Непакорлівыя лічбы. Як не атрымліваецца падмануць эканоміку

Ужо шмат разоў гаварылі пра тое, што законы эканомікі — усё роўна, што законы прыроды: можна паспрабаваць іх ігнараваць, але гэта ўсё роўна, што спрабаваць зрабіць «заход сонца ўручную». І навіны гэтага тыдня — таму пацвярджэнне.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

План па інфляцыі мы выканалі датэрмінова. Прычым, выканалі яшчэ ў жніўні. У жніўні гадавая інфляцыя склала 6,1%, у верасні яна знізілася на 0,1% і склала 6% роўна. Пры гэтым 6% — гэта тая інфляцыя, якая была запланаваная як мэта ўрада і Нацбанка ў гэтым годзе.

Зразумела, што працэнт інфляцыі на ўзроўні планавага цяпер будзе ўтрымлівацца ўсімі дасяжнымі і недасяжнымі спосабамі. Але справа ў тым, што ўсе рынкавыя і нярынкавыя механізмы па стрымліванні інфляцыі ўжо задзейнічаныя ў гэтым кірунку — як бы ў нас «рэгуляванне цэн»цягнецца не першы год. Але пры тым, што падымаць кошты «забараняецца», інфляцыя ўсё роўна нейкім чынам не толькі існуе, але і расце пакрысе.

І цяпер урад і Нацбанк павінны прымудрыцца арыфметычна, каб у канцы года далажыць: інфляцыя ў прагнозных параметрах.

Але ўсё часцей падводзіць і тая самая арыфметыка. Як паведамлялася раней, дэфіцыт дзяржбюджэту на наступны год запланаваны ў раёне 4,5 млрд рублёў. Але гэты дэфіцыт, як лічыць міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў, павінна аплаціць Расія. «Практычна Br1 млрд з Br4,5 млрд — гэта будуць знешнія прыцягненні. Частка гэтых сродкаў будуць прыцягнутыя з РФ у выглядзе крэдыту», — адзначыў Селіверстаў на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.

Можна парадавацца за нашых чыноўнікаў, якія знайшлі сабе «соску», каб жыць не па сродках. Мы б, напэўна, ужо збанкрутавалі, бо Беларусь займае першае месца сярод даўжнікоў Расіі. Але ў 2022 годзе Пуцін прыняў закон аб пераносе плацяжоў і пагашэння абслугоўвання запазычанасці па ўсіх дзяржкрэдытах РФ, выдадзеных ураду Беларусі з сакавіка 2022 года па красавік 2023-га на агульную суму 1,4 млрд долараў, на перыяд з 2028 па 2033 год.

У канцы 2023-га той жа Пуцін падпісаў закон пра перанос пагашэння доўгу па крэдытах, прадстаўленых ураду Беларусі ўрадам Расіі з 6 красавіка па 31 снежня 2023 года, на перыяд з 2029 года па 2034 год.

Гэта значыць, Расія (па нашай просьбе) усё адкладае і адкладае выплату намі пазыкаў. А мы ўсе бярэм і бярэм новыя крэдыты. А калі яна запатрабуе выплаты гэтага доўгу, што мы будзем рабіць? Ці думаюць пра гэта ва ўрадзе? 

Бачна, ва ўрадзе лічаць, што «калі прыцісне, тады і будзем думаць». І спадзяюцца, што «калі прыцісне», то яны ўсе будуць ужо на пенсіі, і расплачвацца прыйдзецца ўжо не ім.

Асабліва кепска арыфметыка спрацоўвае, калі сутыкаецца з беларускім насельніцтвам. На мінулым тыдні мы адзначалі, што адток грамадзян з краіны нікуды не падзеўся. Другі год краіна жыве з камісіяй па вяртанні тых, хто з'ехаў, але тыя, хто з’ехаў звяртацца ў гэтую камісію не збіраюцца. І вось у чарговы раз беларускія грамадзяне не пранікліся энтузіязмам для стварэння прыгожай карцінкі пра «моцную і квітнеючую Беларусь».

