Кіяўляне абралі новыя назвы для станцый метро «Брэсцкая» і «Мінская»
Кіеўскі метрапалітэн падвёў вынікі рэйтынгавага галасавання за новыя назвы станцый, якія вырашылі перайменаваць пасля нападу Расіі на Украіну. Усяго плануецца змяніць назвы пяці станцый.
У бліжэйшы час будзе падрыхтаваны праект рашэння, які вынесуць на пасяджэнне Кіеўскай гарадской рады. Дэпутаты павінны будуць зацвердзіць новыя назвы, адзначае REFORM.by.
Па выніках галасавання:
- станцыя «Брэсцкая» стане «Бучанскай»,
- «Мінская» — «Варшаўскай»,
- «Плошча Льва Талстога — «Васіля Стуса»,
- «Герояў Дняпра» — «Герояў Украіны»,
- «Дружбы народаў» — «Батанічнай».
Трэба адзначыць, што сярод варыянтаў галасавання для «Брэсцкай» і «Мінскай» станцый таксама быў варыянт захаваць ранейшую назву.