Каталонская імперыя
Нават магчымае абвяшчэнне незалежнасці Каталоніі не здыме каталонскае пытанне з павесткі дня, паколькі каталонцы маюць сур’ёзныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да краін-суседак.
Той, хто бачыў па каталонскіх публічных каналах мясцовы прагноз надвор’я, дакладна адзначыў парадаксальную на першы погляд акалічнасць. Распавядаючы пра рознага кшталту цыклоны і атмасферныя ціскі, метэаролаг водзіць указкай не толькі па мапе Каталоніі, аднак і па суседніх рэгіёнах — Валенсіі, Балеарскіх астравах, поўдні Францыі… Справа ў тым, што ў каталонскім грамадстве папулярныя забабоны, што гэтыя землі, а таксама Андора і горад Альгера, што ў італьянскай Сардзініі, належаць да так званай «comunidad catalánica» (каталонская супольнасць), якая несправядліва была падзеленая паміж Парыжам, Рымам і Мадрыдам.
«Імперская» каталонская канцэпцыя, або pancatalanismo, нарадзілася напрыканцы ХІХ стагоддзя і будавалася на тэзісе пра тое, што ўсе, хто размаўляе па-каталонску, маюць каталонскую нацыянальную ідэнтычнасць і, адпаведна, павінны быць складнікамі аднаго дзяржаўнага фармавання Países Catalanes. Прыкладнымі межамі гэтай дзяржавы лічыліся кардоны сярэднявечнага Арагонскага Каралеўства, якое на этапе росквіту ўключала Сіцылію, Корсіку, Неапаль і г.д. Каталонскія патрыёты лічаць тую эпоху залатым часам сваёй гісторыі, хаця каталонская мова, хоць і была сапраўды вельмі распаўсюджанай, не мела статусу дзяржаўнай. Справаводства ў каралеўстве вялося на лацінскай або на іспанскай мовах.
Формула pancatalanismo была прыдуманая ў час, калі нацыяналісты па ўсёй Еўропе, як правіла, былі рамантыкамі. Наступная генерацыя нацыяналістаў стала больш прагматычнай і геапалітычнымі пражэктамі такога кшталту мала цікавілася. Прынамсі, калі Каталонія атрымала аўтаномію ў рамках Іспанскай Рэспублікі. Генералітэт (Generalitat — так называюць каталонскі ўрад) яе межы ніколі не аспрэчваў.
Канцэпцыя Вялікай Каталоніі адрадзілася ў 1960-я гады і дасягнула зеніту сваёй папулярнасці ў 1970-я, калі фінал дыктатуры Франка быў відавочны. Каталонская апазіцыя, рыхтуючыся да глабальных перамен, сфармулявала праграму: дамагацца не толькі рэстаўрацыі аўтаноміі Каталоніі, аднак максімальна пашырыць у рэгіёнах, якія ўваходзяць у зону comunidad catalánica, тэорыю Países Catalanes. У 1977 годзе ў рэзалюцыі Кангрэс каталонскай культуры заклікаў да барацьбы за Países Catalanes, якім даў наступную дэфініцыю — «культурная супольнасць, што развівалася на працягу тысячы гадоў і стварыла гамагенную базу для жадання сумеснага жыцця ў будучым».
Задуманае на тым кангрэсе ўдалося рэалізаваць часткова. Пры Generalitat даўно існуе дэпартамент, які працуе з суайчыннікамі і займаецца папулярызацыя каталонскай культуры ў арэале Países Catalanes. На цяперашні дзень практычна ва ўсіх рэгіёнах патэнцыяльнай Países Catalanes каталонская мова прызнаная як афіцыйная. Аднак з палітычнымі патрабаваннямі гэта не рэзаніруе.
Сёння пункт пра неабходнасць рэвізіі межаў Каталоніі можна знайсці ў палітычных праграмах некаторых каталонскіх партый. Найбольш буйная з іх — Рэспубліканская Левая Каталоніі (ERC), якая мае другую па колькасці фракцыю ў рэгіянальным парламенце. Па-за межамі Каталоніі за стварэнне Países Catalanes выступае Сацыялістычная партыя Мальёркі (PSM), якая да 2011 года ўваходзіла ў склад ураду Балеарскіх астравоў. Праўда, гэта хутчэй выключэнне з правіл. На апошніх выбарах у той частцы Францыі, дзе кампактна пражываюць каталонцы, пракаталонская партыя атрымала 93 галасы.
