881-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны: УСУ паказала чарговы збіты расійскі Су-25
На Пакроўскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы збілі чарговы расійскі баявы самалёт Су-25 і паказалі відэа. Вярхоўная Рада Украіны падтрымала падаўжэнне дзеяння ваеннага становішча на 90 дзён — з 12 жніўня па 9 лістапада. У Марганцы Днепрапятроўскай вобласці падчас абстрэлу расіян атрымалі раненні дзеці. РФ накіравала свой беспілотнік на дом сямейнага тыпу ў марганцы, дзе пражывала 12 дзяцей, трое з іх параненыя.
Кіраўнік польскага МЗС папрасіў ЕС зняць абмежаванні на нанясенне ўкраінскімі ўдараў па Расіі
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас сустрэчы з калегамі з Еўрасаюза папрасіў зняць уведзеныя іх краінамі абмежаванні на выкарыстанне Украінай зброі далёкага дзеяння.
Пра гэта ён заявіў журналістам па выніках сустрэчы ў Брусэлі, паведамляе www.eurointegration.com.ua са спасылкай на TVN24.
Сікорскі падкрэсліў, што сустрэча кіраўнікоў МЗС была першай «пасля варварскага нападу на дзіцячы анкалагічны шпіталь» у Кіеве: «Таму я папрасіў калег-міністраў зняць нацыянальныя абмежаванні на прымяненне зброі далёкага дзеяння. Каб Украіна магла ў будучыні не дапусціць такіх нападаў, наносячы ўдары па тых самалётах, якія абстрэльваюць крылатымі ракетамі, і па тых аэрапортах, з якіх яны ўзлятаюць».
Паводле кіраўніка польскага МЗС, гэтыя дзеяньні адпавядаюць «самаабароне, якая з’яўляецца законнай паводле міжнароднага права».
«Абарона дзіцячых анкалагічных бальніц — гэта не эскалацыя», — рэзюмаваў Сікорскі.
Украінскія вайскоўцы збілі расійскі знішчальнік Су-25 і паказалі эфектнае відэа
Украінскія вайскоўцы збілі расійскі знішчальнік Су-25 на Пакроўскім кірунку. Разам з іншым аналагічным самалётам ён спрабаваў абстраляць пазіцыі падраздзяленняў Сіл абароны Украіны, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Хорціцкую аператыўна-стратэгічную групоўку войскаў (АСГВ »Хорціца»).
Як падкрэсліваецца ў паведамленні, зенітчыкі асобнай механізаванай брыгады імя генерал-яфрэйтара Марка Бязручка знішчылі другі ў гэтым месяцы штурмавік Су-25.
«Дзякуючы трапнасці і прафесіяналізму нашых зенітчыкаў сёння расійская авіяцыя зменшылася яшчэ на адзін баявы самалёт — штурмавік Су-25. Пакроўскі трохкутнік для расійскай авіяцыі», — адзначае АСГВ «Хортіца».
Абстрэл Марганца: расіяне патрапілі па дзіцячым доме, трое дзяцей параненыя
Траплянне прыйшлося ў
дах будынка, дзе пражывала 12 дзяцей — выхаванцаў дома сямейнага тыпу. Трое
дзяцей атрымалі раненні.
Нацпаліцыя паведаміла пра падрабязнасці атакі расіян на Марганец Днепрапятроўскай вобласці, падчас якой пацярпелі дзеці. Адзначаецца, што войскі РФ абстралялі будынак сямейнага тыпу.
«Сёння, каля 10 гадзін раніцы, вораг накіраваў беспілотнік на прыватны дом у г. Марганец. Траплянне прыйшлося ў дах аднаго з будынкаў, дзе пражывала 12 дзяцей — выхаванцаў дома сямейнага тыпу. На момант прылёту ўнутры знаходзіліся двое хлопцаў 14 гадоў і адзін 13-гадовы. Яны атрымалі раненні. Іншыя дзеці, якія выхоўваюцца ў сям'і, не пацярпелі — яны знаходзіліся ў іншым памяшканні», — гаворыцца ў паведамленні.
Падлеткаў неадкладна эвакуіравалі з месца здарэння і шпіталізавалі ў абласную бальніцу.
На месцы здарэння працягваюць працаваць паліцэйскія. Працягваецца дакументаванне ваеннага злачынства, якое здзейснілі акупанты супраць мірнага насельніцтва.
