера аб вулічных баях у Ваўчанску.

У Генштабе УСУ таксама паведамілі, што акупанты атакавалі паблізу Бугруваткі (на захад ад Ваўчанска), што сведчыць, што войскі РФ, верагодна, замацавалі пазіцыі паміж міжнароднай мяжой і раёнам Бугруватка — Старыца, паказваецца ў справаздачы.

Глядзіце таксама

Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец паведаміў, што войскі РФ прасунуліся на Ваўчанскім кірунку на 2,5 км, і адзначыў, што расійскае камандаванне перакінула на Ваўчанскі кірунак прынамсі 4 мотастралковых батальёна 11-га армейскага корпуса.

Украінскія крыніцы адзначылі, што некаторыя населеныя пункты на паўночным Харкаўскім кірунку застаюцца ў шэрай зоне, нягледзячы на прасоўванне РФ у гэтых населеных пунктах. Гэта сведчыць, што УСУ праводзяць частыя контратакі, каб пазбавіць ворага кантролю над гэтымі раёнамі.

* * *

Таксама войскі РФ працягнулі наземныя атакі на лініі Купянск — Сватава — Крэменная; на паўночны ўсход ад Бахмута; на поўдзень ад Северска; паблізу ад Часава Яра і ў раёне Аўдзееўкі. Расійскія вайсковыя блогеры паведамляюць аб прасоўванні расійскіх войскаў наперад практычна ва ўсіх кірунках фронту ва Украіне, аднак ні ў адным з гэтых выпадкаў ISW не знайшоў ніякіх дакументальны пацвярджэнняў зменаў ліній фронту.

* * *

Украінскія абаронцы паведамляюць пра рэкордныя страты расійскай арміі за папярэднія суткі, 12 траўня. Паведамляецца аб ліквідацыі 1740 расійскіх жаўнераў. Такой колькасці знішчаных за суткі ворагаў яшчэ не было, адзначае Генштаб УСУ. Таксама паведамляецца пра велічэзныя страты Расіі ў бронетэхніцы — знішчаныя за суткі 31 танк, 42 баявых браніраваных машыны і 15 артылерыйскіх сістэм арміі РФ.

3314516.jpg

* * *

Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Пуцін замяніў Сяргея Шайгу на Андрэя Белавусава на пасадзе міністра абароны Расіі 12 траўня, узмацняючы падрыхтоўку да зацяжной вайны ва Украіне і, магчыма, рыхтуючыся да будучай канфрантацыі з NATO.

Эксперты адзначаюць, што амаль дзесяцігадовае знаходжанне Белавусава на пасадзе міністра эканомікі ў расійскім урадзе і яго нядаўні ўдзел у кіраванні рознымі інавацыйнымі праектамі ў галіне АПК і беспілотнікаў добра падрыхтавалі яго да кіраўніцтва апаратам Міністэрства абароны Расіі, які знаходзіцца ў цяжкім становішчы.

«Белавусаў мае трывалую рэпутацыю эфектыўнага тэхнакрата, а інсайдэрскія крыніцы сцвярджаюць, што ён мае і станоўчыя стасункі з Пуціным», — гаворыцца ў справаздачы.

ISW адзначае: раней Пуцін таксама адсоўваў сваіх няўдачлівых генералаў, прызначаючы іх на перыферыйныя пасады, звязаныя з бяспекай і абаронай, па-за наўпроставым падначаленнем, часам дазваляючы ім «загладзіць сваю віну і вярнуцца на службу да Пуціна». Таму Шайгу стаў сакратаром Савета бяспекі замест Мікалая Патрушава.

* * * 

На думку аналітыкаў ISW, расійская наступальная аперацыя з мэтай захопу горада Ваўчанск у Харкаўскай вобласці ў значнай ступені з'яўляецца вынікам палітыкі Захаду, згодна з якой украінскія войскі не могуць выкарыстоўваць заходнія ўзбраенні для нанясення ўдараў па легітымным ваенным мэтам на тэрыторыі Расіі.

У справаздачы спасылаюцца на аналіз сітуацыі ад украінскага вайсковага аглядальніка Канстанціна Машаўца, які адзначыў, што блізкасць Ваўчанска да міжнароднай мяжы дае расійскім войскам «шмат магчымасцяў».

«У прыватнасці, расіяне здольныя праводзіць аперацыі з абмежаванымі сіламі і сродкамі для дасягнення канкрэтнага выніку. Таксама блізкасць горада дае расійскім войскам невялікае плячо дастаўкі для забеспячэння стабільнага кантролю і агнявой падтрымкі без перамяшчэння артылерыі. Таксама гэта размяшчэнне дазваляе хутка дастаўляць паліва і зброю на лінію фронту», — гаворыцца ў справаздачы ISW.