Стабільнасць па-расійску: «Калі з вайной трэба завязваць, але завязаць з вайной нельга»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра стан расійскай эканомікі.
Хацеў табе сёння сказаць, як сёй-той прыгразіў Расіі вайной, піша тэлеграм-канал. А потым падумаў: ну, прыгразіў і прыгразіў. Вялікая справа, так? Хтосьці ўвесь час камусьці пагражае. Таму што геапалітычная веліч запалілася і цісне на цэнтры прыняцця рашэнняў. Тым больш сёй-той Расіі як раз і не пагражаў. Калі сёй-той сказаў, што замахі на яго суверэнітэт могуць давесці да вайны, то ён на самай справе меў на ўвазе: «Не рабіце мне анексій, калі ласка. Я і так зраблю ўсё, што вы скажаце».
Таму, прабач, лепш я табе скажу пра сумнае. І не проста пра сумнае, а пра чужое сумнае. Таму што гэта чужое сумнае мае прамое дачыненне да нашага росквіту і, можа быць, нават датэрміновага электаральнага волевыяўлення. І казаць буду з выкарыстаннем асобных ідыёматычны выразаў. Карацей, я цябе папярэдзіў.
Учора расійскі Цэнтрабанк падняў ключавую стаўку. І тут важна нават не тое, што Цэнтрабанк гэтую стаўку падняў, а тое, як ён яе падняў. Цэнтрабанк падняў стаўку адразу з 19 да 21 адсотка. Для стаўкі гэта вельмі шмат.
А ўсё чаму? Таму што справы ў расійскай эканомікі аказаліся значна горшымі, чым яны сабе ўяўлялі. Таму што, з аднаго боку, расійская эканоміка з кожным месяцам расце павольней, чым расла раней. У лютым расійская эканоміка расла з хуткасцю 7,6 адсотка, у траўні – 4,7, а ў жніўні вырасла ўсяго на 2,4.
А з другога боку, з кожным месяцам расійская інфляцыя расце ўсё хутчэй. І ў верасні бягучы рост цэн разагнаўся амаль да 10 адсоткаў. А можа нават і абагнаў 10 адсоткаў, таму што некаторыя нядобрыя людзі спекулююць, што расійскія ўлады трошкі прыніжаюць непрыемную для сябе статыстыку.
Гэта значыць, расійская эканоміка расце ў бок стагнацыі, а расейская інфляцыя ў бок двухзначных лічбаў. І калі яны сустрэнуцца, то ў Расіі наступіць стагфляцыя. Калі цэны растуць, а вытворчасць — не.
У дадзеным канкрэтным расійскім выпадку вытворчасць не расце ў асноўным таму, што няма каму. Людзей не хапае. А тыя, якіх хапае, замест вытворчасці грамадска-карысных тавараў або вырабляюць снарады, або гэтымі снарадамі страляюць. І атрымліваюць за гэта шмат грошай. Грошай становіцца больш, а грамадска-карысных тавараў — не. Таму цэны на грамадска-карысныя тавары растуць.
А людзей не хапае. Таму, каб было каму рабіць снарады, ім трэба плаціць яшчэ больш. А ад гэтага кошты растуць яшчэ хутчэй. А грамадска-карысных тавараў становіцца яшчэ менш. І вырабляць грамадска-карысныя тавары няма каму, таму што тыя, хто вырабляе грамадска-карысныя тавары, не могуць вытрымаць зарплатнай канкурэнцыі з тымі, хто вырабляе снарады. І ад гэтага цэны яшчэ хутчэй растуць.
І атрымліваецца нават не замкнёнае кола, а спіраль, якая сыходзіць у мінус бясконцасць. Такі нездаровы стан эканомікі, ад якога вельмі цяжка пазбавіцца. Таму што калі ты змагаешся з інфляцыяй, то ў цябе падае вытворчасць грамадска-карысных тавараў. А калі спрабуеш павялічыць вытворчасць, то расце інфляцыя.
І пакуль ад гэтай непрыемнай перспектывы яшчэ можна пазбавіцца, калі вярнуць у эканоміку людзей, якіх у яе не хапае. Але тады няма каму будзе рабіць снарады і няма каму будзе гэтымі снарадамі страляць. І атрымліваецца, што з вайной трэба завязваць. Прынамсі на некаторы час.
Але не факт, што тыя, хто страляў і рабіў снарады, захочуць вярнуцца да вытворчасці грамадска-карысных тавараў за меншыя грошы. Яны могуць знервавацца. А калі нервуюцца людзі, якія ўмеюць страляць, гэта дрэнна адбіваецца на грамадскай стабільнасці. І атрымліваецца зноў спіраль, якая сыходзіць у мінус бясконцасць. Калі з вайной трэба завязваць, але завязаць з вайной нельга. Стабільнасць у любым выпадку зламаецца.
А ў нас усё тое ж самае, толькі з папраўкай на маштабы краіны. У адрозненне ад расійскіх уладаў, беларускія лічаць, што ў іх усё добра. І таму замест таго, каб аслабляць спіраль, закручваюць яе яшчэ тужэй.