З 1 кастрычніка ў Беларусі перасталі рэгістраваць індывідуальных прадпрымальнікаў па відах дзейнасці, якія не трапілі ў спіс дазволеных для ІП. У прадпрымальнікаў, якія вядуць такую дзейнасць, ёсць тэрмін да канца наступнага года, каб змяніць від дзейнасці на дазволены, перарэгістравацца ў юрыдычную асобу або спыніць працу.

З пачатку кастрычніка ў юрыдычныя асобы перарэгістраваліся аж 79 ІП, паведаміла начальнік упраўлення Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі Іна Леўс. Пры гэтым раней у Мінэканомікі ацэньвалі, што змены ў заканадаўстве закрануць каля 20 тысяч ІП — ім прыйдзецца прымаць рашэнне аб тым, як працаваць (ці не працаваць) далей.

І беларускія ІП, хутчэй за ўсё, вырашылі не працаваць. Ці, вельмі верагодна, яны будуць працаваць, але ў іншай краіне, і пра гэта сведчаць лічбы занятых у эканоміцы. Бо маштабная хваля эміграцыі толькі спрыяе пашырэнню інфармацыі пра магчымасці бізнесу за мяжой. Гэта раней, калі нашыя эмігравалі сотнямі, можна было казаць, што «вас нідзе не чакаюць», «вы не можаце працаваць, як у Еўропе», «вы за мяжой нікому непатрэбныя». А вось калі эмігравалі сотні тысяч — дык цяпер усе ведаюць, што беларусы за мяжой жывуць нармальна.

Глядзіце таксама

У адрозненне ад беларускіх уладаў, якія ўсё абсмоктваюць фантастычныя планы.

Беларусь і Венесуэла праз тры гады ўсё яшчэ абмяркоўваюць адкрыццё прамых авіязносін паміж Мінскам і Каракасам. Як паведамляе МЗС, з гэтай нагоды сустракаўся наш амбасадар Андрэй Молчан з міністрам турызму Венесуэлы Летысіяй Гомес Эрнандэс.

«Бакі абмеркавалі актуальны стан супрацоўніцтва ў галіне, перспектывы павелічэння ўзаемнага турыстычнага патоку, рэалізацыю шэрагу сумесных ініцыятыў, у тым ліку адкрыццё прамых авіяцыйных зносін паміж Каракасам і Мінскам», — паведамілі ў МЗС.

Здавалася б, што перашкаджае адкрыць гэтае паведамленне? Проста даў самалёт і прадавай квіткі. Тым больш, што размова пра гэта вядзецца з сакавіка 2021 года. А ў снежні таго ж года венесуэльскі кіраўнік Нікалас Мадура нават заявіў аб падпісанні пагаднення паміж Беларуссю і Венесуэлай аб прамых авіязносінах.

Але насамрэч пытанне далёка не простае. Па-першае, трэба ацаніць кошт пералёту, у выніку чаго квіткі будуць непад'ёмнымі для звычайных грамадзян. З гэтага вынікае «па-другое» — ці набярэцца народу хаця б на адзін рэйс? Па-трэцяе, лёгка сказаць «выдзелі самалёт» — у той час, як і Беларусь, і Венесуэла пад санкцыямі, і ў Беларусі самалёты дакладна «санкцыйныя». Ну і па-чацвёртых, гэта трэба ляцець над Еўропай і дзесьці дазапраўляцца, а «Белавія» ў Еўропу невылётная.

Таму і даводзіцца толькі размаўляць і марыць, марыць і размаўляць. Хаця б маглі зрабіць, як МТЗ.

Калі ў МТЗ не прадаюцца трактары, то холдынг МТЗ і яго Смаргонскі агрэгатны завод пачалі серыйную вытворчасць газонакасілак пад маркай BELARUS. Ужо выпушчана 15 штук, да канца года хочуць сабраць яшчэ 100 штук.

Гэта значыць цэлы завод у дзень стварае адну газонакасілку пад маркай BELARUS. Цікава было б даведацца, як яна па катэгорыі «цана — якасць». Ці лепшая за трактар?