Навіны вайны
Уначы ў порце Каўказ было атакавана паромнае судна, паведаміў губернатар Краснадарскага краю РФ Веніямін Кандрацьеў. Паводле яго слоў, сярод членаў экіпажа і супрацоўнікаў порта ёсць пацярпелыя і загінулы.
Інфаграфіка Генштаба УСУ
- Расійскія войскі атакавалі з беспілотніка Херсон, адзін чалавек паранены, паведаміла АВА.
- За мінулыя суткі 22 ліпеня на ўсходнім і паўднёвым напрамках супрацьпаветранай абаронай Украіны збітыя сем разведвальных БПЛА, паведамілі ў паветраных сілах УСУ.
- Уначы расіяне абстралялі з БПЛА Купянск Харкаўскай вобласці, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў па адным чалавеку пацярпелі ў вёсцы Руская Лазавая Харкаўскага раёна, у вёсцы Іванчукоўка Ізюмскага раёна, у вёсцы Сенькава і вёсцы Падолы Купянскага раёна.
- У Данецкай вобласці за 22 ліпеня ў выніку расійскіх абстрэлаў параненыя 15 чалавек, паведаміў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін.
- У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў параненыя сем чалавек, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. Пашкоджаныя 30 прыватных дамоў, гандлёвая ўстанова, газаправод.
Інфаграфіка Генштаба УСУ
- Уначы РФ атакавала Сумскую вобласць кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-69 і васьмю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed. Збіць удалося сем дронаў, а ракета ў выніку актыўнага процідзеяння не дасягнула сваёй мэты, паведамілі ў паветраных сілах УСУ.
- Раніцай расіяне абстралялі з артылерыі горад Ачакаў Мікалаеўскага раёна — вядома аб чатырох пацярпелых, сярод іх двое падлеткаў 15 і 17 гадоў. Пашкоджаны шматкватэрны дом, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 23 ліпеня: асабовага складу — каля 568 980 (+1220 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8288 (+4), баявых браніраваных машын — 16 000 (+20), артылерыйскіх сістэм — 15 694 (+57), РСЗА — 1125 (+2), сродкаў СПА-901 (+1), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 12 511 (+36), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 21 202 (+64), спецыяльнай тэхнікі — 2640 (+3).
Інфаграфіка Генштаба УСУ
Навіны заходніх партнёраў Украіны
- Байдэн перадаў свае паўнамоцтвы паводле закона аб падтрымцы Украіны Мінфіну і Дзярждэпартаменту ЗША, паведаміў Белы дом. Гаворка ідзе пра закон аб аднаўленні эканамічнага росквіту і магчымасцях для ўкраінцаў, які прадугледжвае, у прыватнасці, магчымасць канфіскаваць замарожаныя расійскія актывы на аднаўленне Украіны.
Financial Times піша, што Байдэн у апошнія месяцы прэзідэнцтва засяродзіцца на Украіне і Блізкім Усходзе. Выданне адзначае, што рашэнне выйсці з прэзідэнцкай гонкі запусціла шасцімесячную гонку за замацаванне знешнепалітычных дасягненняў яго адміністрацыі, асабліва на Блізкім Усходзе і ва Украіне. Адным з найважнейшых прыярытэтаў для Байдэна стане забеспячэнне максімальна магчымай падтрымкі Украіны ў выпадку перамогі Трампа ў лістападзе.
- Кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта заявіў, што Будапешт не ўхваліць вылучэнне 6,5 млрд еўра з Фонду міру краін ЕС на зброю Украіне, пакуль Кіеў не вырашыць пытанне з транзітам расійскай нафты.
- У ліпені Украіна атрымае ад Бельгіі першыя 1,5 млрд еўра даходаў ад замарожаных расійскіх актываў, паведаміў Шмыгаль. Паводле яго слоў, сродкі пойдуць на закупку неабходнага ўзбраення-СПА, артылерыйскіх снарадаў, а таксама на развіццё абаронна-прамысловага комплексу.
- Boeing і дзяржаўнае прадпрыемства Антонаў падпісалі папярэдняе пагадненне аб сумеснай вытворчасці беспілотных сістэм для Украіны. У мемарандуме ідзе гаворка, у прыватнасці, аб інжынернай і лагістычнай падтрымцы ад Boeing, а таксама тэхнічным абслугоўванні беспілотнікаў (у прыватнасці, ScanEagle ад Boeing).