Байдэн: Расійскі дыктатар заплаціць высокую цану за вайну ва Украіне

Пуцін пачаў вайну супраць Украіны «наўмысна і беспадстаўна», заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у звароце да нацыі. У перспектыве Пуцін «заплаціць вялікую цану» за гэтую вайну, піша www.dw.com.

60977304_303.jpg

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн

У сваім звароце да нацыі прэзідэнт Джо Байдэн рэзка асудзіў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна за ўварванне ва Украіну і назваў яго «расійскім дыктатарам». Пуцін паспрабаваў «зрушыць асновы вольнага свету», аднак «моцна пралічыўся», заявіў Байдэн у сваім выступе ўвечары 1 сакавіка ў Кангрэсе ЗША.

Па словах Байдэна, Пуцін пачаў вайну «наўмысна і беспадстаўна», ён вырашыў адкінуць намаганні па вырашэнні канфлікту дыпламатычнымі сродкамі. Нават калі яму ўдасца дамагчыся поспехаў у ходзе вайны, у перспектыве ён «заплаціць вялікую цану» за яе, заявіў прэзідэнт ЗША.

Як заўважыў Байдэн, Пуцін «думаў, што свет адвернецца, калі ён нападзе на Украіну», а замест гэтага наткнуўся ў гэтай краіне на «сцяну сілы, якой ён не мог сабе ўявіць». «Калі дыктатараў не спыняць, то яны створаць яшчэ большы хаос», — сказаў Байдэн. Менавіта па гэтай прычыне была створана NАТO.

Паводле яго слоў, Пуцін «думаў, што ён можа ўносіць раскол на Захадзе, і NАТO не будзе на гэта рэагаваць». «Пуцін памыліўся», — сказаў Байдэн. У суперніцтве паміж дэмакратыямі і аўтакратыямі першыя прымаюць выклік, і «свет робіць адназначны выбар на карысць міру і бяспекі».

 

Байдэн пахваліў мужнасць украінцаў, якія супрацьстаяць расійскай агрэсіі

Байдэн пахваліў «бясстрашнасць, мужнасць і рашучасць» украінцаў і іх прэзідэнта Зяленскага, што супрацівяцца расійскай агрэсіі — і імі «захапляецца свет». На ягоную думку, Пуцін ніколі не зможа дамагчыся добрага стаўлення да сябе ўкраінскага народа. «Пуцін можа акружыць Кіеў танкамі, аднак яму ніколі не ўдасца заваяваць сэрцы і душы ўкраінцаў», — сказаў ён. Са слоў Байдэна, расійскаму дыктатару ніколі не ўдасца знішчыць любоў украінцаў да свабоды.

У выніку ўведзеных краінамі Захаду санкцый супраць Расіі Пуцін аказаўся «ізаляваным ад свету, як ніколі раней», а расійская эканоміка ўжо адчула іх дзеянне, заявіў Байдэн. Ён абвясціў аб закрыцці паветранай прасторы ЗША для расійскіх самалётаў услед за ЕС, Вялікабрытаніяй і Канадай, што, па яго словах, будзе спрыяць далейшай ізаляцыі РФ. Ён таксама абвясціў аб намеры закрыць Расіі доступ да тэхналогій, што ў перспектыве аслабіць расійскую армію. «Калі напішуць гісторыю гэтай эпохі, вайна Пуціна супраць Украіны пакіне пасля сябе аслабленую Расію і ўмацуе астатні свет», — сказаў прэзідэнт ЗША. Па яго словах, свабода заўсёды перамагае тыранію.