913-ты дзень вайны. «Не будзе хворы дзед з Краснай плошчы дыктаваць нам нейкія чырвоныя лініі»

Вайна ва Украіне працягваецца, пачаліся 913 суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі РФ. Пакроўскі кірунак застаецца самым гарачым на фронце.

Фота УСУ

Фота УСУ

Як адзначаецца ў паведамленні Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, за мінулыя суткі адбылося 149 баявых сутыкненняў. Амаль траціна з якіх — на Пакроўскім кірунку.

«Паводле ўдакладненай інфармацыі, учора праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах тры ракетныя ўдары з ужываннем пяці ракет, а таксама 74 авіяцыйныя ўдары, у прыватнасці, скінуў 102 КАБы. Акрамя гэтага, здзейсніў 4074 абстрэлы, з іх 138 — з рэактыўных сістэм залпавага агню, і задзейнічаў для паражэнняў 1249 дронаў-камікадзэ», — гаворыцца ў паведамленні.

У той жа час за мінулыя суткі ракетныя войскі і артылерыя сіл абароны пабілі 20 раёнаў засяроджвання асабістага складу і ўзбраенняў праціўніка, пункт кіравання, тры сродкі СПА, дзве артылерыйскія сістэмы, станцыю РЭБ, пантонную пераправу і яшчэ адзін важны аб'ект расійскіх акупантаў.

Паводле інфармацыі Генштаба, на Харкаўскім напрамку за мінулыя суткі ў раёнах населеных пунктаў Ліпцы і Ваўчанск адбылося сем баявых сутыкненняў. На Купянскім кірунку колькасць баёў склала 20, а на Ліманскім кірунку адбіта 13 нападаў. На Северскім кірунку сіламі абароны адбіта сем нападаў непадалёк Выемкі, Белагораўкі і Спорнага.

Акрамя таго, на Краматорскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі 22 спробы захопнікаў прасунуцца паблізу Часавага Яра, Калінаўкі і Іваноўскага. Сітуацыя кантралюемая. «Пры падтрымцы штурмавой авіяцыі, вораг дзевяць разоў спрабаваў рушыць наперад на Тарэцкім кірунку. Дзейнічаў у раёнах населеных пунктаў Неліпаўка і Тарэцк», — адзначылі ў Генштабе.

На Пакроўскім кірунку УСУ адбілі 44 атакі праціўніка. Расійцы спрабуюць прасоўвацца ў напрамку Ваздзвіжанкі, Калінавага, Навагродаўкі, Гродаўкі, Птушынага і Зялёнага Поля.

Таксама на Курахоўскім кірунку УСУ працягваюць стрымліваць акупантаў у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Георгіеўка, Краснагораўка і Карлаўка, дзе расійцы 16 разоў спрабавалі прарваць украінскія абарончыя рубяжы. У той жа час на Урэмаўскім кірунку захопнікі здзейснілі 11 спробаў захапіць украінскія пазіцыі непадалёк Вадзянога і Угледара Данецкай вобласці.


Глядзіце таксама

Украінскія войскі працягваюць наступальную аперацыю на тэрыторыі Курскай вобласці РФ і маюць новы поспех. У той жа час расійскія захопнікі прасунуліся ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласці — каля пасёлка Гродаўка і горада Навагродаўка, паведамілі аналітыкі DeepState.

Варта адзначыць, што 23 жніўня афіцэр 59-й асобнай мотапяхотнай брыгады УСУ ім. Якава Гандзюка Сяргей Цэхоцкі паведамляў аб актывізацыі інтэнсіўнасці нападаў з боку расійцаў, у тым ліку на Пакроўскім кірунку.


Глядзіце таксама

У ноч на суботу, 24 жніўня, расійскі горад Астрагожск (Варонежская вобласць) аказаўся пад ударам дронаў, пачаўся пажар, і нібыта ёсць пацярпелы.

Такой інфармацыяй падзяліўся губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў. Паводле яго слоў, спачатку расійскія акупанты выявілі і нібыта знішчылі адзін дрон самалётнага тыпу.

«У выніку падзення абломкаў беспілотніка ў адным з муніцыпалітэтаў было ўзгаранне травы, якое ўжо ліквідавана. Паводле папярэдняй інфармацыі, асколачнае раненне атрымаў адзін чалавек. Буйных разбурэнняў на зямлі няма», — сцвярджае ён.

