Макрон просіць не абражаць Пуціна, бо «працягвае з ім дыскутаваць»
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон не лічыць прадуктыўнай ва ўмовах вайны ва Украіне любую эскалацыю ў адносінах з Расіяй, у тым ліку ў плане рыторыкі.
«Я б не стаў ужываць такога роду выразы, таму што працягваю дыскутаваць з прэзідэнтам Пуціным», — сказаў ён, каментуючы ў эфіры тэлеканала France 3 жорсткія заявы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна на адрас Уладзіміра Пуціна.
«Мы, еўрапейцы, не павінны паддавацца любой эскалацыі. Мы, еўрапейцы, не павінны забываць нашу геаграфію і нашу гісторыю. Мы не вядзем вайну супраць расійскага народа», — адзначыў Макрон.
Макрон паведаміў пры гэтым, што ў панядзелак альбо ў аўторак ён плануе гаварыць з Пуціным аб арганізацыі эвакуацыі жыхароў Марыупаля.
Нагадаем, што Джо Байдэн, характарызуючы Пуціна на сустрэчы з уцекачамі з Украіны, назваў расійскага кіраўніка ваенным злачынцам і «мясніком».