Брытанская выведка: Тэмпы расійскага прасоўвання ва Украіне зніжаюцца ад месяца да месяца
Нягледзячы на ўзмацненне баёў, Расіі не ўдалося палепшыць сваю аператыўную пазіцыю, лічаць у брытанскай выведцы. Тым часам ў Еўропе настойваюць, што толькі ўкраінскае войска можа забяспечыць мір ва Украіне. І гэта разыходзіцца з планам Пуціна па «дэмілітарызацыі» Украіны. Ідуць 1138-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі зафіксавана 178 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы за 6 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 75 атак расіяне ў раёнах Катляроўкі, Валянцінаўкі, Александропалю, Тарасаўкі, Лісоўкі, Шаўчэнка, Котліна, Удалае, Успенаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 26 разоў, спрабуючы прасунуцца наперад непадалёк Новаегораўкі, Грэкаўкі, Новага, Кацярынаўуі і ў бок Зялёнай Даліны.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 20 атак у раёнах Курдзюмаўкі, Тарэцка, Дачнага, Леанідаўкі і Дружбы.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі восем штурмаў. На Купянскім кірунку за суткі адбылося шэсць атак расіян. На Северскім кірунку зафіксавана пяць штурмавых дзеянняў.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 17 атак арміі РФ.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся паблізу Купянска. Між тым фіксуецца прасоўванне з боку расійскіх акупантаў каля Тарэцка, Пакроўска і ў Курскай вобласці, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 5 красавіка, паказваюць, што пуцінскія войскі прасунуліся ў паўночнае Гуева (на поўдзень ад Суджы). Расійскі «ваенкор» распавядаў, што УСУ працягваюць атакаваць паблізу Весялоўкі Сумскай вобласці.
«Магчыма, расійскае камандаванне перадыслакавала абмежаваныя часткі 98-й дывізіі ПДВ у раён мяжы Курска-Сумскай вобласці», — гаворыцца ў справаздачы ISW, са спасылкай на расійскага «ваенкора». Адзначым, што часткі гэтай дывізіі дзейнічалі ў напрамку Часавага Яру.
Як паказваюць геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 красавіка, УСУ прасунуліся на поўдзень ад Заходняга (на поўнач ад Купянска) Луганскай вобласці.
Апублікаваныя 5 красавіка геалакацыйныя кадры сведчаць, што войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Дружбы (на поўнач ад Тарэцка) у Данецкай вобласці.
Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 5 красавіка, паказваюць, як УСУ наносяць удары па войсках РФ на заходняй ускраіне Салёнага (на паўднёвы захад ад Пакроўска), што можа паказваць на тое, што расійцы акупавалі населены пункт. Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 красавіка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся ў паўночнай частцы Шаўчэнкі (на паўднёвы захад ад Пакроўска).
* * *
Прасоўванне расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны значна замарудзілася, а тэрытарыяльныя заваёвы скараціліся ў першым квартале 2025 года, паведаміла выведвальная служба Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.
Паводле звестак выведкі, у сакавіку 2025 года расійскія войскі захапілі блізу 143 квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі. Для параўнання — за лістапад 2024 года РФ акупавала больш за 700 кв. км.
«З тых часоў тэмпы расійскага прасоўвання зніжаюцца ад месяца да месяца. Асноўнае прасоўванне войскаў РФ у сакавіку 2025 года прыпадала на Данецкую вобласць», — удакладняе брытанская выведка.
Выведнікі адзначылі, што Расіі не ўдалося палепшыць сваю аператыўную пазіцыю, нягледзячы на тое, што ў канцы сакавіка інтэнсіўнасць наземных атак стала павялічвацца.
* * *

* * *
На думку аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), у выпадку абвяшчэння перамір'я моцная ўкраінская армія, якую падтрымлівае Захад, зможа стрымліваць будучую расійскую агрэсію і гарантаваць бяспеку не толькі сваёй дзяржаве, але і Еўропе.
Аналітыкі спасылаюцца на інтэрв'ю Генеральнага сакратара NATO Марка Рутэ ўкраінскаму выданню NV, у якім ён заявіў, што «першым узроўнем» гарантый бяспекі для Украіны павінны быць украінскія войскі, — «першая лінія абароны ў стрымліванні».
Таксама французскі Генштаб падкрэсліў, што ўкраінскія войскі з'яўляюцца галоўнай гарантыяй бяспекі Украіны для ўстойлівага міру, а Францыя і Вялікабрытанія будуць працаваць над вызначэннем і распрацоўкай «здзелак заспакаення» для стрымлівання Расіі ад маючай адбыцца агрэсіі пасля дасягнення патэнцыйнага мірнага пагаднення.
«ISW працягвае ацэньваць, што моцная ўкраінская армія, падтрыманая заходнімі гарантыямі бяспекі, з'яўляецца найважнейшым складнікам пасляваеннага Еўрапейскага дойлідства бяспекі, якая можа гарантаваць пастаянны мір ва Украіне і стрымліваць будучую расійскую агрэсію. Патрабаванні Расіі ў “дэмілітарызацыі” Украіны, каб яна не магла засцерагчы сябе ад маючай адбыцца расійскай агрэсіі, супярэчаць намаганням прэзідэнта ЗША Дональда Трампа дасягнуць працяглага міру ва Украіне», — адзначаюць эксперты ISW.
* * *
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер і французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон 5 красавіка, абмеркавалі працу «кааліцыі рашучых» па размяшчэнні ваеннага кантынгенту ва Украіне, паведамляе прэс-служба брытанскага ўрада
Паводле паведамлення, быў абмеркаваны «значны прагрэс, дасягнуты ў стварэнні кааліцыі».
Нагадаем, што 4 красавіка, начальнікі генеральных штабоў французскай і брытанскай армій наведалі Кіеў, дзе сустрэліся з вышэйшым кіраўніцтвам Украіны. Мэтай візіту было абмеркаванне патрэбаў і задач украінскай арміі з мэтай прадастаўлення доўгатэрміновай падтрымкі для рэканструкцыі і развіцця яе мадэлі. Украінскі бок пасля гэтага анансаваў рэгулярныя сустрэчы вайсковых прадстаўнікоў «кааліцыі рашучых» цягам наступнага месяца.