Якім Украіна бачыць мір з Расіяй і ці магчымыя цяпер перамовы з РФ?
Уладзімір Зяленскі заявіў пра магчымасць мірных перамоваў з Расіяй і пра тое, ці можа Украіна прайграць у вайне: «Калі мы будзем ахвярамі, то мы будзем не апошнімі».
Украіне для заканчэння гарачай стадыі вайны неабходна аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці, правоў і свабод грамадзян, патлумачыў украінскі прэзідэнт.
Цяперашняя вайна ва Украіне скончыцца мірам, але не такім, як яго ўяўляе Расія. Пра гэта сказаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў звароце да студэнтаў Мексікі, паведаміла прэс-служба ўкраінскага лідара ў чацвер, 9 лістапада.
«Усё скончыцца мірам, але не нашым мірам з Расіяй — яна проста яго не хоча. Яна ўяўляе мір па-свойму. А мы ўяўляем яго як незалежную, свабодную, еўрапейскую дзяржаву. Таму толькі аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці, аднаўленне правоў і свабод людзей, аднаўленне суверэнітэту — гэта галоўныя прынцыпы заканчэння гэтай гарачай стадыі вайны, а затым — аднаўленне справядлівасці», — заявіў ён.
Уладзімір Зяленскі чарговы раз падкрэсліў, што Украіна не пойдзе на саступкі. Пры гэтым ён не запярэчыў, што такія прапановы гучаць.
«Ёсць такія галасы, ёсць такія прапановы. Але гэты звер на гэтым не спыніцца. Таму што яго палітыка нічым не адрозніваецца ад палітыкі пражэрлівага нацызму. Таму мы павінны змагацца. Таму людзі ў свеце павінны ўсведамляць: калі мы будзем ахвярамі, то мы будзем не апошнімі», — падкрэсліў прэзідэнт.
Зяленскі адзначыў, што сёння немагчыма казаць пра якія-небудзь стасункі з Расіяй. Гэтае пытанне варта аддаць на меркаванне будучых пакаленняў.
«Гэта будзе залежаць ад таго, як Расія скончыць гэтую вайну. Ці выйдзе яна з нашай тэрыторыі самастойна, ці будуць гатовыя іх пакаленні прасіць прабачэння, ці будзе адноўленая справядлівасць праз прысуды суда», — адзначыў Зяленскі.
Як пісаў «НЧ», сёння ж досыць жорстка пра тое, што перамовы з РФ не маюць сэнсу, заявіў і Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба, які адзначыў, што згода на перамовы з Расіяй стане чарговай пасткай для Украіны, якая дазволіць Уладзіміру Пуціну адпачыць перад чарговым «раўндам» агрэсіі. На думку Кулебы, тыя, хто сцвярджаюць, што Украіне цяпер варта весці перамовы з Расіяй, або «неінфармаваныя, або ўведзеныя ў зман, становяцца на бок Расіі і хочуць, каб Пуцін зрабіў паўзу перад яшчэ большай агрэсіяй». Кулеба прыгадаў Мінскія пагадненні 2014-2015 гадоў: «Ні адзін з 200 раўндаў перамоў або 20 пагадненняў аб спыненні агню не перашкодзілі Пуціну пачаць жорсткае поўнамаштабнае ўварванне 24 лютага 2022 года».
Нагадаем, тэлеканал NBC News са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў паведаміў, што нібыта ЗША і ЕС пачалі непублічна абмяркоўваць з Украінай пытанне аб магчымых мірных перамовах з Расіяй. Адно з такіх «далікатных» абмеркаванняў нібыта адбылося ў мінулым месяцы на пасяджэнні кантактнай групы па абароне Украіны ў фармаце Рамштайн, кажуць крыніцы.
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі зняпраўдзіў гэтыя звесткі і заявіў, што Украіна не будзе весці перамоваў з Расіяй.
Паводле korrespondent.net