Дзяржсакратар Блінкен: Мы падрыхтавалі ўкраінцаў да нападу з боку Беларусі

Энтані Блінкен даў вялікае інтэрв'ю да гадавіны вайны ва Украіне. Увага была прысвечаная і нашай краіне.

ПДжо Байдэн і Энтані Блінкен. Фота: AGI

ПДжо Байдэн і Энтані Блінкен. Фота: AGI

«Яшчэ да расійскага ўварвання мы некалькі месяцаў працавалі над тым, каб ва ўкраінцаў была неабходная зброя і высокі ўзровень арганізаванасці для адбіцця першага ўдару па Кіеве з паўночнага кірунку, які мы сапраўды прадбачылі загадзя. Зразумела, што і Украіна, і Еўропа, і міжнародная супольнасць і так ведалі пра падрыхтоўку Расіі да вайны, аднак нашы эксклюзіўныя звесткі тычыліся менавіта таго, што канкрэтна Расія збіраецца рабіць на стратэгічным і тактычным узроўнях», — распавёў Блінкен у інтэрв'ю выданню The Atlantic.
Паводле яго слоў, гэтыя самыя звесткі ён па просьбе Байдэна асабіста перадаў Зяленскаму падчас аднаго з афіцыйных мерапрыемстваў у Еўропе яшчэ ў кастрычніку 2021 года.

«Я падзяліўся з прэзідэнтам Зяленскім усімі тымі разведданымі, што ў нас былі. Ён паставіўся да гэтага вельмі сур'ёзна і стаічна, задаў некалькі пытанняў і прывёў некаторых сваіх дарадцаў, каб мы разам абмеркавалі далейшыя дзеянні. Украінскае кіраўніцтва вырашыла рыхтавацца да гэтага ціха, бо хацела пазбегнуць панікі сярод насельніцтва і эканамічнага ўрону разам са зніжэннем замежных інвестыцый

.Так што, можа быць, менавіта з-за гэтага людзі былі крыху здзіўлены тым, наколькі добра ўкраінцы спраўляліся ў пачатку вайны і працягваюць спраўляцца цяпер», — сказаў Блінкен.
На яго думку, ЗША не чакалі, што Украіна зможа даць такі адпор Расіі. Зараз у прыярытэце стаіць фіксацыя доўгатэрміновага і стабільнага міру без тэрытарыяльных кампрамісаў з боку Украіны, бо фактычна Расія ўжо прайграла гэтую вайну і не зможа дасягнуць сваіх мэт.
«Пуцін пацярпеў фундаментальную няўдачу — Украіна была, ёсць і застанецца суверэннай, незалежнай краінай. Цяпер жа галоўнае зафіксаваць гэты вынік на дыпламатычнай і ваеннай ніве, каб гэтага больш не паўтарылася.
Мір павінен быць трывалым і справядлівым, таму мы максімальна прыкладаем намаганні, каб дапамагчы ім зараз вярнуць тэрыторыю, якая была ў іх адабрана з 2022 і з 2014 года. Усе галоўныя рашэнні аб сваім лёсе прымаюць самі ўкраінцы», — адзначыў Блінкен.
Таксама дзяржсакратар дадаў, што ЗША актыўна сочаць за адносінамі Расіі і Кітая, якія могуць выліцца ў адкрытую вайсковую падтрымку з боку апошняга. Пры гэтым ён прызнаў, што Кітай ужо пастаўляў расіянам кампаненты падвойнага прызначэння.
«Кітай у асноўным трымае лінію выканання санкцый і неўмяшання ў вайну, аднак з яго боку ўжо была падтрымка Расіі таварамі і кампанентамі падвойнага прызначэння, але гэта не мела характару ​​прамых вайсковых паставак. Але зараз Кітай, паводле нашай інфармацыі, сур'ёзна пра гэта задумваецца, таму мы ўсяляк імкнёмся даць яму зразумець, што гэта будзе катастрафічнай памылкай», — падзяліўся Блінкен.
Яго фінальным пасылам у інтэрв'ю было тое, што міжнароднае заканадаўства і парадак — гэта вынік сумеснай працы не толькі заходніх дэмакратый, але і іншых дзяржаў з рознымі формамі праўлення і з рознымі палітычнымі поглядамі на ўсёй планеце.
На думку Блінкена, ЗША імкнуцца падтрымліваць гэтую шматпалярнасць і не даваць агрэсарам парушаць законы і ўносіць у свет хаос.
«Калі любая агрэсія будзе працягвацца бяскарна, яна можа адчыніць скрыню Пандоры, што пераканае іншых патэнцыйных агрэсараў у такой жа беспакаранасці», — падагульняе ён.