Большасць жыхароў Расіі супраць вайны з Украінай. І гэта не жарт

Апытанне Russian Field паказвае, што колькасць жыхароў Расіі, якія выступаюць за мірныя перамовы, дасягнула максімуму з пачатку вайны. Падобныя настроі раней выявіў сацапытанне ва Украіне.

262147.jpg

За пераход да мірных перамоваў выказаліся 54% расійцаў, апытаных даследчай кампаніяй Russian Field у лістападзе. Гэта максімальны паказчык з пачатку вайны, вынікае з апублікаваных дадзеных.

За працяг баявых дзеянняў выказаліся 36% апытаных расійцаў — гэта мінімальны паказчык за ўвесь перыяд назіранняў з сакавіка 2022 года.

Адметна, што падпісанне міру «заўтра» падтрымалі б 79%, прычым 60% апытаных згадзіліся б на пагадненне аб прыпыненні агню без папярэдніх умоў.

Сярод мужчын абодва варыянты карыстаюцца прыкладна аднолькавай папулярнасцю — 43% апытаных мужчынскага полу выказаліся за працяг вайны і 45% выказаліся за мірныя перамовы.

Найбольшы працэнт прыхільнікаў заканчэння баявых дзеянняў аказаўся сярод рэспандэнтаў 18-44 гадоў (68%), а ў двух старэйшых групах прыхільнікаў абодвух сцэнарыяў прыкладна пароўну. Забяспечаныя рэспандэнты і аўдыторыя тэлебачання больш актыўна падтрымалі працяг вайны, чым малазабяспечаныя, большасць з якіх выказаліся за пераход да перамоваў, адзначылі даследнікі.


Глядзіце таксама

Акрамя гэтага, 40% апытаных распавялі, што адчуваюць небяспеку ў сувязі з вайной асабіста для сябе. Вялікія асцярогі выклікаюць ўдары дронаў (27%), эканамічная сітуацыя (20%), абстрэлы (18%), мабілізацыя (17%), а таксама смерць або калецтвы блізкіх (12%).

Даследаванне было праведзена з 7 па 12 лістапада 2024 года. У рамках яго па тэлефоне былі апытаныя 1600 рэспандэнтаў з розных рэгіёнаў Расіі.

Раней, 19 лістапада, вынікі падобнага апытання, праведзенага ва Украіне, апублікавала даследчая кампанія Gallup, нагадвае выданне «Новая газета. Еўропа». З атрыманых дадзеных вынікае, што за апошні год амаль удвая знізілася колькасць украінцаў, якія лічаць, што краіна павінна весці вайну з Расіяй да поўнай перамогі.

Даследаванні, праведзеныя ва Украіне ў жніўні і кастрычніку 2024 года паказалі, што 52% рэспандэнтаў хацелі б, каб Кіеў як мага хутчэй пачаў перамовы аб міры, у той час як 38% выказвалі меркаванне, што Украіна павінна працягваць вайну да перамогі. У самым пачатку вайны аб неабходнасці весці баявыя дзеянні да перамогі казалі 73% украінцаў, у 2023 годзе — 63%.