ЕС: Належныя ўмовы для рэальных перамоваў створыць поўнае і безумоўнае спыненне агню

Кіраўнікі краін усяго свету праз розныя інструменты спрабуюць падштурхнуць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа да ціску на Расію, каб яна скончыла вайну ва Украіне. Трамп пакуль упіраецца, а РФ тым часам плануе новыя ваенныя аперацыі —а значыць, заканчваць вайну не збіраецца. Ідуць 1290-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 172 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 5 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Кучарава Яру, Рубежнага, Ніканараўкі, Іванаўкі, Маяка, Радзінскага, Сухога Яру, Зверава, Міралюбіўкі, Котліна, Новаэканамічнага, Пакроўску, Удачнага і іншых.

На Сіверскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 28 атак расійцаў каля Грыгораўкі, Серабранкі і ў бок Ямпаля, Дронаўкі, Сіверска і Выемкі.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку ў раёнах Філіі, Січневага, Камышувахі, Васкрасенска, Маліеўкі, Тэміраўкі, Зялёнага Гаю.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 18 разоў каля Грэкаўкі, Карпаўкі, Калодзежаў, Торскага, Новаміхайлаўкі.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 11 атак у раёнах Шчарбініўка, Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Русінага Яру і Палтаўкі.

На Купянскім і Краматорскім кірунках зафіксавана па 9 атак арміі РФ на кожным.

* * *

Расійскія войскі нязначна прасунуліся на поўначы Сумскай вобласці, але УСУ прайшлі наперад на Купянскім і Пакроўскім кірунках, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўначы Сумскай вобласці, прыкладна на паўкіламетра на поўнач ад Варочына (на поўнач ад Сумаў) да шашы О-191504 Варочына-Аляксееўка. УСУ паспяхова контратакавалі паблізу Кандратоўкі, Аляксееўкі і Садкоў (на паўночны ўсход ад Сумаў).

Украінскія войскі нядаўна аднавілі некаторыя пазіцыі ў раёне заправачных станцый «УкрАвтоГаз» і «Татнафта» на паўночнай ускраіне Купянска.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 верасня, паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночным захадзе Серабранкі (на паўночны ўсход ад Сіверска).

Нядаўна ўкраінскія войскі прасунуліся на тактычным участку Канстантынаўка-Дружкоўка. Геалакацыйныя кадры ад 3 верасня сведчаць, што УСУ прасунуліся ў заходняй частцы Кацярынаўкі (на поўдзень ад Канстанцінаўкі).

Геалакацыйныя кадры ад 4 верасня, паказваюць, што ўкраінскія сілы нядаўна прасунуліся на захад ад Затышка (паўночны ўсход ад Пакроўска).

Апублікаваныя 4 верасня геалакаваныя кадры паказваюць, як двое расійскіх вайскоўцаў падымаюць сцяг у Навасёлаўцы (на ўсход ад Вялікаміхайлаўкі), і ISW ацэньвае, што расійскія войскі захапілі населены пункт.

* * *

Расійскае ваеннае камандаванне паставіла задачу захапіць адразу тры гарады Данецкай вобласці на працягу восені — Пакроўск, Мірнаград і Дабраполле, паведаміў спікер АСГВ «Днепр» Аляксей Бельскі ў эфіры ўкраінскага тэлемарафона.

Цяпер галоўная мэта арміі РФ — усталяваць кантроль над Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыяй. Там расійцы фармуюць «калідор» ад Ніканораўкі і Маяка ў кірунку Дабраполля і сцягваюць туды дадатковыя рэзервы.

«У іх ёсць рызыка, што нашы сілы перарэжуць гэтую "кішку", таму яны падцягнулі туды цэлыя брыгады з іншых участкаў фронту», — адзначыў Бельскі.

Паводле яго, першым аб'ектам вызначана Дабраполле. У выпадку, калі расійцы змогуць яго акупаваць, то ў далейшым плануюць засяродзіць намаганні на Мирнаградзе і Пакроўску. Затым Расія плануе акружыць Канстанцінаўку, каб адрэзаць украінскія лагістычныя маршруты.

Бельскі распавёў, што расійцы нясуць значныя страты — толькі за мінулыя суткі на Пакроўскім кірунку было ліквідавана 153 байцы арміі РФ.

* * *

Расійская армія ў ноч на 5 верасня атакавала Днепрапятроўскую вобласць беспілотнікамі. СПА ліквідавала 15 з іх, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.

У Дняпры дрон трапіў па прадпрыемстве. Таксама расійскія вайскоўцы ўдарылі па Нікапольшчыне. Усюды абышлося без загінулых і пацярпелых.

У ноч на 5 верасня ў сацсетках паведамілі пра пажар на НПЗ у расійскім горадзе Разань пасля атакі беспілотнікаў.

* * *

541679674_1131891162457294_3694751401616095801_n.jpg

* * *

Удзельнікі саміту «кааліцыі рашучых» у Парыжы падчас размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам абмеркавалі шляхі спынення агрэсіі РФ і гарантыі бяспекі для Украіны, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сацсетцы Х.

