«Гэта не перамір'е, а інфармацыйная пастка». Свет не верыць у шчырасць перамір'я Пуціна

Абвешчанае Уладзімірам Пуціным «велікоднае перамір'е» з'яўляецца дыпламатычным ходам, каб паказаць ягонае «імкненне да міру», выставіць у негатыўным святле Украіну, і даць кароткі адпачынак арміі РФ для перагрупоўкі — прыкладна так ацэньваюць ініцыятыву Пуціна заходнія СМІ. Ідзе 1152-гі дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі на франтах ва Украіне зафіксавана 127 баявых сутыкненняў, паведамляе ў ранішняй зводцы 20 красавіка Генштаб УСУ.

На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 39 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Сухой Бэлькі, Вадзянога Другога, Елізаветаўкі, Срэбнага, Багданаўкі, Траецкага, Свірыдонаўкі, Малінаўкі,  Шаўчэнка, Зверава, Успенаўкі і іншых.

На Тарэцкім кірунку расіяне 18 разоў атакавалі украінскія падраздзяленні ў раёнах Тарэцка, Дружбы, Дачнага і ў напрамку Дыліеўкі.

На Ліманскім кірунку адбылося 14 баёў. Расіяне спрабавалі прасунуцца паблізу Новага, Ямпалаўкі, а таксама ў напрамках Торскага, Грэкаўкі, Ольгаўкі, Зялёнай Даліны.

На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 12 атак у раёнах Прывольнага, Навасёлкі і Канстанцінопаля.

Па сем разоў расіяне атакавалі на Купянскім і Краматорскім кірунках, і па два — на Харкаўскім і Северскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 20 атак расіян, якія таксама нанеслі 15 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, ужыўшы пры гэтым 25 КАБ.

* * *

Уначы 19 красавіка аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійцаў на трох кірунках — паблізу населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, Разліў і Успенаўка ў Данецкай вобласці.

* * *

Паводле звестак маніторынгавага праекта DeepState, практычна ні на адным кірунку ўкраінскія вайскоўцы не адчулі так званага «велікоднага перамір'я», якое абяцалі расійцы.

У суботу кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін абвясціў «велікоднае перамір'е», якое нібыта прадугледжвае прыпыненне ўсіх баявых дзеянняў ва Украіне з 18.00 19 красавіка да 0.00 21 красавіка. Пры гэтым у Мінабароны РФ заявілі, што расіяне будуць выконваць рэжым спынення агню пры ўмове ўзаемнага спынення Кіевам.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што калі Расійская Федэрацыя гатовая да поўнай цішыні на фронце, Украіна будзе дзейнічаць люстэркава — так, як будзе з расійскага боку.

DeepState апытаў каля 50 вайскоўцаў на лініі судакранання з 18 да 22 гадзін 19 красавіка. З 12 кірункаў зацішша назіралася толькі на двух. Акрамя таго, працягнуліся авіяцыйныя ўдары, у прыватнасці, быў нанесены ўдар па Херсоне.

* * *

Расійскія войскі выкарыстоўваюць перамір'е для выведкі, заявіў увечары ў суботу, 19 красавіка, прадстаўнік АТГ «Луганск» Дзмітрый Запарожац. «Яны гэты час выкарыстоўваюць для разведвальнай дзейнасці. Цяпер у паветры ў нашай зоне сем разведвальных дронаў», — дадаў ён.

У той жа час камандзір 429 асобнага палка беспілотных сістэм «Ахілес» Юрый Федарэнка адзначыў, што расійскія войскі працягваюць весці агонь па пазіцыях УСУ на Харкаўшчыне: «Нічога не змянілася ў параўнанні з учорашнім днём».

* * *

491826122_1026560886323656_1291210375348247497_n.jpg

* * *

Абвешчанае Пуціным кароткачасовае «велікоднае перамір'е» на фоне пагроз ЗША спыніць намаганні для ўрэгулявання вайны ва Украіне стала для Крамля лёгкай дыпламатычнай перамогай, піша WSJ.

Выданне адзначае, што Пуцін заявіў пра «велікоднае перамір'е» на наступны дзень пасля таго, як адміністрацыя Дональда Трампа прыгразіла адмовіцца ад намаганняў па спыненні агню ва Украіне.

«Кароткачасовая прапанова аб спыненні агню стала лёгкай дыпламатычнай перамогай Пуціна, спробай перашкодзіць амерыканскаму боку выйсці з перамоваў і спосабам пазіцыянаваць сябе як лідара, які больш за ўсё хоча міру», — піша WSJ.