Пазней Гусеў напісаў, што нібыта былі знішчаныя яшчэ некалькі дронаў, і ў выніку падзення аскепкаў пачаўся пажар, які справакаваў дэтанацыю выбухованебяспечных аб'ектаў. «Новых пацярпелых, а таксама пашкоджанняў грамадзянскіх будынкаў, на гэты момант не выяўлена», — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля дронавай атакі ў Астрагожску гарыць і выбухае склад боепрыпасаў, паведамляе выданне ASTRA. Журналісты дадалі, што ў гэтым горадзе знаходзіцца навучальны цэнтр па падрыхтоўцы малодшых спецыялістаў аўтабранятанкавай службы Мінабароны Расіі.


Глядзіце таксама

Ваенная аперацыя УСУ ў Курскай вобласці паставіла расійскую армію ў цяжкае становішча. Каб супакоіць расійцаў, Пуцін звярнуўся да добра знаёмага сцэнара: паводзіць сябе так, як быццам нічога не здарылася, але незразумела, як доўга пратрымаецца гэты «выкрут», піша The Wall Street Journal.

Адзначаецца, што для многіх уварванне УСУ ў Расію нанесла яшчэ адзін удар па аўры непераможнасці Пуціна, якую ён падтрымліваў, імкнучыся паказваць РФ як краіну, «якая выступае супраць заходняга панавання».

Аднак, як адзначыў аналітык Кейр Джайлз, цяпер у РФ спрабуюць зрабіць выгляд, што гэта нармальна, што «войны прыходзяць і сыходзяць»: «Вы можаце паспрабаваць ператварыць гэта ў новую норму, але дзе правесці рысу ў цяперашніх абставінах?»

І калі падзеі ў Курскай вобласці ўсё ж трапляюць у эфір расійскай тэлевізіі, то каментатары паўтараюць заявы Мінабароны РФ аб «вайсковай перавазе Расіі над Украінай». А на абурэнні расійцаў у сацыяльных сетках крамлёўскія прапагандысты заклікаюць усіх «супакоіцца».

Між тым, Пуцін не звяртаўся да нацыі з нагоды ўварвання ў Курскую вобласць. Ён працягвае прытрымлівацца свайго працоўнага графіка, піша WSJ.

Паказваецца, што такі яго падыход служыць для стварэння атмасферы «нармальнасці» для насельніцтва, якое дэманструе прыкметы стомленасці ад развязанай вайны. Аднак, як піша выданне, Пуцін, хутчэй за ўсё, працягне перамяншаць значэнне ўварвання УСУ і наўрад ці цяпер звернецца да расійцаў. Ён, як правіла, «імкнецца выступаць, калі можа паведаміць пра станоўчыя вынікі», адзначыў кансультант з брытанскага аналітычнага цэнтра Chatham House Мікалай Пятроў.


Глядзіце таксама

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, заспетая знянацку ўварваннем Украіны ў Расію, усё яшчэ абмяркоўвае, ці варта дапамагаць украінскім войскам утрымліваць і, магчыма, нават пашыраць прысутнасць у Курскай вобласці. Вашынгтон застаецца няўпэўненым у мэтах украінскай аперацыі і занепакоены эскалацыяй у адносінах з Масквой, піша The Washington Post.

Паводле слоў амерыканскіх чыноўнікаў, Пентагон спытаў украінцаў, што ім трэба для поспеху іх гамбіта. Аднак ніякіх рашэнняў аб матэрыяльнай падтрымцы гэтых намаганняў не было прынята. Адзначаецца, што ўнутраныя адміністрацыйныя дыскусіі сканцэнтраваныя на тым, ці варта карэктаваць змесціва пакетаў зброі, якія адпраўляюцца кожныя два тыдні. Гаворка ідзе аб дадатковай бронетэхніцы або паскарэнні дастаўкі пэўных боепрыпасаў і іншага абсталявання, якое магло б дапамагчы ўкраінцам акапацца і абараніць сябе на захопленай расійскай тэрыторыі.

Паводле слоў журналістаў, адміністрацыя Байдэна і раней надавала прыярытэт адпраўцы Украіне пэўных відаў узбраенняў у сувязі са змяненнем умоў вядзення баявых дзеянняў. Але пакуль працягваюцца дыскусіі адносна дапамогі курскай наступальнай аперацыі, дамінуюць два пытанні. Амерыканцы кажуць, што яны не ўпэўненыя ў агульнай наступальнай стратэгіі Кіева. У той жа час залежнасць Украіны ад амерыканскай зброі адрадзіла асцярогі адносна прамой эскалацыі канфлікту ЗША і НАТО з Расіяй.

