«Дэструктыўная ідэалогія». У Расіі збіраюцца забараніць квадробераў

Апошнія некалькі месяцаў у расійскім (і ў беларускім) сегменце інтэрнэту актыўна абмяркоўваюць квадробіку (або квадробінг) — новае дзіцячае хобі. Квадроберы — як правіла, вучні малодшых і сярэдніх класаў-у масках жывёл скачуць па траве і поўзаюць на карачках. Дзіцячае захапленне настолькі занепакоіла частку расійскай грамадскасці, што ў Дзярждуме ўжо распрацоўваюць законапраект аб яго забароне.

Фота youngspace.ru

Фота youngspace.ru

Пра тое, чым займаюцца квадроберы і ў чым яны правініліся перад дарослымі, распавядае расійскае выданне «Новая газета. Еўропа».

Хто такія квадроберы?

Як правіла, гэта дзеці 7-14 гадоў, якія пераймаюць звычкі жывёл, часта катоў і сабак. Сам занятак называецца квадробіка. Яго класіфікуюць як непрафесійны спорт, таму што ў ім прысутнічаюць элементы фізічнай актыўнасці. Квадроберы бегаюць і скачуць, ходзяць на карачках.

У Расіі квадробіка пачала набіраць папулярнасць толькі гэтай вясной. З чым звязаны такі трэнд — не зусім зразумела. На сённяшні дзень у самай вялікай групе, прысвечанай квадробіцы, крыху больш за 13 тысяч падпісчыкаў. У ёй дзеці дзеляцца відэа з тым, як скачуць па траве ў масках жывёл.

Пакуль цікавасць да гэтага хобі ў Расіі толькі расце.

Паводле звестак маркетплейсаў, продажы тавараў для квадробікі — масак, хвастоў і пальчатак — выраслі ў 49 разоў за апошнія тры кварталы.


Глядзіце таксама

Хто баіцца квадробераў?

З боку расійскай улады першыя абмеркаванні квадробераў пачаліся таксама вясной. У красавіку дзіцячы амбудсмен у Татарстане Ірына Валынец распавяла, што пачала атрымліваць пагрозы ад квадробераў. Паводле яе слоў, гэта стала адбывацца пасля яе каментара аб небяспецы такога захаплення. Валынец назвала квадробіку «расчалавечваннем» і «здыманнем маральных рамак».

Не засталася ў баку і кіраўніца «Лігі бяспечнага інтэрнэту» Кацярына Мізуліна. Паводле яе слоў, у «Лігу» звяртаюцца як праціўнікі квадробікі, так і тыя, каго крыўдзяць за захапленне новым хобі. «Як з гэтым быць? Я пакуль не вельмі разумею», — напісала Мізуліна ў сваім тэлеграм-канале.

Яшчэ адну хвалю абмеркавання квадробераў запусціла спявачка і блогерка Mia Boyka. У верасні на канцэрце выканаўцы ў горадзе Надым арганізатары вывелі на сцэну васьмігадовую дзяўчынку ў масцы кошкі. Спявачка спытала ў дзяўчынкі, ці кацяня яна ці «квадробер, не дай бог».

У сацсетках многія падтрымалі дзіця. У прыватнасці, фанаты ўзгадалі спявачцы яе вобраз з сінімі валасамі і хвастом русалкі. У падтрымку дзяўчынкі-квадробера выступілі Кацярына Мізуліна, Ксенія Сабчак, Ягор Крыд.

Нягледзячы на грамадскую салідарнасць з васьмігадовым дзіцем у масцы кацяняці, больш кансерватыўная частка расійскага грамадства не перастала нападаць на квадробераў. Ужо праз месяц пасля інцыдэнту ў Дзярждуме заявілі, што працуюць над законапраектам па забароне «прапаганды» дзіцячага хобі.

Адзін з аўтараў гэтага закона — дэпутатка Яна Лантратова. «Распрацоўваю законапраект аб забароне прапаганды дэструктыўнай ідэалогіі, у тым ліку і квадроберства, — распавяла яна РІА «Навіны». — Караць трэба тых, хто робіць гэты рух папулярным».