Са слоў Зяленскага, ён і еўрапейскія лідары пагаварылі з Трампам «перш за ўсё пра тое, як падштурхнуць сітуацыю да рэальнага міру».

«Мы абмеркавалі розныя варыянты, і самае галоўнае — гэта ціск, каб моцнымі мерамі, у прыватнасці эканамічнымі, прымусіць спыніць вайну. Ключ да міру — пазбаўленне расійскай машыны вайны грошай, пазбаўленне рэсурсаў», — дадаў ён.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім плануе размову з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Пра гэта ён заявіў падчас вячэры з кіраўнікамі найбуйнейшых сусветных ІТ-кампаній у Белым доме, трансляцыю вёў Fox News.

Падчас вячэры Трампу задалі пытанне, ці плануе ён пасля сённяшняга тэлефоннага званка да прэзідэнта Украіны Зяленскага найбліжэйшым часам пагаварыць з Пуціным.

«Так, буду. Мы вядзем вельмі добры дыялог... Вы ведаеце гэта адчуванне, калі думаеш, што нешта будзе лягчэй. Аказваецца, што гэта крыху больш складана. Але тая, якая, на маю думку, павінна была быць лягчэй, праз мае стасункі з прэзідэнтам Пуціным, з Украінай і ўсё астатняе...», — сказаў Трамп.

«Але гэта аказалася самым складаным з усяго... Гэтая задача (вайна РФ супраць Украіны) апынулася складаней, але мы яе вырашым. Мы ўсе ўладзім», — дадаў ён.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў «гарачую» тэлефонную размову з лідарамі еўрапейскіх дзяржаў пасля сустрэчы "кааліцыі рашучых" у Парыжы, піша Bild.

Трамп абвінаваціў краіны Еўрасаюзу ў куплі расійскай нафты, што, у сваю чаргу, дапамагае расійскай вайсковай машыне. Але падчас размовы Трампу паведамілі, што толькі Вугоршчына і Славакія імпартуюць нафту з Расіі.

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф заявіў, што Еўропа купляе расійскія нафтапрадукты праз Індыю.

Калі Трамп перавёў размову на тэму санкцый супраць Расіі, прадстаўнікі краін ЕС прапанавалі цягам 48 гадзін накіраваць сваіх дэлегатаў у Вашынгтон для стварэння рабочай групы санкцый супраць Расіі. Аднак ці пагадзіўся на гэта Трамп, застаецца незразумелым.

* * *

У Еўрапейскім Саюзе перакананыя, што для рэальных перамоваў аб мірным пагадненні паміж Украінай і Расіяй трэба спачатку дасягнуць спынення агню, заявіў сталы прадстаўнік Еўрасаюза пры ААН Стаўрас Ламбрынідзіс на Генасамблеі ААН.

«Еўрапейскі Саюз адзіны ў сваёй безумоўнай падтрымцы Украіны, якая гераічна супрацьстаіць агрэсіі РФ і яе неакаланіялістычным мэтам, адзінай сапраўднай так званай "першапрычыне" гэтай вайны», — сказаў Ламбрынідзіс

Дыпламат акцэнтаваў, што ніякае тэрытарыяльнае набыццё ў выніку прымянення сілы не павінна прызнавацца законным: «Крым, Севастопаль, Данецк, Луганск, Запарожжа і Херсон – гэта Украіна. ЕС рашуча адхіляе і ніколі не прызнае незаконныя так званыя "выбары", арганізаваныя Расіяй на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама іх вынікі».

«ЕС лічыць, што поўнае і безумоўнае спыненне агню лепш за ўсё створыць належныя ўмовы для рэальных перамоваў. Цяпер, як ніколі раней, чальцам ААН неабходна ўзмацніць ціск на Расію, каб яна спыніла забойствы і пачала змястоўныя перамовы», — заявіў дыпламат.

* * *

The Wall Street Journal са спасылкай на еўрапейскага дыпламата, піша, што кіраўнікі еўрапейскіх армій распрацавалі дэталёвы план разгортвання ва Украіне ваеннага кантынгенту колькасцю больш за дзесяць тысяч салдат як часткі гарантый бяспекі для Украіны.

Згодна з планам, адна група вайскоўцаў будзе займацца навучаннем і дапамогай Узброеным сілам Украіны, а іншая будзе выконваць ролю стрымліваючага фактару, каб прадухіліць магчымае новае расійскае ўварванне.

Як адзначыў суразмоўца выдання, патруляванне паветранай прасторы будзе ажыццяўляцца самалётамі, якія будуць грунтавацца за межамі Украіны. Іх гатовыя даць Злучаныя Штаты.

У распрацоўцы гэтага плана прымалі ўдзел Амерыканскія генералы, уключаючы галоўнакамандуючага Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі NATO у Еўропе Алексуса Грынкевіча.