Зразумела, што не ўсе жыхары рэгіёнаў, якія ўключылі ў склад Países Catalanes, у захапленні ад такой перспектывы. Перш за ўсё, гаворка пра тых грамадзян, якія па розных прычынах не жадаюць распаду Іспаніі. Да таго ж у самой Іспаніі існуе цэлая плеяда публіцыстаў і гісторыкаў, якія актыўна змагаюцца супраць догматаў pancatalanismo. Напрыклад, атакуюць міф пра каталонскі нацыянальна-культурны складнік Арагонскага Каралеўства, звяртаючы ўвагу на тое, што Каталонія ў складзе гэтай дзяржавы першапачаткова называлася «Іспанская марка».
Можна пагадзіцца з адным з мадрыдскіх журналістаў, які сцвярджае, што «праект рancatalanismo мала адпавядае рэальнасці, сацыяльным запытам і інтарэсам лакальных элітаў па-за межамі Каталоніі».
Аднак ёсць іншы бок. Рancatalanismo выклікаў цікавыя рухі ў краях, на які паклалі вока яго адэпты. Адчуваючы комплекс непаўнавартаснасці перад каталонцамі, тубыльцы пачыналі працэс будаўніцтва сваёй ідэнтычнасці.
Так, у суседняй камуне Валенсія менавіта праз нежаданне падпарадкавацца Барселоне ўзнік феномен blaverismo (назва руху паходзіць ад блакітнага колеру аднаго з гістарычных сцягоў правінцыі, на мове тубыльцаў «blava»). Блакітны сцяг тутэйшыя разглядалі як альтэрнатыву сцягу Валенсіі, пабудаванаму на аснове дызайну каталонскага сцяга.
Blaverismo нарадзіўся падчас пераходу Іспаніі да дэмакратыі менавіта як рэакцыя на экспансію панкаталонскіх канцэпцый. У адказ частка мясцовай левай інтэлігенцыі мабілізавалася супраць уключэння ў сферу ўплыву Каталоніі — выступілі за прызнанне валенсійскага дыялекту асобнай мовай (гэтая кампанія атрымала назву «Моўная вайна»). Яны разгарнулі дэбаты вакол мясцовай сімволікі, патрабавалі стварэння паўнавартаснай аўтаноміі Валенсійскі край (па цяперашняй канстытуцыі, рэгіён мае статус камуны). У 1977 годзе нават была створаная тэрарыстычная «Група валенсійскага дзеяння» (GAV), якая пагражала тым, хто занадта горача прапагандуе ідэю інкарпарацыі Валенсіі ў склад Вялікай Каталоніі.
Нягледзячы на невялікі актыў, аматары blaverismo дабіліся шмат чаго: пачынаючы рэформай геральдыкі па сваіх эскізах і заканчваючы абвяшчэннем у 2005 годзе валенсійскага дыялекту асобнай мовай.
Праўда, канчаткова перамагчы ў культурнай вайне ім не ўдалося. Валенсійскі нацыяналізм разглядае сябе хутчэй як рэгіянальны (foralismo), а не незалежніцкі рух. Прынамсі, з такіх пазіцый выступае самая буйная мясцовая партыя «Валенсійскі саюз», які мае каля 10 працэнтаў у парламенце камуны. З іншага боку, у цяперашняй дыскусіі вакол неабходнасці пашырэння правоў камун і аўтаномій, некаторыя секцыі «Валенсійскага саюзу» ўпершыню выступілі за ператварэнне Іспаніі ў федэрацыю і наданне Валенсіі статусу суб’екта, роўнага з іншымі. Як бачым, рancatalanismo стаў імпульсам станаўлення новых этнасаў і, адпаведна, новых сепаратысцкіх рухаў, што фактычна на руку каталонскім незалежнікам.
Акрамя таго, запланаванае абвяшчэнне незалежнасці Каталоніі ў 2014 годзе можа рэанімаваць пакуль віртуальны праект Вялікай Каталоніі. Так, выданне «Financial Times» прагназуе, што незалежная Каталонія можа стаць самай заможнай краінай Паўднёвай Еўропы, што, відавочна, будзе спрыяць выбуху пачуцця каталонскай самасвядомасці ў рэгіёнах, якія адносяцца да Países Catalanes.