Пра шкоду і небяспеку квадробераў апошнім часам усё часцей выказваюцца прадстаўнікі РПЦ, дэпутаты і палітыкі. Кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў нават абмеркаваў квадробераў са сваім калегам з Арменіі Араратам Мірзаянам.

11 кастрычніка старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін апублікаваў у сваім тэлеграм-канале вялікі пост, закліканы адукаваць чытачоў наконт небяспекі «расчалавечвання». Квадробіка не была цэнтральнай тэмай тэксту, які хутчэй апісваў больш агульныя пагрозы для расійскага грамадства: напрыклад, «адлучэнне ад царквы» і «адмова ад дзетараджэння».

Пры гэтым Валодзін піша наступнае: «Сёння мы знаходзімся на этапе, калі людзей падштурхоўваюць да адмовы не толькі ад гендэрнай, але і чалавечай ідэнтычнасці. Прапаноўваючы паспрабаваць сябе ў ролі жывёл, выдуманых персанажаў, міфічных істот».

Усе гэтыя беды, у тым ліку і пераўвасабленне людзей у жывёл, на думку Валодзіна, ідуць у Расію з «ЗША і краін Захаду».


Глядзіце таксама

У папулярнасці квадробераў сапраўды вінаватыя амерыканцы?

Ідэя, што квадроберы — гэта заходні праект, які павінен так ці інакш пашкодзіць Расіі, вядома, не належыць Валодзіну. Пад публікацыямі пра квадробіку ўжо даўно мільгаюць каментары пра інтрыгі ЗША.

Але насамрэч квадробіка як неафіцыйны від спорту з'явілася хутчэй у Японіі. Лічыцца, што першым пераймаць жывёле ў якасці фізічнай актыўнасці пачаў японскі бягун Кенічы Іта, натхнёны тым, як некаторыя малпы перасоўваюцца на карачках. У 2008 годзе Іта прабег стометроўку на карачках за 18,58 секунды.

Праз некалькі гадоў спартсмен пабіў уласны рэкорд і прабег 100 метраў на карачках ужо за 15,71 секунды, за што трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса.

У 2022-м годзе рэкорд японскага бягуна пабіў амерыканец Колін Маклур.

Яшчэ адзін натхняльнікам квадрабераў лічыцца французскі ютубер і спартсмен Леа Урбан. Мужчына займаецца паркурам (выконвае акрабатычныя трукі) у джунглях па ўсім свеце. «Натхняюся жывёламі, каб пашырыць межы чалавечых магчымасцяў», — абвяшчае апісанне яго блога ў Instagram.


Глядзіце таксама

Квадробіка — гэта нешта дзіўнае і нездаровае? Або нявіннае хобі?

Пра тое, ці небяспечна для дзіцяці захапленне квадробікай, вядуцца дыскусіі. Больш шырокую папулярнасць феномен набыў зусім нядаўна, так што навуковых даследаванняў на гэты конт пакуль няма.

З аднаго боку, квадробіка можа дапамагаць дзецям развівацца фізічна і ментальна, з другога — можа быць інструментам эскапізма і ўцёкаў ад рэальнасці.

«Пытанні і праблемы пачынаюцца тады, калі гэтае захапленне пераходзіць дапушчальныя межы: дзіця пераймае агрэсіўныя формы актыўнасці жывёлы, што можа прыводзіць не толькі да фізічных траўмаў яго самога і навакольных, але і траўмаваць яшчэ неакрэплую дзіцячую/падлеткавую псіхіку», — лічыць кандыдат псіхалагічных навук Святлана Грышаева.

Паводле слоў псіхолага Аляксандры Бугаевай, квадробіка можа дапамагаць дзіцячай псіхіцы прапрацоўваць пэўныя аспекты сталення праз гульню. Турбавацца ж бацькам варта ў выпадку, калі, акрамя квадробікі, дзіцяці больш нічога не цікавіць, рэзюмуе эксперт.

Дадамо, што ў Беларусі рух квадробераў таксама набывае папулярнасць. Рэжым Лукашэнкі іх пакуль не забараняе, але калі тое зробяць у РФ, то можна не сумнявацца, што ў Мінску неўзабаве возьмуць прыклад са «старэйшага брата».