Пакуль што адміністрацыя заяўляе, што не мае выразнага ўяўлення пра мэты Украіны ў захопе тэрыторыі Расіі, а таксама пра тое, ці мае намер яна ўтрымліваць або пашыраць сваю акупацыю: «Магчыма, у іх ёсць план, але яны не дзеляцца ім з намі», — сказаў амерыканскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці.

Некаторыя прадстаўнікі амерыканскай адміністрацыі і вайскоўцы выказалі захапленне тым, як украінскія войскі справіліся з уварваннем у Курскую вобласць. У ЗША ўзніклі пытанні адносна выкарыстаньня амеэрыканскай зброі для наступальных дзеянняў унутры Расіі.

Амерыканскія афіцыйныя асобы раней заяўлялі, што перагледжаная палітыка вузка сканцэнтраваная на выкарыстанні такіх відаў зброі, як гаўбіцы і рэактыўная артылерыя, для вядзення агню з Украіны ў Расію. Засталіся ў сіле абмежаванні на выкарыстанне боепрыпасаў вялікай далёкасці. Аднак украінскія войскі, паводле слоў аналітыкаў і салдат на месцах, ужо выкарыстоўваюць амерыканскую тэхніку ў Курскай наступальнай аперацыі. Гаворка ідзе пра бронетранспарцёры Stryker і браніраваныя аўтамабілі MRAP.

Амерыканскія адміністрацыя раней часам вызначалі амерыканскія ўдары ў такіх месцах, як Ірак і Емен, як «прэвентыўную» абарону, а не напад. Пакуль адміністрацыя Байдэна спрабуе вырашыць гэтае пытанне ва Украіне, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заклікаў адмяніць усе амерыканскія «чырвоныя лініі».


Глядзіце таксама

Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі з нагоды 33-й гадавіны з Дня незалежнасці звярнуўся да ўкраінцаў у сваім тэлеграм-канале.

Ён нагадаў, што УСУ змагаюцца за ўкраінскую незалежнасць кожны дзень і кожную секунду. Паводле яго слоў, барацьба за незалежнасць працягваецца — на Пакроўскім, Тарэцкім, Харкаўскім і іншых напрамках, дзе ўкраінскія воіны цаной звышнамаганняў спыняюць і знішчаюць ворага.

«Наша незалежнасць — у нашай крыві. У крыві, якая цячэ ў нашых жылах, у крыві, якую нашы героі пралілі за родную зямлю», — адзначыў Сырскі. Паводле яго слоў, незалежнасць яшчэ і ў словах украінскага паэта-прарока Тараса Шаўчэнкі: «І на адноўленай зямлі ворага не буде, супастата...». Гэтыя словы кожны ўкраінскі салдат і матрос, сяржант і афіцэр ўвасабляе ў жыццё штосекундна, набліжаючы нашу перамогу. Таму што наша незалежнасць — у нашай веры ў перамогу», — дадаў галоўнакамандуючы УСУ.

Таксама павіншаваў украінцаў са святам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У сваім звароце ён адзначыў, што ўкраінцы заўсёды вяртаюць даўгі. І той, хто жадаў ўкраінскай зямлі бяды, атрымае яе ў сябе дома з працэнтамі. Паводле яго слоў, той, хто хоча сеяць на ўкраінскай зямлі зло, будзе пажынаць яго плён на сваёй тэрыторыі. Зяленскі падкрэсліў, што «не будзе хворы дзед з Краснай плошчы, які ўвесь час пагражае ўсім чырвонай кнопкай, дыктаваць нам нейкія свае чырвоныя лініі».

«Моцная мяжа павінна быць паміж намі і ворагам, а паміж украінцамі не будзе ніякіх сцен. Таму што Украіна — у кожным з нас. Незалежнасць — у кожным з нас. І аб'яднаныя, мы здольныя перамагаць. Гэта даказала 24 лютага. Даказаў 2022 і 2023 год. Даказвае і гэты год. Мы выстаялі, стрымалі і далі адпор ворагу, а цяпер робім гэта на яго балотах. Што такое незалежнасць. Як цяжка яе адрадзіць. Як цяжка яе абараніць. Але мы ведаем: усё залежыць ад нас», — сказаў прэзідэнт.