«Калі гэта толькі на вельмі кароткі перыяд часу, ён нічым не рызыкуе, але гуляе на яго карысць як чалавека, які шчыра імкнецца да міру», — сказала старшы навуковы супрацоўнік цэнтра Карнегі Расія-Еўразія Таццяна Станавая.

* * *

Расійскае абвяшчэнне «велікоднага перамір'я» было настолькі раптоўным, аднабаковым і пазбаўленым падрыхтоўкі, што наўрад ці мае рэальныя гуманітарныя мэты, мяркуе CNN, адзначаючы, што гэтая заява Крамля стала яшчэ адным доказам «дзікага цынізму» Масквы ў пытаннях міру.

Абвяшчэнне перамір'я прагучала праз некалькі гадзін пасля таго, як дзяржсакратар ЗША Марк Рубіё і прэзідэнт Дональд Трамп запатрабавалі ад Расіі «тэрміновага сігналу», што яна настроена сур'ёзна ў пытанні спынення агню. На думку заходніх назіральнікаў, менавіта гэтая заява і стала «адказам», які, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстаны Пуціным для наратыву, што нібыта менавіта Кіеў не хоча міру.

«Гэта не перамір'е, а інфармацыйная пастка, — адзначае CNN. — Складанасці ў лагістыцы, няяснасці ва ўмовах і адсутнасць каардынацыі робяць рэалізацыю практычна немагчымай і ствараюць прастору для маніпуляцый».

Украінскія вайскоўцы, напрыклад, не могуць імгненна спыніць агонь — асабліва на ўчастках фронту, дзе працягваюцца інтэнсіўныя баі. Адсутнасць сумеснага ўзгаднення выкліча блытаніну: як фіксаваць парушэнні, як рэагаваць на правакацыі і як разумець заканчэнне «перамір'я».

CNN нагадвае, што Крэмль ужо звяртаўся да падобнай практыкі — у студзені 2023 года Масква аднабакова абвясціла «каляднае перамір'е», якое Кіеў і Захад расцанілі як спробу выйграць час для перагрупоўкі. Цяпер — Вялікдзень, і зноў аднабаковае абвяшчэнне без абмеркаванняў, без канкрэтыкі і без гарантыі спынення агню.

* * *

Заява Пуціна аб 30-гадзінным «велікодным перамір'і» на фронце ў Брусэлі была ўспрынятая асцярожна. «Расія мае рэпутацыю агрэсара, таму спачатку мы павінны ўбачыць рэальнае спыненне агрэсіі і выразныя дзеянні для забеспячэння працяглага спынення агню», — заявіла Reuters галоўная прадстаўніца Еўрапейскай камісіі ў пытаннях замежных спраў і бяспекі Аніта Гіпер.

Яна дадала, што прайшло больш за месяц з таго часу, як Украіна пагадзілася на безумоўнае спыненне агню. «Расія можа спыніць гэтую вайну ў любы момант, калі яна сапраўды гэтага хоча», — падкрэсліла прадстаўніца ЕК. Яна таксама дадала, што ЕС працягвае падтрымліваць Украіну ў дасягненні працяглага, справядлівага і ўсёабдымнага міру.

* * *

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны Кіт Келаг анансаваў новыя перамовы ў Лондане для дасягнення перамір'я ва Украіне. Пра гэта ён сказаў у суботу, 19 красавіка, у эфіры Fox News. «Мы казалі, каб рухацца наперад з патэнцыйным перамір'ем у кароткатэрміновай перспектыве. Менавіта таму мы вяртаемся ў Лондан на гэтым тыдні, каб гэта сапраўды замацаваць», — сказаў Келаг.

«Адно, што я заўважыў у прэзідэнта Трампа калі быў з ім раней, гэта не стварайце яму праблем, калі ў вас няма рашэнняў. І я думаю, у нас ёсць дастаткова добрае рашэнне», — падкрэсліў спецпрадстаўнік.

Паводле яго слоў, пагадненне па мінералах, якое ЗША заключылі з Украінай — адно з іх. «Таксама рухаемся да ўсёабдымнага спынення агню. Калі я кажу пра ўсёабдымнае спыненне агню, я маю на ўвазе мора, паветра, зямлю, прамысловасць, а таксама на перыяд не менш за 30 дзён. А потым гэта пераходзіць да больш доўгатэрміновага пагаднення аб міры, і таксама да пастаяннага мірнага дагавора. І я думаю, мы на добрым шляху», — дадаў Келаг.