879-ты дзень вайны: Зяленскі назваў умову сканчэння гарачай фазы вайны
Кожны дзень прыносіць новыя ахвяры. Мужныя абаронцы Украіны і дэмакратычнага свету гінуць за кожнага з нас. Сабралі самае істотнае, што адбылося на вайне да гэтай гадзіны.
Зяленскі назваў умову, пры якой Украіна можа завяршыць гарачую фазу вайны да канца 2024 года
- Я думаю, што калі мы будзем дзейнічаць узгоднена і прытрымлівацца фармату Саміту міра, то мы можам скончыць гарачую стадыю вайны. Мы можам паспрабаваць гэта зрабіць да канца гэтага года, — сказаў ён.
Палітык дадаў, што план мірнага ўрэгулявання будуць узгадняць з саюзнікамі Украіны, каб "ніхто не спрабаваў перайграць пасля заканчэння вайны".
Таксама ён лічыць, што вярнуць захопленыя Расіяй украінскія тэрыторыі можна шляхам дыпламатыі, не абавязкова іх адваёўваць у баях. Завяршэнне вайны пры дапамозе дыпламатыі, на думку Зяленскага, магчыма, калі краіны Захаду будуць ціснуць на Маскву. Праўда, у той жа час, на думку Зяленскага, паслабленне Расіі на полі бою паставіць Украіну ў мацнейшую пазіцыю за сталом перамоваў.
Ад Вялікабрытаніі, па словах Зяленскага, Кіеў хацеў бы атрымаць дазвол на выкарыстанне зброі, якая пастаўляецца Захадам для ўдараў па тэрыторыі Расіі — без абмежаванняў па далёкасці.
"Мы проста хочам біць дакладна па тым пункце, з якога яны страляюць па нас", — сказаў ён.
***
Былы прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан лічыць, што кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп у выпадку перамогі мог бы спыніць вайну Расіі супраць Украіны на "правільных умовах для Украіны і Захаду". Аб гэтым ён заявіў у калонцы для DailyMail. Джонсан лічыць, што Трамп можа прапанаваць Расіі адысці на межы пачатку 2022 года, а Украіна зможа хутка стаць членам Еўрасаюза і НАТА.
***
Узброеныя сілы акупантаў у ноч на 21 ліпеня нанеслі па Украіне ўдар, яны ужылі ракеты і беспілотнікі, паведаміў камандуючы Паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук. Паводле яго слоў, расійскія войскі прымянілі тры балістычныя ракеты, выпушчаныя з комплексаў "Іскандэр-М", дзве кіруемыя авіяцыйныя ракеты Х-59/69, а таксама 39 ударных беспілотнікаў тыпу "Шахед". Як паведаміў Аляшчук, украінскія сілы супрацьпаветранай абароны за ноч збілі 35 беспілотнікаў, а ракеты Х-59/69 не дасягнулі сваіх мэт. У ваеннай адміністрацыі Сумскай вобласці паведамілі, што раніцай 21 ліпеня расійскія войскі нанеслі ракетна-авіяцыйны ўдар па аб'ектах крытычнай інфраструктуры ў Шосткінскім раёне.
***
Выданне "Украінская праўда" са спасылкай на аналітыкаў праекта Deep State паведамляе, што за апошнія двое сутак расійскай арміі ўдалося акупаваць сяло Прагрэс у Данецкай вобласці. Баі за населены пункт вяліся ўсе апошнія месяцы. Узброеныя сілы расійскіх акупантаў верагодна паспрабуюць прарвацца ў тым ліку праз Прагрэс у кірунку трасы Пакроўск — Канстанцінаўка, па якой забяспечваюцца групоўкі ў Часовым Яры і Тарэцку.
***
Украінскае выданне Defense Express апублікавала фатаграфію, на якой, як сцвярджаецца, паказаны дрон-камікадзэ, які атакаваў Кіеў 20 ліпеня. "Новы невядомы дрон рухаўся на вельмі нізкай вышыні ў 20-30 метраў і прайшоў у афіцыйных паведамленнях, як "БПЛА неўстаноўленага тыпу"", — піша выданне.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, магчыма, спрабуе наладзіць кантакт з патэнцыйнай будучай адміністрацыяй Дональда Трампа і, цалкам верагодна, гатовы да перамоваў з Расіяй, калі здзелка будзе справядлівай. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN, спасылаючыся на словы экспертаў, у тым ліку былога амбасадара ЗША ва Ўкраіне Джона Хербста (2003-2006 гады).