Большасць украінцаў супраць «міру на любых умовах» — сацыёлагі
Ідзе 1045-ты дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
За мінулыя суткі, 2 студзеня, на фронце адбылося 138 баявых сутыкненняў. Больш за ўсё расійцы атакавалі на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках. Там украінскія вайскоўцы адбілі 38 і 27 атак адпаведна, паведамляе Генштаб УСУ.
На Врэмаўскім кірунку таксама было горача — расіяне здзейснілі 24 штурмы. У Курскай вобласці Расіі адбылося дзесяць боесутыкненняў.
* * *
Расійскія захопнікі працягваюць ціснуць на пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў у Данецкай вобласці. У Новавасільеўцы «сапраўдны пекла», паведаміў маніторынгавы праект Deep State.
Па даных праекта, кожны дзень у вёску заходзіць на штурм арыентыровачна ад двух узводаў пяхоты да роты расійцаў. «У асноўным пешым парадкам, часам пры падтрымцы ББМ (баявых бронемашын), а часам наогул на ЛАТ (легкавы аўтамабільны транспарт)», — гаворыцца ў паведамленні. Па даных Deep State, ідуць «вельмі жорсткія» баі за кожны дом і вуліцу.
Таксама паведамлялася, што інтэнсіўныя гарадскія баі працягваюцца ў Тарэцку Данецкай вобласці.
* * *
Расія ў ноч на 3 студзеня запусціла па Украіне 93 ударныя БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікі-імітатары розных тыпаў з кірункаў Бранск, Мілерава, Арол, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.
Пацверджана збіццё 60 ударных БПЛА, 26 варожых беспілотнікаў былі лакальна страчаныя.
У выніку расійскай дронавай атакі зафіксавана некалькі трапленняў ударных БПЛА па прыватных прадпрыемствах і шматкватэрных дамах у Данецкай і Чарнігаўскай абласцях. У прыватнасці, расійскія акупанты дронам ударылі па жылым доме ў Краматорску.
Таксама збітыя «Шахеды» нанеслі шкоду на Кіеўшчыне. У некалькіх раёнах пашкоджаныя прыватныя дамы і аўто. У Кіеўскай вобласці ёсць загінулы і пацярпелыя праз атаку РФ.
* * *
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) пішуць, што ўзмацненне наступальных магчымасцяў Украіны ў Чорным моры будзе пагражаць расійскаму кантролю над акупаваным Крымам.
Такая выснова зроблена на падставе атак украінскага ваенна-марскога беспілотніка 31 снежня па расійскіх верталётах Мі-8 у Чорным моры. ГУР паведаміла, 2 студзеня, што ўкраінскі вайсковы беспілотнік Magura V5 ракетамі знішчыў два расійскія гелікоптэры Мі-8 і пашкодзіў адзін у Чорным моры 31 снежня.
Прадстаўнік ВМС Украіны, капітан трэцяга рангу Дзмітрый Пляцянчук паставіў пад сумнеў расійскія паведамленні пра тое, што на борце верталётаў было восем чальцоў экіпажа, але адзначыў, што страта высокакваліфікаваных экіпажаў верталётаў з'яўляецца значнай.
Разам з тым расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што расійскія вайсковыя караблі спрабуюць схавацца ад удараў украінскіх ВМС у бухтах і партах, і што расійскія сілы змогуць адбіваць украінскія марскія беспілотнікі, абсталяваныя ракетамі, толькі з дапамогай рэактыўнай і знішчальнай авіяцыі.
* * *
* * *
Украінцы адназначна супраць «міру на любых умовах», сведчаць даныя сацыялагічнага апытання, праведзеныя ў снежні 2024 года Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі.
Сацыёлагі прапанавалі рэспандэнтам тры варыянты мірнага пагаднення. Першы: Украіна ўступае ў ЕС, але ёй забаронена ўступленне ў NATO і ўсе акупаваныя расійцамі тэрыторыі застаюцца за Расіяй — прымальны для 41% украінцаў, а для 47% такі варыянт катэгарычна непрымальны.
Другі: Украіна атрымлівае сяброўства ў NATO і ЕС, але вызваленне акупаваных Расіяй тэрыторый адкладаецца. Гэты варыянт гатовыя падтрымаць 64% украінцаў, а катэгарычна супраць — 21%.
Трэці: Украіна ўступае ў NATO і ЕС і вызваляе Херсонскую і Запарожскую вобласць, але адкладае вызваленне Данбаса і Крыма. За гэты варыянт выступаюць 60% рэспандэнтаў, катэгарычна супраць — 26%. «Стаўленне да разглядаемых пакетаў паказвае, што калі б пакеты ўключалі цяперашнія патрабаванні Расіі (якія рэгулярна з'яўляюцца ў медыяпрасторы), то абсалютная большасць катэгарычна адкінула б іх», — гаворыцца ў паведамленні.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю тэлемарафону заявіў, што ўкраінская аперацыя ў Курскай вобласці Расіі зрабіла моцнае ўражанне на краіны глабальнага Поўдня.
«Курск вельмі моцны козыр ва ўсіх перамовах. Асабліва з краінамі, якія нам вельмі важныя, асабліва з краінамі глабальнага Поўдня. Я ніколі не думаў, што гэта на іх аказала б такі вялікі ўплыў, бо яны былі настолькі пад уплывам “непераможнай Расіі”», — сказаў ён.
Таксама Зяленскі назваў тактычнай памылкай расійцаў зварот да Паўночнай Карэі па вайсковую дапамогу. «Іх 12 тысяч, якія прыйшлі са зброяй, і карэйскія вайскоўцы таксама не змаглі нічога зрабіць. Усё гэта працуе супраць Расіі, усё гэта выглядае моцным довадам за нас», — адзначыў ён.
Нагадаем, раней з'явілася інфармацыя пра страты параненымі і забітымі першай тысячы паўночнакарэйскіх салдат ва Украіне.
* * *
Новае пасяджэнне ў фармаце «Рамштайн» запланавана на 9 студзеня ў Германіі. Яно пройдзе пад старшынствам міністра абароны ЗША Лойда Осціна.
Нагадаем, фармат «Рамштайн» узнік у 2022 годзе для каардынацыі вайсковай падтрымкі Украіны пад эгідай ЗША. Ён аб'ядноўвае больш за 50 дзяржаў свету, пераважная большасць — члены NATO.