Мэр Херсона Ігар Калыхаеў просіць СМІ дапамагчы атрымаць «зялёны калідор»
Мэр Херсона Ігар Калыхаеў у Facebook звярнуўся да СМІ з просьбай дапамагчы атрымаць «зялёны калідор» для вывазу параненых і забітых, правозу ў горад медыкаментаў і прадуктаў харчавання.

«Да ўвагі ўсіх СМІ — херсонскіх, абласных, усеўкраінскіх, сусветных! Усіх журналістаў, якія мяне ведаюць, якія любяць Херсон, хварэюць за яго лёс, прашу скарыстацца сілай сваёй чацвёртай улады і дапамагчы нам атрымаць “зялёны калідор” для вывазу параненых і забітых, правозу ў горад медыкаментаў і прадуктаў харчавання. Без усяго гэтага горад загіне!», — напісаў ён.
«Я разлічваю на сяброўскі ўдзел журналістаў і іх сувязі не толькі з украінскімі, але і сусветнымі палітыкамі. Дапамажыце Херсону атрымаць магчымасць выратаваць сваіх жыхароў ад гуманітарнай катастрофы, якая насоўваецца!», — заявіў Калыхаеў.
Па апошніх дадзеных, горад аточаны ворагам. Ноччу было чуваць шмат стрэлаў, выбухаў, гарэў будынак СБУ. Таксама акупанты здзейснілі марадзёрства ў многіх аптэках і крамах.
Адпор ажыццяўляецца сіламі тэрабароны.