Google чакае забароны ў Расіі і паціху вывозіць з РФ сваіх супрацоўнікаў

У Google чакаюць забароны ў Расіі, у тым ліку пасля закрыцця YouTube Мінабароны РФ. Паводле звестак Bloomberg, у апошнія тыдні кампанія негалосна вывезла супрацоўнікаў з Расіі.

Hannah McKay / Scanpix / LETA

Hannah McKay / Scanpix / LETA

Супрацоўнікі Google асцерагаюцца, што дзейнасць кампаніі ў Расіі будзе забароненая, у тым ліку праз відэахостынг YouTube, які «стаў сур'ёзнай крыніцай напружанасці ў адносінах з урадам Расіі», паведамляе meduza.io.

Падставай для забароны ў Расіі могуць стаць у тым ліку дзеянні YouTube на мінулым тыдні. Згодна з унутраным дакументам, YouTube замарозіў канал Міністэрства абароны Расіі ды забараніў расійскім вайскоўцам цягам сямі дзён публікаваць запісы. Мяркуючы па канале Мінабароны РФ, апошні запіс у акаўнце з'явіўся шэсць дзён таму.

У дакуменце сцвярджаецца, што кампанія пайшла на такі крок пасля таго, як Міністэрства абароны РФ назвала расійскі напад на Украіну «вызваленчай місіяй» у двух відэа, якія YouTube выдаліў.