Юлія Латыніна: Расіяй кіруе секта, а Пуцін імкнецца да хамасізацыі краіны

«Гэта вайна за мэты каменнага стагоддзя», — заявіла вядомая публіцыстка Юлія Латыніна ў эфіры «Хадаркоўскі Live», ацэньваючы дзеянні расійскіх войск і мэты расійскага кіраўніцтва ў вайне ва Украіне.

97541515.jpg


— Самае дзіўнае ў ёй — сутыкненне жорсткай іерархічнай арміі, якая пабудавана на сталінскіх прынцыпах: масіраванага агнявога вала і невымернага марнавання людзей, з арміяй Украіны, якая за восем гадоў паспела перабудавацца на сеткавацэнтрычных прынцыпах: максімальнай і асабістай ініцыятывы.

І цяпер мы бачым, што з гэтым прынцыпам выдатна спалучаецца прымяненне заходняй зброі.

У пачатку вайны мяне ўразіла ўкраінская сістэма «крапівы». Гэта калі ў вас ёсць старая савецкая артылерыя, якая б'е па плошчах. Да гэтай сістэмы прывязваецца самы звычайны цывільны беспілотнік, рацыя і планшэт. На ўсім гэтым усталяваная праграма, якая інтэгруе і накіроўвае агонь артылерыі такім спосабам, што снарадаў затрачваецца роўна ў 20 разоў менш. Нават пры тым, што вы працуеце са старой савецкай тэхнікай.

На першым этапе вайны гэтая сістэма нанесла найбольшую шкоду расійскім войскам.

Публіцыстка таксама мяркуе, што Пуцін у значнай ступені пераймае ісламістаў: у сваіх звычках, прапагандзе і мэтах.

— Сапраўды, гэтак жа, як ісламісты хочуць пабудаваць «скрэпаносны» Каменны век на тэрыторыі, якую яны хочуць кантраляваць, так і Пуцін хоча яго пабудаваць: ён хоча дамагчыся хамасізацыі Расіі.

Латыніна таксама адзначыла: Еўропа выдатна ўсведамляе небяспеку Пуціна. Іншая справа, што большасць краін ЕС не хочуць дастаўляць занадта вялікі дыскамфорт сваім грамадзянам.

— Акрамя Еўропы ці ЗША — гэта галоўнае, бо менавіта яны забяспечваюць украінскую армію зброяй, якая абсалютна неабходна для перамогі, — ёсць Вялікабрытанія, якая вельмі няўдала для Пуціна выйшла з ЕС. Залежнасць Еўропы ад расійскага газу будзе слабець.

Дарэчы, да гэтага ўсе намаганні прыкладае і сам Пуцін: адкрыў газавы фронт, і калі хтосьці думаў, што Пуцін з'яўляецца надзейным пастаўшчыком і з ім можна дамовіцца, то ён раз за разам дэманструе, што ён не надзейны пастаўшчык, а тэрарыст, які ўзяў Еўропу ў закладнікі.

Я спадзяюся, што Захад апамятаецца, і паколькі ён мае магчымасць поўнага трыумфу над Пуціным з дапамогай высокатэхналагічных відаў узбраення, то Захад пачне рабіць такія віды ўзбраення, якія дазволяць нівеліраваць любыя перавагі Пуціна, у тым ліку ядзерны патэнцыял Расіі. Не трэба забываць, што Захад у значнай ступені спыніў вайсковае развіццё, і адна з прычын, чаму цяпер тая ж самая Нямеччына не дае Украіне зброі, заключаецца ў тым, што гэтай зброі ў яе не так шмат.

Публіцыстка таксама мяркуе, што цяпер Расіяй кіруе секта, і ў яе цяпер ёсць тры сімвалы веры.

— Першы — усіх украінцаў трэба вынішчыць як нацыю, другі — кожны, хто кажа, што мы збіраемся забіваць украінцаў — гэта нягоднік, які не любіць Расію, трэці — хто не верыць адначасова ў першае і другое — вораг Расіі і замежны агент.

Паводле Салідарнасці, пераклад НЧ.