Скрасці дзяцінства, каб працягнуць сваю палітычную старасць

Выкарыстанне дзяцей у прапагандзе, навучанне абыходжанню з рознымі відамі зброі... Падобна на тое, што не толькі ўкраінцам, але і беларусам спатрэбіцца свой даклад аб індактрынацыі маладога пакалення, піша «Салідарнасць».

skradzenae_dzjacinstva.webp

Днямі ў Мураванцы, што пад Шчучынам, адзначалі 500-годдзе Маламажэйкаўскай царквы. Падчас урачыстасцяў ля ўваходу ў храм стаяла шарэнга школьнікаў у армейскай форме.

Бушлаты не па росце, чорныя берцы, берэты і камуфляжныя штаны, якія зведалі лепшыя часы, што прыкметна адрозніваліся расфарбоўкай ад тых жа бушлатов.

Мясцовая раёнка, магчыма, сама таго не жадаючы, апублікавала фота, якое без перабольшання можна лічыць знакам эпохі позняга лукашызму. Школьніца ў ваеннай форме сустракаецца поглядам з аднагодкай, якая ідзе з царквы за руку з бабуляй.

«Скрадзенае дзяцінства» — так называецца даклад міжнароднага Альянсу праваабаронцаў. Дакумент падрабязна апісвае тое, як улады Беларусі перавозяць з акупаваных тэрыторый украінскіх дзяцей, перавыхоўваюць і мілітарызуюць іх у інтарэсах Крамля.

Робіцца ўсё гэта ў рамках расійскай дзяржаўнай палітыкі выкаранення ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці, сцвярджаюць аўтары справаздачы.

Падобна на тое, аналагічны даклад спатрэбіцца і беларусам. Бо тое, што цяпер адбываецца з нашымі дзецьмі, відавочна падпадае пад тэрмін «індактрынацыя». Іх, як і юных украінцаў, таксама фактычна перавыхоўваюць і мілітарызуюць. І, відавочна, не ў інтарэсах роднай краіны.

Дзеці ля ўваходу ў царкву ў Мураванцы — гэта выхаванцы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба «Дружына» імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, заснаванага ў Шчучыне пад патранатам сілавікоў у 2007 годзе.

Глядзіце таксама

Сюды набіраюць дзяцей ад 11 да 17 гадоў. Праграма, акрамя штодзённых малітваў і вывучэння Новага Запавету, уключае ў сябе паўнавартасную ваенную падрыхтоўку. Вось чым, напрыклад, выхаванцы падобных клубаў займаюцца на злётах:

— Хлопчыкі і дзяўчынкі супернічалі ў спецыяльнай камбінаванай эстафеце, стральбе, разборцы і зборцы аўтамата Калашнікава, падцягванні, пераносілі параненых... (з публікацыі на сайце Гродзенскай епархіі БПЦ).

Дарэчы, з 2014-га ў расійскім Ніжнім Ноўгарадзе дзейнічае праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб «Дружына святога князя Аляксандра Неўскага».

І назва амаль ідэнтычная, і абрэвіятура адзін у адзін — ПВПК. Як і праграма: духоўна-маральнае і гісторыка-патрыятычнае выхаванне, ваенная і фізічная падрыхтоўка. І фота будняў юных выхаванцаў — што ў Шчучыне, што ў Ніжнім Ноўгарадзе — са зброяй у руках і ў камуфляжы, у асяроддзі папоў, чыноўнікаў і вайскоўцаў.

Юных беларусаўвучаць на аператараў дронаў. І, відавочна, не для таго, каб сачыць за станам палёў і лясоў. Яны ўдзельнічаюць у прапагандысцкіх шабашах, дзе іх вучаць «пускаць кулю ў лоб».

Глядзіце таксама

Нашых дзяцей цэлымі класамі возяць на Лінію Сталіна — мілітарысцкі атракцыён імя крывавага нелюдзя, які асабіста падпісаў смяротны прысуд тысячам беларусаў.

Мінскаму ліцэю прысвоілі імя бальшавіцкага ката. Цяпер яго навучэнцам прыйдзецца афіцыйна адчуваць гонар за стваральніка першага савецкага канцлагера.

Гэты спіс можна працягваць доўга, але мы абмяжуемся канстатацыяй: у сённяшніх беларускіх дзяцей цынічна крадуць дзяцінства тыя, хто хоча тым самым падоўжыць сваю палітычную старасць. Хто страціў папярэдняе маладое пакаленне і вырашыў выхаваць цяперашняе «пад сябе».

У гісторыі чалавецтва такое «выхаванне»  — далёка не навіна. Як не навіна і тое, што ўсё гэта, як правіла, заканчваецца вельмі сумна — для ўсіх удзельнікаў «выхаваўчага» працэсу. 

Глядзіце таксама