Defense Express: Расія не зможа аднавіць страчаныя ў выніку «Павуціны» самалёты, верагодна, ніколі

Аперацыя СБУ «Павуціна» нанесла ўдар па сілах ядзернага стрымлівання РФ настолькі вялікі, што ўзнавіць паветраны флот РФ не зможа, верагодна, ніколі. Бо кампаненты для гэтых самалётаў у Расіі больш не вырабляюцца. А перамовы ў Стамбуле, як і чакалася, маштабнага выніку не прынеслі. Ідзе 1196-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з nashrezekne.lv

Калаж з nashrezekne.lv

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 142 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ раніцай 3 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 атак расіян ў раёнах Палтаўкі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Малінаўкі, Лісоўкі, Дачанскага, Новаўкраінкі, Удалага, Навасергіеўкі, Катляроўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку УСУ адбілі 22 штурмы расіян ў раёнах Канстанцінопалю, Багатіру, Атраднага, Навасёлкі, Свабоднага Поля і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне 15 разоў спрабавалі прасунуцца каля Грэкаўкі, Альгоўкі, Новага Свету, Рэдкадубу, Карпаўкі і іншых.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 11 атак у раёнах Дыліеўкі, Тарэцку, Неліпаўкі і іншых.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 18 боесутыкненняў. Армія РФ нанесла 17 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 28 кіраваных авіяцыйных бомбаў.

* * *

У ноч на 3 чэрвеня аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійскія войскі захапілі Канстанцінаўку на поўначы Сумскай вобласці. Кандратаўка, Вадалага і Аляксееўка тсаксама патэнцыйна маглі перайсці пад кантроль арміі РФ.

«Сітуацыя на поўначы Сумщины працягвае ўскладняцца за кошт пастаяннага ціску ворага і вялікай колькасці пяхоты. Нашы байцы адзначаюць, што пасля адбіцца навалы праціўніка, ім удаецца вельмі хутка набегчы новым пачкам і украінскія байцы ледзь паспяваюць знішчаць гэтую арду», — піша DeepState.

Па іх звестках, у Кандратаўцы зафіксаваная прысутнасць расійскай пяхоты. Ля Аляксееўкі расіян ўдалося спыніць на паўночных ўскраінах, але праціўнік не спыняе штурмаў, выкарыстоўваючы тактыку пастаяннага «раша», таму там ідуць цяжкія баі.

«Адначасова з гэтым праціўнік падбіраецца з розных бакоў да Яблонаўкі і спрабуе "залятаць" у Юнакоўку, што даецца ім з цяжкасцю, бо частку вёскі, куды яны залазяць, яны разбурылі і ім няма дзе замацоўвацца», — адзначаюць у праекце.

* * *

Расійскія войскі актывізуюць спробы пашырыць лінію фронту на поўначы Сумскай вобласці: на поўнач і паўночны ўсход ад горада Сумы, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Апублікаваныя 2 чэрвеня геалакацыйныя кадры сведчаць, што расійцы прасунуліся на поўнач ад вёскі Андрэеўка (на поўнач ад Сум) і на паўночны ўсход ад вёскі Яблонаўка (на паўночны ўсход ад Сум). Расійскія вайсковыя блогеры сцвярджаюць, што войска РФ нядаўна захапіла Аляксееўку, Новаміхайлаўку і Кандратоўку (усе — на поўнач ад Сум), а таксама прасунулася да паўночнай часткі Андрэеўкі і на захад ад Яблонаўкі і Канстанцінаўкі.

Аналітыкі ISW адзначылі, што расійскія войскі апошнім часам узмацнілі наземныя штурмы на поўнач ад Сум у кірунку Андрэеўкі, а таксама на паўночны ўсход ад горада ў кірунку Юнакоўкі і Міраполля.

У ISW нагадалі, што расійскія чыноўнікі ўжо даўно заклікаюць да стварэння буфернай зоны на поўначы Сумскай вобласці. На думку аналітыкаў, расійскія войскі спрабуюць прасунуцца да лініі Хоцін — Храпаўшчына (на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Андрэеўкі і Юнакоўкі) на адлегласць прыкладна 12-15 кіламетраў ад горада Сумы. Гэта дазволіла б арміі РФ ўжываць для удараў па горадзе ствольную артылерыю.

У ISW сумняваюцца, што расійскія войскі змогуць захапіць Сумы ў каротка- і сярэднетэрміновай перспектыве, бо з ліпеня 2022 года яны не захоплівалі ніводнага ўкраінскага горада з даваенным насельніцтвам больш за 100 тысяч жыхароў.

* * *

Войскі РФ у ноч з 2 на 3 чэрвеня запусцілі па тэрыторыі Украіны 112 ударных беспілотнікаў. Сілы СПА знішчылі 75 дронаў: 60 — збітыя агнявымі сродкамі паразы, 15 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

Уначы Адэса знаходзілася пад масіраванай атакай расійскіх дронаў, маніторы паведамлялі, што горад атакавалі каля 15 беспілотнікаў. Па словах мэра Генадзя Труханава, падчас атакі былі пашкоджаныя жылыя дамы, грамадзянская інфраструктура, згарэлі аўтамабілі. Раненні атрымалі пяць чалавек.

У выніку атакі дронаў у Чарнігаве ўспыхнулі пажары, зафіксаваныя шматлікія разбурэнні і ёсць ахвяра сярод мясцовага насельніцтва.

Уначы расійцы нанеслі ўдары дронамі па тэрыторыі паштовага тэрмінала ў прыгарадзе Харкава. Там адбыўся маштабны пажар-гарэлі два складскія будынкі і кантэйнеры на агульнай плошчы 3000 кв. м.

Адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін паранены ў выніку дронавай атакі РФ на грамадзянскае прадпрыемства ў Балаклеі ў Харкаўскай вобласці.

* * *

493023833_1058625653117179_8773543449150430568_n.jpg

* * *

Аперацыя «Павуціна» нанесла сакрушальны ўдар па расійскай стратэгічнай авіяцыі. Страты РФ складаюць каля траціны паветранай кампаненты «ядзернай трыяды», што стварае сур'ёзныя праблемы для аднаўлення, піша Defense Express.

Даведка НЧ: «Ядзерную трыяду» Расіі, згодна актуальнаму складу стратэгічных ядзерных сіл РФ, складаюць: ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння (РВСП); марскія стратэгічныя сілы; стратэгічная авіяцыя РФ.

Як адзначае выданне, у выніку аперацыі СБУ па аэрадромах РФ агульныя страты (па звестках СБУ) перавышаюць 7 млрд долараў.

«Аднак рэальныя страты Расіі выходзяць за рамкі грошай: Масква страціла траціну ключавога кампанента свайго стратэгічнага ядзернага стрымлівання, які фізічна нельга аднавіць у бліжэйшыя гады» — адзначаюць эксперты.

Найбольшыя страты РФ панесла па стратэгічных бамбавіках Ту-95МС і Ту-160, якія з'яўляюцца асноўнымі носьбітамі крылатых ракет Х-101 і Х-555. Гэтыя самалёты не вырабляюцца з 1990-х гадоў, а мадэрнізацыя адбываецца вельмі павольна.

З 2022 года РФ змагла сабраць толькі два самалёты Ту-160М2, яшчэ два на этапе зборкі. Усе яны ствараюцца на базе старых карпусоў яшчэ савецкай вытворчасці.

Ту-95МС — такіх самалётаў у РФ ад 40 да 60, але толькі 18-27 былі мадэрнізаваныя для выкарыстання сучасных ракет. Новыя Ту-95 не выпускаюцца.

Ту-22М3 — хоць і не стратэгічны бамбавік, а далёкі, але таксама панёс страты. У страі засталося менш за 55 самалётаў, не ўсе з якіх спраўныя. Праграма іх мадэрнізацыі буксуе.

Адзіная тэарэтычная альтэрнатыва — новы стратэгічны бамбавік ПАК ДА (праект «Выраб 80»). Але за больш чым 15 гадоў працы над ім РФ так і не змагла пабудаваць нават лётнага прататыпа — цяпер існуе толькі статычны макет для выпрабаванняў.

Аднаўленне страчаных самалётаў — гэта перспектыва 10-20 гадоў, а не сезону ці двух. Няма ніякай гарантыі, што гэтая праграма наогул будзе завершана. Ва ўмовах санкцый, страты кадраў, тэхнічнай ізаляцыі і вайны Расія можа проста не дацягнуць да рэалізацыі такіх доўгіх праектаў.

* * *

Перамовы дэлегацый Украіны і Расіі 2 чэрвеня ў Стамбуле, як і чакалася, не прывялі да асаблівага прарыву. Аднак удалося дасягнуць новых дамоўленасцяў у частцы гуманітарных аспектаў, у прыватнасці дамовіцца пра новы маштабны абмен палоннымі.

«Мы дамовіліся аб абмене "ўсіх на ўсіх" цяжкапараненых і хворых палонных. Другая катэгорыя — гэта маладыя жаўнеры ад 18 да 25 гадоў», — распавёў кіраўнік украінскай дэлегацыі і міністр абароны Украіны Рустэм Умераў. Акрамя таго, дамовіліся аб вяртанні целаў 6 000 загінулых украінскіх вайскоўцаў. Украіна таксама пагадзілася перадаць целы 6 000 расійцаў, але дапускае, што расійскага боку могуць быць праблемы, паколькі там з 6 000 целаў апазналі толькі 15%.

Раней былі выпадкі, калі пад выглядам загінулых украінцаў Расія перадавала сваіх забітых жаўнераў.

Што тычыцца спынення агню, то Расія зноў не пагадзілася на 30-дзённае спыненне агню і зноў вылучыла Украіне непрымальныя ўмовы: напрыклад, цалкам вывесці войскі з расійскіх тэрыторый, а таксама Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей — тых, якія Расія нават не кантралюе.

«Другі варыянт» Расіі прадугледжвае фактычна капітуляцыю Украіны: забарону на перадыслакацыю УСУ, прыпыненне мабілізацыі і абвяшчэнне дэмабілізацыі, адмену ваеннага становішча, а таксама спыненне паставак зброі ад заходніх партнёраў.

* * *

Кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах Рустэм Умераў паведаміў, што паколькі РФ апублікавала свой «мемарандум» толькі падчас сустрэчы, гэта выглядае, як тое, што яны зноў цягнуць час.

«Нашы дакументы былі перададзеныя загадзя. Затое "мемарандум" ад РФ з'явіўся толькі сёння — ужо падчас сустрэчы. Што стварыла перадумовы, каб гэтая сустрэча не дала тых вынікаў, якія патрэбныя для заканчэння вайны. Выглядае так, што расійцы зноў цягнуць час, спрабуючы стварыць "карцінку дыпламатыі" для ЗША без рэальных дзеянняў», — напісаў Умераў на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яго слоў, Украіна прапанавала правесці сустрэчу на ўзроўні лідараў да канца чэрвеня. Калі Расія на яе не пагодзіцца, то будзе відавочна, што «і гэта – спроба зацягнуць час, то адказ павінен быць адзін: больш жорсткія міжнародныя санкцыі».