Краіны Еўропы высылаюць больш за 300 дыпламатаў РФ

Краіны Еўропы выслалі 318 дыпламатаў Расіі. Іх масава абвяшчаюць персонамі нон грата, паведамляе korrespondent.net.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Вялікія дыпламатычныя бітвы працягваюцца, адзначылі ва ўкраінскім знешнепалітычным ведамстве. Паводле стану на вечар серады, 6 красавіка, 18 краін абвясцілі пра высылку сотняў расійскіх дыпламатаў. Такія даныя агучыў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба па выніках 42 дні вайны на дыпламатычным фронце.

«18 краін (ЕС, Польшча, Румынія, Славенія, Грэцыя, Партугалія, Эстонія, Латвія, Чэхія, Нідэрланды, Бельгія, Ірландыя, Македонія, Люксембург, Італія, Германія, Францыя, Швецыя, Данія) разам выгналі 318 (!) расійскіх "дыпламатаў"», — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым кіраўнік МЗС адзначыў, што дыпламатычныя бітвы працягваюцца: бітвы за поўнае нафтавае, газавае і вугальнае эмбарга, за закрыццё сусветных партоў для ўсіх расійскіх караблёў і тавараў, за адключэнне ўсіх расійскіх банкаў ад SWIFT.

«Асобная барацьба — гэта блакаванне шляхоў абыходу санкцый і недапушчэнне неабгрунтаваных выключэнняў з ужо ўжытых санкцый», — падкрэсліў міністр.

Напярэдадні ўвечары стала вядома, што Харватыя таксама высылае частку дыпламатычнай місіі Расіі ў Заграбе ў адказ на тое, што адбываецца ва Украіне.