Ачомаліся? Упершыню з пачатку вайны з Украінай большасць расійцаў хочуць яе спынення
Колькасць праціўнікаў працягу вайны дасягнула максімуму з пачатку так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ва Украіне, паказала праведзенае ў апошні тыдзень кастрычніка даследаванне сацыялагічнай кампаніі Russian Field.
Амаль палова апытаных патрабуе пераходу да мірных перамоваў з Украінай, сведчаць вынікі апытання, з якімі азнаёміўся тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».
Толькі 39% расійцаў жадаюць працягу вайны — гэта абсалютны мінімум з лютага 2022-га. За працяг баявых дзеянняў найчасцей выступаюць мужчыны і рэспандэнты ад 45 гадоў і старэйшыя, за перамовы — жанчыны і моладзь. Калі ж Пуцін заўтра падпіша мірнае пагадненне і спыніць ваенную аперацыю, яго падтрымаюць 74%.
Другой хвалі мабілізацыі людзі не хочуць. Толькі 38% ухваляюць другую хвалю адпраўкі мужчын на фронт, 53% — супраць. Аб падтрымцы мабілізацыі часцей выказваюцца пенсіянеры, якіх яна не закранае.
Мінімуму з пачатку вайны дасягнула колькасць тых хто верыць, што Расія на правільным шляху. Цяпер такіх 65% (у лютым 2022-га іх было 70%). Пры гэтым 21% рэспандэнтаў упэўненыя, што Расія павярнула не туды (у пачатку вайны з Украінай іх было 18%).
Больш за ўсё палітыку Пуціна падтрымлівае насельніцтва 60+ (72%). Найбольш крытычная да пуцінскай «вертыкалі» — моладзь (толькі 49% ухваляюць дзеянні ўлады).
Большасць чакае пагаршэння свайго матэрыяльнага становішча — такіх 43%. І толькі пятая частка ўпэўненая, што яно палепшыцца. Аптымісты — зноўку тыя, каму 60+, песімісты — у асноўным да 45 гадоў.
У тэлефонным апытанні Russian Field прынялі ўдзел 1611 рэспандэнтаў, статыстычная хіба — да 2,44%.